Вясновыя радасці лесу - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вясновыя радасці лесу
Вясновыя радасці лесу
Аднойчы вясновай парой сустрэліся ў лесе дзве птушкі – Чорны Дрозд і Салавей.      – Прывітанне, стары сябар! – свіснуў Салавей.
     – Добрай раніцы, прыяцель! – адклікнуўся Чорны Дрозд.
     Паглядзелі птушкі адзін на аднаго, крылцамі махнулі і паляцелі дадому – кожны па сваіх справах. Увесну ў птушак ох, як шмат клопатаў! Трэба дубчыкаў і сухіх травінак нацягаць, каб абнавіць старое гняздо або новае пабудаваць.
     Вось і Салавей з Чорным Драздом стараліся. Уцяплялі старыя гнёзды, рыхтаваліся стаць татамі маленькіх птушанят. У Дразда гняздо было на высокай бярозе каля ляснога ручайка, а ў Салаўя – у пухнатых яловых зарасніках.
     Неўзабаве клопаты птушак увянчаліся поспехам. У гняздзечках нарадзіліся птушаняты. Колькі радасці было ў бацькоў! Мамы засцерагалі малечу, а таты насілі корм: жучкоў, вусеняў, мошак.
     Але без звонкіх песень птушкам ніяк не абысціся. Да спадобы ім спяваць і ўвесь лес весяліць. Чорны Дрозд і Салавей – птушкі знакамітыя. Іх песні любяць слухаць усе лясныя насельнікі, яны па галасах даведаюцца, якая птушка спявае. Галасы Чорнага Дразда і Салаўя ні з кім не зблытаеш, яны – сапраўдныя оперныя спевакі лесу...
     – Чуеце, гэта наш Салавей пошчакі выводзіць, – растлумачыла Вавёрачка сваім дзеткам – ваверчанятам, выглядваючы з дупла хвоі.
     "Як хораша Чорны Дрозд спявае, так пяшчотна і сумна", – падумаў Заяц-русак, прабягаючы міма высокай бярозы. Кажушок на ім быў ужо не белы зімовы, а шэранькі вясновы.
     А самі лясныя птушкі каго любяць, пра каго кажуць з павагай?
     Неяк у канцы вясны сустрэліся зноў у лесе Салавей з Чорным Драздом.
     – Чуў я тваю песню, добрая яна! – пахваліў Салавей Чорнага Дразда. – Скажы, хто цябе натхняе так хораша спяваць?
     – Мая белая Бяроза. Яна, прыгажуня, цяпер у светла-зялёную вясновую сукенку апранута, тонкімі галінкамі трапеча, нібы нявеста на выданні, – адказаў Дрозд. – А ты, Салавей, для каго свае цудоўныя пошчакі заводзіш, каму жадаеш радасць падарыць? – спытаў ён у сябра.
     – Я? Сваёй Ялінцы, вядома!
     – Ялінцы? Ды чым жа цябе паланіла гэтае калючае дрэва? – здзівіўся Чорны Дрозд.
     – І ніколькі не калючае, – адказаў Салавей. – Мая Ялінка цяпер падобная на прынцэсу з казкі, толькі не з зімовай, а з вясновай. Ёй Вясна падарыла выдатныя аздабленні.
     – Якія? – не зразумеў Дрозд.
     – Новыя зялёныя парасткі. Яны яшчэ толькі нараджаюцца на канцах пухнатых галінак Ялінкі са светла-карычневых покавак. Цяпер покаўкі падобныя на яркія свечачкі і ззяюць, нібы сапраўдныя гірлянды на вечна-зялёнай сукенцы прыгажуні Ялінкі.
     Пагаварыўшы так, сябры паляцелі, каб цешыцца і захапляцца, гледзячы на вясновую прыгажосць сваіх любых дрэў – Ялінкі і Бярозы.
     
     Колькі цудаў у вясновым лесе! Прыходзьце ў лес і самі пераканаецеся ў гэтым.
     
      Гэтая казка на рускай мове
22.05.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100