Прагулка з дзядулем у стары парк Перамогі ў Мінску - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Прагулка з дзядулем у стары парк Перамогі ў Мінску
Прагулка з дзядулем у стары парк Перамогі ў Мінску
Сёлета вясна не песціць цяплом, – сказаў дзядуля Міця сваёй унучцы Дыяне.      Яна, засцягнуўшы маланку на цёплай куртачцы і зашнураваўшы красоўкі, стаяла ў пярэднім пакоі, чакаючы яго. А ён, седзячы на крэсле, насілу нацягваў боты на хворыя ногі.
     – Давай я табе дапамагу, – прапанавала дзяўчынка.
     – Не трэба, я ўжо абуўся, – адказаў дзед, падымаючыся з крэсла. – Пойдзем, унучка, пагуляем па парку.
     Дзядуля Міця насамрэч быў для Дзіны не дзядулем, а прадзядулем. Яму нядаўна споўнілася дзевяноста гадоў. Дзяўчынка нават не магла ўявіць сабе наколькі яе дзед быў старым. І таму яна не думала пра гэта. Дзіна проста вельмі любіла дзядулю, і як толькі ў яе з'яўляўся вольны час, вадзіла яго на шпацыр у свой любімы парк Перамогі.
     Гэты парк быў такім жа любімым і для дзеда. Ён не раз распавядаў унучцы, што перад вайной хлапчуком бегаў глядзець, як актыўныя маладыя рабяты горада Мінска працавалі тут па вечарах пасля працы і ў выхадныя дні. Яны казалі, што ствараюць гарадскую зону адпачынку – возера і парк. Экскаватараў і бульдозераў тады не было, таму возера капалі ўручную. Да лета ўсё было гатова. Але раптоўна на ўсіх звалілася страшэнная бяда, яна не дала гараджанам магчымасці пагуляць на свяце з нагоды ўрачыстага адкрыцця Камсамольскага возера. У тую нядзелю пачалася вайна.
     – Гэта здарылася 22 чэрвеня 1941 года? – спытала Дзіна, хоць выдатна ўсё ведала сама.
     – Так, – са смуткам у голасе адказаў дзядуля і махнуў рукой.
     Нарэшце, сабраўшыся, яны выйшлі з дома і накіраваліся ў бок парку. Каля пераходу дзяўчынка спынілася, прытрымваючы свайго дзеда за рукаў. Ён стаяў, абапёршыся на палку, і ва ўсім давяраў дзесяцігадовай унучцы. "Яна лепш бачыць, мне зручна хадзіць з ёй", – думаў ён пра сябе.
     Там, на іншым боку праспекта Пераможцаў, віднеліся дрэвы і кусты, адышоўшыя ад зімовай спячкі. Як прыемна старому было пабачыць, што іх галінкі ўжо ўпрыгожылі маленькія светла-зялёныя лісточкі. Усе апошнія гады яму вельмі падабаліся прагулкі ў стары парк. Ён быццам маладзеў на вачах, гуляючы па зялёных алеях парку, атрымліваючы асалоду ад яго прыгажосці і гледзячы ва ўсмешлівыя твары маладых людзей.
     Аднойчы разам з Дзінай і старэйшым унукам Максімам ён хадзіў у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пабудаваным у канцы парку Перамогі каля стэлы "Мінск – горад-герой". Гэта стэла з'явілася тут у 1985 годзе да саракагоддзя вызвалення Савецкага Саюза ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А новы будынак музея адкрылі 2 ліпеня 1914 года. Сам стары і яго ўнукі яшчэ доўга абмяркоўвалі гэты паход у музей і дзяліліся адно з адным незабыўнымі ўражаннямі ад убачанага. Колькі маладых лёсаў скалечыла жудасная вайна, колькі гора прынесла яна нашай краіне!
     – Вы, маладыя, вам жыць, а я ўжо пражыў на свеце шмат гадоў, перажыў вайну і такога страху, такой бяды больш не жадаю бачыць на нашай зямлі. Дай нам Бог, каб яна больш не ступала на наш парог! – з болем у сэрцы не раз паўтараў дзядуля Міця.
     Перайшоўшы праз дарогу, Дзіна падвяла старога да возера. А там вясна, чайкі крычаць пра штосьці на сваёй птушынай мове.
     – Прыляцелі, галубкі, значыць, вясна ўстаіцца, халады нарэшце сыдуць, – усміхнуўся дзед, гледзячы на птушак.
     А Дзіна загледзелася на качак, што выляталі з вады на бераг і беглі да яе ў надзеі атрымаць пачастунак.
     – Няма ў мяне нічога, – засмяялася дзяўчынка, – шукайце рыбку ў вадзе. Пойдзем, дзядуля, далей, да нашых ялінак.
     На пагорку пухнатыя прыгажуні-елкі выстраіліся радком, абкружыўшы дзіцячую пляцоўку. Там гулялі малышы, а мамы побач назіралі за імі. Падышоўшы бліжэй, Дзіна тут жа пабегла да арэляў, а дзед усеўся на лаўку. Ён накіраваў свой позірк на возера. Яно калыхала цёмна-сінімі хвалямі, якія не так даўно вызваліліся ад лёду і паступова адаграваліся пад цёплымі прамянямі вясновага сонца. Дзве бярозы раслі ля самага берага і ўжо паспелі ўпрыгожыць свае доўгія тонкія галінкі маленькімі далікатна-зялёнымі лісточкамі.
     – Дзеда! Там столькі дрэў пасадзілі, пойдзем, паглядзім! – крыкнула Дзіна, падбегшы да старога.
     – Дзе?
     – Ды вунь там, дзе расла тая старая ліпа.
     – Ліпа?
     Стары цяжка падняўся, накіроўваючыся ўслед за ўнучкай…
     Ох, гэта бедная ліпа! Як любіў яе дзед Зміцер, як абдымаў, як размаўляў з ёй! Гэтай бабульцы было гадоў за дзвесце, і як яна знікла з парку? Хто яе спілаваў, а можа яна сама звалілася з-за навальніцы? Вось толькі гэта засталося для старога загадкай. Аднойчы позняй восенню ён прыйшоў у парк і не знайшоў яе. Нават пня на месцы, дзе расло дрэва, не засталося. "Відаць, яна была вельмі старой і хворай, таму яе знішчылі", – падумаў тады ён. Але боль і горыч ад страты, жалоба па любаму дрэву яшчэ вельмі доўга не сыходзіла з яго сэрца.
     – Так дзе ж маладыя дрэвы? – спытаў ён ва ўнучкі.
     – Ды вось жа яны, бачыш!
     І сапраўды, побач з тым месцам, дзе калісьці расло старое дрэва, хтосьці пасадзіў маладыя дрэўцы. Іх было шмат, сто саджанцаў.
     – Яблыневы сад закладзены ў гонар 100-годдзя ВЛКСМ у кастрычніку 2018 года, – прачытала Дзіна на таблічцы, прыбітай да вялікага валуна. – Бачыш, дзядуля, тут вырасце яблыневы сад!
     – Гэта добра, гадоў праз дзесяць ты будзеш любавацца на квітнеючы сад, – сказаў стары.
     – Абавязкова буду! – пацвердзіла дзяўчынка. – Я б таксама пасадзіла тут што-небудзь, – дадала яна. – Але як гэта зрабіць, бо трэба ў кагосьці прасіць дазволу, праўда?
     – А ты прапануй настаўніцы такую ідэю, яна і даведаецца, да каго трэба звяртацца.
     – Правільна, дзядуля. Так і зраблю. А яшчэ спытаю, ці можна пасадзіць дрэўца каля школы.
     – А ты будзеш даглядаць іх?
     – Абавязкова! – падскочыла ад радасці дзяўчынка.
     Яшчэ з гадзіну пагуляўшы па парку, дзед з унучкай вярнуліся дадому. Гэтая прагулка прынесла радасць і задавальненне не толькі дзеду Зміцеру. Яго маленькая ўнучка Дыяна загарэлася жаданнем здзейсніць добры і вельмі патрэбны ёй самой учынак. Яна захацела пасадзіць сваё дрэўца на роднай зямлі. І яе мара абавязкова вельмі хутка здзейсніцца.
     
      Гэтая казка на рускай мове
12.05.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100