Калі б я мог (прытча) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Калі б я мог (прытча)
Калі б я мог (прытча)
У пакоі ля самага акна ляжаў стары. А за акном красавалася лета, цёплы ветрык залятаў у фортачку і абдзімаў яго твар. Адчуваючы гэтае далікатнае дакрананне, стары ўспамінаў такую ж пяшчоту, якую ён зведваў калісьці даўно ад цёплых галубіных лапак, калі карміў птушак з рукі.      Усё жыццё ён зайздросціў птушкам і дрэвам. Птушкі лётаюць у небе, глядзяць з вышыні на зямныя абшары і песцяцца ад ласкі цёплага ветрыка. Дрэвы растуць на зямлі. Яны адчуваюць зямлю нават самым тоненькім сваім карэньчыкам, неба ж – кожным, нават самым маленькім лісцікам. І дрэвам і птушкам нічога больш не трэба для жыцця – абы былі божыя неба і зямля.
     Стары пражыў доўгае цікавае і насычанае рознымі падзеямі жыццё. Але старасць бярэ сваё. І вось ужо некалькі гадоў ён ні разу не змог выйсці з хаты. Уся яго радасць цяпер – у адчуванні бурлівага жыцця за акном яго ціхай кватэры, якое ні на секунду не спыняецца.
     Кожны дзень з вясны да восені стары чуў шум лістоты магутных стогадовых дрэў, якія раслі пад яго акном, і галасы птушак, што гнездаваліся на разгалістых галінах гэтых дрэў. Ён узгадваў сябе маладым, тыя далёкія шчаслівыя гады свайго жыцця, калі ён іграў на флейце і кларнеце, успамінаў рэпетыцыі, канцэрты, сваіх сяброў музыкантаў. Цяпер жа крыніцай яго радасці і натхнення былі дрэвы і птушкі, якія жылі побач з ім.
     Але нечакана звалілася бяда. Увосень прыйшлі нейкія людзі і спілавалі разгалістыя галіны магутных таполяў, якія раслі пад акном яго хаты. Не, дрэвы не загінулі, зямля і неба не дапусцілі гэтага. Зямля дала сілу караням саслабелых дрэў, і на абрэзаных галінах увесну зазелянелі маладыя лісточкі. Выжыла і двухсотгадовая таполя, якая расла побач з акном старога. Але птушкі цяпер не моглі звіць гняздо на спілаваных галінах…
     "Будзем чакаць, – разважыў стары, прыслухоўваючыся да слабога шолаху маладой лістоты. – Дасць Бог, таполя адужэе, і ў яе зноў адрастуць доўгія галіны. І тады на іх увесну птушкі зноў саўюць свае гнёзды".
     
      Гэты аповед на рускай мове
30.03.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100