Гадзіннік з зязюляю і стрэлачнік (аповед з казкай) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Гадзіннік з зязюляю і стрэлачнік (аповед з казкай)
Гадзіннік з зязюляю і стрэлачнік (аповед з казкай)
Кожнае дзіця ведае, што такое чыгунка. Калі ён яшчэ ні разу не ездзіў на сапраўдным цягніку, то, напэўна, бачыў яго на малюнку альбо фатаграфіі. А магчыма, у яго ёсць цацачная чыгунка з мініяцюрным цягніком.      Калі я была маленькай, а гэта было даўнавата, тата вадзіў мяне з брацікам на чыгуначны вакзал, каб паказаць сапраўдны паравоз. Ён пыхкаў, гучна свістаў і выпускаў пару з трубы. Такія паравозы ўжо не ездзяць у нашай краіне па чыгунках, але на іх можна паглядзець у музеі. З дапамогай гарачай пары, якая ўтваралася ў паравым рухавіку, паравоз круціў свае велізарныя цяжкія колы і мог ездзіць па рэйках. Дэталёвае ўстройства паравоза можна прачытаць у інтэрнэце, а мой аповед будзе пра людзей, якія раней дапамагалі машыністу правезці паравоз, а цяпер дапамагаюць перавезці цеплавоз альбо электравоз па ўсім яго маршруце, г.зн. ад пачатковай да канцавой станцыі.
     Гэтыя людзі называюць сябе цягніковымі дыспетчарамі, і працуюць яны ў адмысловым будынку, пабудаваным паблізу ад чыгункі. Праца дыспетчара вельмі адказная. Яму трэба дапамагчы машыністу своечасова "правезці" цягнік па шляху руху, каб ён нідзе не затрымаўся і наадварот, не прыйшоў раней зазначанай ў графіку гадзіны. Чаму гэта так цяжка зрабіць? Ды таму, што цягнік коціцца па рэйках, якія могуць час ад часу перасякацца з іншымі рэйкамі, па якіх у гэты ж час рухаюцца іншыя цягнікі. Важна сачыць, каб на рэйках не адбылося сутыкненне цягнікоў.
     Цягнікі, як і самалёты, ездзяць па строгіх маршрутах і ў зададзеныя для іх гадзіны. Нельга машыністу цягніка спяшацца і нельга адставаць ад зазначанай ў графіку дыспетчара гадзіны. Калі ж гэта адбудзецца, цягнік трэба будзе прыняць з рэек на запасныя пуці, каб даць магчымасць своечасова праехаць іншаму цягніку.
     Бачыце, як усё складана. Хто ж пераводзіць на запасны пуць "бесталковы" цягнік, які спазніўся альбо спяшаўся не па графіку? Усё той жа дыспетчар. Графік руху цягнікоў, за якімі ён пільна сочыць усю сваю працоўную змену, ляжыць перад ім на яго стале ў працоўным кабінеце.
     У даўнія часы гэты чалавек перадаваў праз спецыяльныя ўстройствы сувязі каманду стрэлачніку – перавесці рэйкі і пусціць цягнік на запасны пуць. Хай ён там пастаіць, адпачне і прапусціць іншы цягнік.
     Цяпер жа ўсё зусім па-іншаму. З пульта цэнтральнага паста дыспетчар перадае кіруючыя загады начальнікам станцый ці сам з дапамогай адмысловых аўтаматычных устройств пераключае стрэлкі на патрэбныя маршруты і адчыняе святлафоры.
     Зараз, калі Вы трохі зразумелі працу чыгункі, я вырашыла распавесці Вам невялікую баечку пра стрэлачніка.
     Гадоў гэтак сто назад, а можа быць і больш, на адной чыгунцы стаяла будка стрэлачніка. Гэты працаўнік у ёй адпачываў і чакаў чарговага цягніка. Побач з будкай на рэйках размяшчалася тое самае месца, дзе трэба было пераключаць стрэлку – устройства злучэння чыгуначных пуцей. Стрэлачнік быў абавязаны дакладна сачыць за графікам руху цягнікоў, каб не прапусціць гадзіну, калі будзе трэба перавесці стрэлку на рэйках у патрэбны бок.
     У будцы стрэлачніка на сцяне вісеў гадзіннік з зязюляй. Ён спраўна ішоў. Але гэты гадзіннік трэба было перыядычна заводзіць з дапамогай двух ланцужкоў з падвешанымі на іх гіркамі. У прызначаны час, роўна на пачатку кожнай гадзіны, у верхняй частцы гадзінніка адчыняліся дзверцы, з якіх выглядвала цацачная Зязюлька, якая ўмела кукаваць.
     Доўгі час гэты гадзіннік дапамагаў стрэлачніку ў яго працы. Адпрацаваўшы свой працоўны час, ён ішоў дахаты, а на яго месца прыходзіў іншы стрэлачнік. Так яны і працавалі шмат гадоў запар, змяняючы адзін аднаго на пасту стрэлачніка. Дома ў іх падрасталі дзеці. А калі гэтыя стрэлачнікі састарэлі і сышлі на пенсію, на іх месца прыйшлі пасталеўшыя дзеці.
     Змяняўся час. Цяпер ужо дзеці стрэлачнікаў спраўна выконвалі сваю адказную працу на чыгунцы. Толькі гадзіннік з зязюляй усё гэтак жа, як і шмат гадоў назад, вісеў на сцяне ў будцы стрэлачніка і дапамагаў работнікам, таму што спраўна ішоў, ні разу не зламаўшыся.
     А Зязюлька ж у гадзінніку была чароўнай! Гэтая выдатная птушачка шмат гадоў чула і разумела ўсё, што адбывалася навокал. Аднак сябравала і размаўляла яна толькі з адным таксама чароўным прадметам – з жоўтым сігнальным Флажком стрэлачніка. З гэтым Флажком стрэлачнік кожны раз выходзіў да праходзячага цягніка, паказваючы машыністу жоўты Флажок, а не чырвоны, які б забараніў яму праезд. Такім чынам стрэлачнік адкрываў дарогу машыністу, кажучы, што можна смела праязджаць праз стрэлку ў патрэбны бок чыгуначных пуцей.
     Жоўты Флажок бачыў усе цягнікі і не толькі іх. Ён назіраў за ўсім тым, што адбывалася навокал. З аднаго боку пуцей каласавала залатое поле, з іншага – за зялёным лугам шумеў векавы лес. Часам Флажок бачыў птушак, якія праляталі міма яго або садзіліся на будку.
     – Дзе вы жывяце? – аднаго разу спытаў Флажок у прыгожай Птушачкі з ярка-жоўтай грудкай.
     – У лесе, – празвінела яна ў адказ. – Там жыве шмат маіх сябровак – птушак.
     – І зязюлі жывуць таксама?
     – Так, і зязюлі.
     – Вось як? – здзівіўся Флажок.
     Калі ён вярнуўся ў будку і ўлёгся на стале побач з гадзіннікам, то адразу ж, як толькі Зязюлька вызірнула з гадзінніка, паведаміў ёй гэтую дзіўную навіну.
     – Як бы я жадала пабываць там, – прызналася Зязюлька, але ў мяне праца. Без мяне стрэлачнік не зможа абыйсціся.
     Але, усё-такі, працавітая Зязюлька памылялася. Праз некалькі дзясяткаў гадоў усё ў яе жыцці змянілася. На змену гадзінніку з зязюляй прыйшоў электронны гадзіннік, і, наогул, праца стрэлачніка стала ўжо не патрэбна. Цяпер усю яго працу выконвае цягніковы дыспетчар з дапамогай аўтаматыкі. Стрэлкі ён пераключае аўтаматычна з пульта кіравання, ды і ў святлафорах на пуцях аўтаматычна запальваецца патрэбнае святло для пропуску цягніка альбо яго прыпынку. Машыніст глядзіць на святлафор і разумее, ці можна яму ехаць альбо трэба яшчэ пачакаць.
     А гадзіннік з зязюляй усё яшчэ вісеў на сцяне, толькі ўжо не ў старэнькай будцы, а ў дыспетчарскай, дзе працаваў дыспетчар, унук стрэлачніка. Нажаль, гадзіннік не ішоў, таму што яго ніхто не заводзіў. Старадаўні гадзіннік з зязюляй быў для маладога дыспетчара як добры ўспамін пра яго дзядулю стрэлачніка. Але аднойчы ў дыспетчарскую зазірнуў сынок дыспетчара, хлопчык гадоў дзесяці. Ён падышоў да гадзінніка і завёў яго.
     Як жа ўзрадавалася Зязюлька! Ёй так надакучыла сядзець у адзіноце. Да таго ж, яна разумела, што цяпер ужо не патрэбна дыспетчару. Таму, як толькі адчыліся дзверцы гадзінніка, Зязюлька выляцела адтуль, ператварыўшыся ў жывую зязюлю!
     – Тата! Глядзі, зязюля? – здзівіўся хлопчык. – Адкуль яна ўзялася?
     – Мабыць, прыляцела з лесу, – выказаў здагадку дыспетчар. – Выпусці яе ў акно.
     Хлопчык адчыніў акно, і зязюля паляцела. Куды? Шукаць той самы лес, пра які ёй калісьці казаў Флажок стрэлачніка, каб пасябраваць з сапраўднымі зязюлямі ў сапраўдным лесе і пражыць там яшчэ шмат шчаслівых гадоў.
     
      Гэты аповед на рускай мове
21.03.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100