Беражы яе (казка-прытча) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Беражы  яе (казка-прытча)
Беражы яе (казка-прытча)
Яна заўсёды была побач з ім. Ён кахаў святло яе прамяністых вачэй, далікатную ўсмешку і вельмі лёгкую паходку. Яна непрыкметна падыходзіла да яго ў тую гадзіну, калі Ён працаваў над сваім раманам, ласкава абдымала за плечы і дакраналася сваёй гарачай шчакой да яго шчакі. Яна вельмі кахала Яго і імкнулася ўсцерагчы ад усялякіх нягод. Ён цешыўся ўсім сэрцам таму, што Яна з ім, і ад шчасця яго душа спявала і радавалася.      У такім чулым спляценні кахаючых сэрцаў прайшло некалькі гадоў. Ён дапісаў свой раман да канца і ўжо задумаў пісаць новы. Паглыбіўшыся ў працу і прывыкшы да Яе апекі, Ён не заўважыў змен, якія адбыліся ў Яго і Яе жыцці. Ён пастарэў, Яна таксама, ды і жыллё іх страціла першапачатковы бляск навізны. Яно пацьмянела і пацямнела. Нямытыя вокны зараслі брудам, столь пакрылася павуціннем, а падлога – пластом смецця. А калі яркае і цёплае лета змянілася халоднай і волкай восенню, не знайшлося нават дроў, каб падпаліць печ і сагрэць халодную хату.
     Новая бяда не прымусіла сябе доўга чакаць. Яна захварэла і злегла ў пасцелю. Зараз Ён і сапраўды не ведаў, што рабіць, таму што не ўмеў тапіць печ, гатаваць ежу і не ведаў, як вылечыць Яе. Роспач авалодала ім. Але Яна паглядзела на яго стомленымі ад хваробы вачамі і ціха сказала:
     – Калі ласка, папрасі Бога дапамагчы нам.
     Ён падышоў да іконы, якая вісела на сцяне ў куце пакоя, угледзеўся ў добры і мілы твар Багародзіцы і стаў маліцца, просячы ў яе дапамогі. Праз некаторы час быццам з глыбіні сваёй душы, Ён пачуў голас Багародзіцы:
     "Вер у сябе і маліся Богу, бо Ён заўсёды побач з табой і абавязкова дапаможа табе. Ты выратуеш Яе і вернеш сваёй хаце цяпло, былую прыгажосць і каханне. Толькі не маркоцься, а працуй на ўсю моц, не дай астудзець сваёй душы".
     Ён паглядзеў у акно і ўбачыў, што на небе, зацягнутым шэрымі хмарамі, прабіваюцца праменьчыкі сонца, і ў душы ў яго пасялілася надзея. Зараз раніцу кожнага дня Ён пачынаў з малітвы і, не даючы сабе ўпасці ў журбу, рабіў усё для таго, каб яго хата стала ранейшай – светлай і цёплай. Ён вымыў вокны, змыў бруд са сцен, столі і падлогі, потым сцены і столь Яе пакоя распісаў букетамі пунсовых руж.
     Сонца вызірнула з-за хмар, зазірнула ў акно і асвятліла ўсю гэту прыгажосць. Яна расплюшчыла вочы, усміхнулася і радасна сказала:
     – Якое хараство! Якія цудоўныя кветкі!
     Затым Яна прыпаднялася і ўстала з пасцелі. І тады Ён падышоў да яе, прыціснуў да сваіх грудзей, пяшчотна пацалаваў і пагладзіў яе мяккія валасы.
     А Муза, адагрэўшыся ў яго абдымках, ласкава глядзела на яго, і Ён убачыў у яе вачах столькі блакітнага святла і чысціні, колькі не бачыў нават раней, у былыя часы. Яго душа схамянулася, ізноў да самых краёў напоўніўшыся шчасцем, а рука пацягнулася да пяра, каб захаваць, хаця бы на паперы, тую незвычайна цудоўную Прыгажосць Жыцця, якая адлюстравалася ў яго душы.
     
      Гэтая казка-прытча на рускай мове
16.03.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100