Добрая Рэчачка (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Добрая Рэчачка (казка)
Добрая Рэчачка (казка)
Праз пералесак-лясок вясёлая Рэчачка цякла, па каменьчыках скакала, у ямачкі пясочак закопвала, з рыбкамі абдымалася, Сонейку ўсміхалася.      Каменьчыкі і пясочак, чараты ля берага, бліскучыя рыбкі, забіяка ветрык – усе любілі Рэчачку-весялуху.
     А Сонейка казала:
     – Бяжы, любая Рэчачка, нясі сваю вадзіцу за сінія лясы, за зялёныя ўзгоркі і залатыя палі, уздоўж квітнеючых лугоў і гразкіх балот, бо ў слаўныя мясціны цябе дарога вядзе. Але толькі не шкадуй сваёй чыстай вадзіцы таму, хто папросіць напіцца.
     Рэчачка слухала Сонейка і рабіла ўсё так, як яно загадала. Коней і кароў, козачак і свінак, авечак і быкоў, лясных звяроў і птушак паіла, галоўкі і спінкі, крылцы і лапкі, ножкі і хвосцікі ім абмывала. І нічуць яе вадзіца не каламуцілася, а толькі лепш і лепш струменілася, ласкавымі хвалямі ля берагоў калыхалася. Усім, хто прыходзіў да яе, Рэчачка дабра і шчасця жадала, таму нават праз мноства гадоў яна ўсё яшчэ цячэ па роднай зямлі і не ведае смутку ніякага.
     
      Гэтая казка на рускай мове
6.02.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100