Снежная казка хвойнага лесу - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Снежная казка хвойнага лесу
Снежная казка хвойнага лесу
Сёлета чараўніца Зіма ўступіла ў свае правы, як заўсёды, у снежні. Вось толькі снегу яна нідзе не ўбачыла. Гарады і мястэчкі, лясы і палі хавала шызая смуга, з цёмных хмар на зямлю імжыў халодны дожджык.      – Тут усё неяк не так, як я хацела, – сказала чараўніца, – я не жадаю быць дажджлівай шэрай Зімой.
     – Мароз, дзе ты? Нябось, заседзеўся ў сваім цераме, ідзі-ка сюды, разам навядзём парадак на зямлі! – гучна, на ўсё неба, крыкнула яна, клікаючы свайго памочніка.
     – Я ўжо тут, гаспадынька, зараз усё падмарожу, – паспяшаўся адказаць Мароз і хутка ператварыў дажджавыя кроплі хмар у крыштальныя сняжынкі.
     – Добра, – усміхнулася Зіма. – А зараз, – звярнулася яна цяпер ужо да снежных хмар, – ляціце ў гарады і мястэчкі і засыпайце снегам усю зямлю так, каб дзецям можна было пагуляць у снежкі, сляпіць снегавікоў, пакатацца на лыжах і санках.
     Разляцеліся снежныя хмары ў розныя бакі выконваць загад матухны Зімы. Толькі дзве самыя маленькія някемлівыя хмаркі, падобныя на белыя аблокі, нікуды не паляцелі.
     – Мы не ведаем, куды нам ляцець? – вінавата прашапталі яны.
     – Ляціце вунь да таго хвойнага лесу, – сказала Зіма, – і атуліце яго снегам. Хай усе, хто там жыве, і дзеці з суседняга мястэчка палюбуюцца на прыгажосць, якую мы ім дорым.
     – Добра, – узрадаваліся аблокі і паплылі да хвойнага лесу.
     – Як у гэтым лесе цёмна і страшна! – нахмурылася першае снежнае воблака па імені Ах, паглядзеўшы на велізарныя кудлатыя хвоі і елі хвойнага лесу.
     – Глядзі, Зайка бяжыць па лесе, а высока на хвоі сядзіць Вавёрка, – усміхнулася другое снежнае воблака па імені Ўх.
     – А я бачу вялікага Мядзведзя, ён будуе сабе хованку з яловых і хваёвых галінак, – захапілася воблака Ах.
     – Гэта ён будуе бярлогу, каб там было зручна спаць, – здагадалася воблака Ўх.
     – Я зараз яе атулю белым снегам, – развесялілася воблака Ах і накіравала ўніз да лесу мільёны белых крыштальных сняжынак.
     Яны сыпаліся на дрэвы і зямлю, і тут жа лес стаў пакрывацца белым пухнатым дываном. А калі воблака Ўх высыпала на дрэвы тысячу жмень такіх жа чароўных сняжынак, усё ў лесе стала зусім белым і вельмі прыгожым.
     – Мы зрабілі гэты хвойны лес светлым, там цяпер не страшна знаходзіцца, – засмяяліся снежныя аблокі і паляцелі назад да чараўніцы Зімы за новай порцыяй сняжынак.
     
     А жыхары лесу ўжо заўважылі шчаслівыя змены ў сваім лесе.
     – Ух, колькі выпала снегу! – узрадаваўся Зайка.
     Нядаўна ён перапрануў свой цёмна-шэры летні кажушок на зімовы белы і цяпер стаў зусім незаўважным на снезе. Зайка мог скакаць у пухнаты снег, закопвацца ў яго з галавой, не баючыся патрапіць у лапы да драпежніка.
     – Мама! Глядзі, колькі выпала снегу, – весяліліся ваверчаняты. Яны вызірнулі з дупла і пераскочылі на галінку хвоі, а яна – уся ў снезе.
     – Ах! – спалохаліся малышы, калі далікатныя сняжынкі з калючай галінкі абсыпаліся ўніз.
     І хто ж пацярпеў унізе на зямлі ад гэтай снежнай лавіны? Цікаўная Ліска.
     – Ух, як цікава! – захапілася яна, стрэсваючы пухнаты снег са свайго рыжага хваста.
     – Ах, ух, як добра, што выпаў снег! – крэкчучы ад стомленасці, прамовіў буры Мядзведзь.
     Толькі што ён дабудаваў будан з зялёных яловых галінак. А цяпер гэта хатка стала белай, таму што яе атуліла тоўстае покрыва з першага снегу. У гэтай цёплай бярлозе Мядзведзь не змерзне і будзе спаць да самай вясны.
     
     Вось так, дзякуючы вясёлым снежным аблокам, цёмны і пануры хвойны лес стаў падобны на казку. Шчаслівыя елкі і хвоі, не зварухнуўшыся, стаялі ў белых футрах з пухнатага снегу, а зямля пакрылася тоўстым дываном з зіхатлівых сняжынак.
     Сонечнай марознай раніцай два лыжніка, маленькі і вялікі, накіраваліся з найбліжэйшай вёскі па пракладзенай імі першай лыжні ў той самы лес, каб палюбавацца на яго прыгажосць і пакатацца на лыжах. Максімка ехаў за бацькам, баючыся спатыкнуцца і ўпасці. Гэта была яго першая паездка на лыжах па заснежаным лесе. Казачны лес так захапіў хлопчыка, што ён запомніў гэта вандраванне на ўсё жыццё.
     
     Дарагія сябры! Снежнай зімой абавязкова паяжджайце ў лес, каб палюбавацца на яго чароўную прыгажосць і распавесці пра гэты цуд іншым!
     
      Гэтая казка на рускай мове
4.02.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100