Напярэдадні Калядаў - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Напярэдадні Калядаў
Напярэдадні Калядаў
На дварэ стаяла снежная зіма. Набліжаліся навагоднія святы.      Раніцай мама сказала дачушцы:
     – Ліна! Трэба ўпрыгожыць нашу навагоднюю Ёлачку.
     – Разам з табой, мама?
     – Не, я пайду на працу, а ёлачныя цацкі дастала з каморкі. Ты ўпрыгожыш сама?
     – Добра, – адказала дзяўчынка і паглядзела на маленькую штучную Ёлачку, якую тата сабраў яшчэ ўвечар і паставіў на стол.
     Ліна нікуды не спяшалася, у яе пачаліся зімовыя канікулы. Заўтра – Куцця, а за імі – Каляды. І, вядома, хочацца, каб у кватэры ўжо пачыналася доўгачаканае свята. Вось толькі і ў мамы, і ў таты – праца.
     Дзяўчынка прыадчыніла скрынкі з цацкамі. У першай іх было шмат і амаль усе зусім новыя, набытыя нядаўна. У другой мамінай скрынцы ляжала яшчэ даволі шмат старых бабуліных і прабабуліных цацак. Але іх рэдка вешалі на Ёлку. Яны былі прызначаны для сапраўднай лясной прыгажуні. А такую Ёлку ў іх кватэры ўжо даўно не ставілі, нажаль. "Навошта? – казаў тата. – Ты, мая дзяўчынка, ужо вырасла. У нас ёсць прыгожая штучная Ёлка". Ліна думала інакш, але спрачацца не жадала і таму з радасцю ўзялася ўпрыгожваць невялікую Ёлачку.
     Праз пару гадзін у пакоі красавалася ярка і святочна ўпрыгожаная Ёлачка. А ў Ліны ад радасці свяціліся вочы. Ёй падабалася гэта навагодняя прынцэса, упрыгожаная ёю самой. Усё на Ёлачцы было чароўным. Ёлачныя цацкі зіхацелі і пераліваліся: звяркі, шары, каралі, птушачкі, сняжынкі, банцікі, рознакаляровы дожджык. Дзяўчынка дастала са скрынак з навагоднімі падарункамі, якія мама і тата прынеслі ёй з працы, некалькі самых лепшых шакаладных цукерак, прывязала да іх нітачкі і павесіла на Ёлачку. Потым узяла свае самаробныя сняжынкі і паклала іх на галінкі і ўнізе пад Ёлачкай. Неўзабаве там жа з'явіліся Снягурка з Дзедам Марозам, Зайчык, Снегавічок.
     – Усё выдатна, не хапае толькі электрычных гірлянд, – сказала Ліна і паглядзела на ляльку Машу, якая сядзела на канапе і назірала за ўсім. Лялька міргнула раснічкамі ў знак згоды, ёй таксама спадабалася Ёлачка.
     – А я зараз пайду на вуліцу, пакатаюся з горкі, – узрадавалася Ліна, паглядзеўшы ў акно.
     У двары на ледзяной горцы яна заўважыла сваіх сяброў. Хутка сабралася, узяла пластмасавую "лядзянку" і ўцякла, выключыўшы асвятленне, з-за чаго ўвесь пакой адразу пагрузіўся ў цемру. Цяпер толькі ўлятаючае ў акно няяркае святло зімовага дня злёгку асвятляла Ёлачку і ляльку Машу. Яна ж хутка заснула, а на Ёлачцы ніхто не спаў. Усе цацкі, апынуўшыся побач, былі вельмі рады новай сустрэчы. Яны ж, загорнутыя ў абгорткі, у поўным маўчанні праляжалі ў цёмнай скрынцы цэлы год, і цяпер ім было вельмі цікава пабалбатаць адно з адным. Снягурка штосьці весела распавядала глінянаму Дзеду Марозу і Снегавічку з ваты, маленькі плюшавы Мішка размаўляў з фетравай Мышкай, старадаўні бабулін шкляны Самавар з новым пластыкавым Боцікам.
     Але больш за ўсіх узрадаваліся блізкаму суседству на галінках Ёлачкі новенькі шкляны Вожык і старадаўні шкляны Клоун з бабулінай скрынкі. Ліна не ўтрымалася, каб не павесіць на Ёлачку некалькі старадаўніх цацак. І гэта так выдатна! Клоуну было цікава даведацца штосьці ад Вожыка, які завітаў на Ёлачку з гарадскога ўнівермага. Яго зусім нядаўна купіла мама Ліны.
     Новенькі Вожык зіхацеў яркімі бліскучымі іголкамі, а жоўтая фарба на галоўцы старадаўняга Клоуна трохі паліняла. Але такім розным па ўзросце цацкам гэта не перашкодзіла пасябраваць і дзяліцца сваімі сакрэтамі. Клоун распавёў Вожыку пра тое, якім быў белы свет даўным-даўно, калі ён сустракаў Новы год на высокай лясной Ёлцы і зусім не ў гэтым пакоі, і не ў гэтай кватэры, а ў старой драўлянай хаце разам з прабабуляй Ліны.
     – Там пахла дровамі, імі тапілі печку, Ёлка стаяла пасярод пакоя, і я бачыў, як ад вялікага марозу ўсе вокны пакрываліся цудоўнымі ледзянымі ўзорамі, – распавядаў Клоун.
     – А калі я стаяў пад шклом на прылаўку на першым паверсе ўнівермага, – распавядаў Вожык, то бачыў, як побач з уваходнымі дзвярамі ўсталёўвалі высокую навагоднюю Ёлку. Яна была ўпрыгожана цацкамі ў выглядзе старадаўніх малюначкаў, шароў і цукерачных абгортак, якія прадаваліся даўным-даўно. Так казалі людзі, якія падыходзілі да прылаўка. Яны глядзелі на мяне і ўсміхаліся, а дзеці не маглі адарваць ад мяне захопленых позіркаў.
     – Так, ты вельмі прыгожы, – пагадзіўся старадаўні Клоун, але ён не хацеў зайздросціць маладому Вожыку, таму што сам пражыў цікавае жыццё.
     – Але як бы я жадаў апынуцца ў сапраўдным лесе, там, дзе жывуць сапраўдныя вожыкі, і пазнаёміцца з імі, – засмуткаваў цацачны Вожык.
     – А я жадаў бы пабываць у цырку, дзе выступаюць сапраўдныя клоуны, – засмуціўся цацачны Клоун.
     – Усё гэта можна ўбачыць па тэлевізары, – супакоіла сяброў лялька Маша.
     Яна нядаўна прачнулася і падслухала іх гутарку.
     – Гэта тэлевізар! – лялька Маша паказала на вялікі чорны экран на сцяне. – Яго ўключыць Ліна, калі вернецца са шпацыру, і вы ўсё ўбачыце.
     Ні Вожык, ні Клоун ні разу не бачылі, як працуе тэлевізар, і таму з нецярпеннем чакалі, калі Ліна ўключыць яго. Але ўвечары гэтага не адбылося, таму што дзяўчынка прыйшла дахаты не хутка і ўключаць тэлевізар не стала. Яна пайшла вячэраць на кухню, а потым уткнулася ў свой смартфон. Што яна там убачыла, ніхто з цацак не ведаў.
     Назаўтра Ліна ўсё-такі ўключыла тэлевізар, каб паглядзець цікавы фільм пра Новы год і Каляды. На экране тэлевізара паявілася цудоўна ўпрыгожаная сапраўдная лясная Ёлка, сапраўдныя Дзед Мароз і Снягурка раздавалі маленькім лясным звяркам падарункі. Там былі важаняты і мышаняты, і лісяняты, а ў канцы ўсіх весяліў сапраўдны клоун з цырка.
     Але вось фільм скончыўся, і дыктар з экрана тэлевізара гучна абвясціў:
     – Віншую вас, сябры, з надыходзячымі навагоднімі святамі! І хай спраўджваюцца ўсе вашы запаветныя жаданні!
     Усе, хто глядзеў тэлевізар: маленькая навагодняя Ёлачка, ёлачныя цацкі, лялька Маша радасна ўздыхнулі ў прадчуванні чагосьці чароўнага і вельмі прыемнага. А Ліна пасля прагляду фільма занялася хатнімі справамі на кухні разам з мамай. Як потым стала вядома, у гэты вечар, напярэдадні Каляд, яны гатавалі куццю і іншыя Калядныя стравы.
     
     p.s. Гэта мая навагодняя Ёлачка ў 2021 годзе.
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
24.01.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100