Гаючы Пялёстак - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Гаючы Пялёстак
Гаючы Пялёстак
У маленькай утульнай хатцы на краю вёскі жыла старэнькая бабуля. Усе жыхары вёскі любілі бабульку за яе дабрыню і спагадлівасць, за цеплыню бабулінага сэрца. Улетку з горада да яе прыехала ўнучка. Бабуля чакала яе і сварыла да прыезду Лізы смачную бульбяную бабку.      – У мяне, Лізанька, – сказала за абедам бабулька сваёй дарагой унучцы, – вочы сталі дрэнна бачыць. У цемры я не адрозніваю прадметы, магу напароцца на што-небудзь і пакалечыцца. Лекар сказаў мне зрабіць аперацыю на вачах. Але я не ведаю, як мне быць. Аперацыя складаная, і ніхто не можа дакладна сказаць, ці будзе яна паспяховай. Магчыма, я пасля аперацыі ўсё роўна буду дрэнна бачыць. Вясковая Ластаўка, якая яшчэ летась звіла гняздзечка пад дахам маёй хаты, распавяла пра цудадзейную Кветку, якая расце ў лесе і можа вылечыць мае вочы. Трэба сарваць адзін Пялёстак гэтай Кветкі і зрабіць настойку, якой змазваць вочы да поўнага ачуньвання.
     – Я заўтра ж схаджу за Пялёсткам гэтай Кветкі ў лес, – вырашыла Ліза. – Не хвалюйся, бабуля, усё будзе добра, ты паправішся.
     Раніцой Ліза адправілася ў лес шукаць Кветку, пра якую казала бабулі яе знаёмая Ластаўка. Але нават гэта маленькая птушачка не ведала, што ў самай гушчы лесу, там, дзе з-пад зямлі б'е жывая крынічка, а побач круглы год цвіце чароўная Кветка, пасялілася злая старая. Раней яна жыла ў суседняй вёсцы. Але наравісты характар, не ўменне дарыць дабро свайго сэрца людзям, з гадамі зрабілі яе злой і зайздрослівай, каварнай і самотнай. Злая старая сышла жыць у лес далей ад людзей і нават ад звяроў, таму што ні з кім не ўмела сябраваць і нікога не любіла.
     Звяры і птушкі баяліся яе і клікалі Ведзьмай. Але гэта старая ад кагосьці таксама пазнала сакрэт неўвядальнай Кветкі, што расла каля самай крынічкі і сілкавалася яе гаючай вадзіцай. Пасяліўшыся побач з Кветкай, старая ахоўвала яе ад усіх і берагла для сябе на выпадак, калі стане дрэнна бачыць і не зможа жыць у цёмным густым лесе. Сустрэўшы Лізу на ўзлессі і даведаўшыся, куды яна накіроўваецца, старая вырашыла адвесці яе зусім у іншае месца.
     – Пойдзем за мной, дзяўчынка. Я пакажу табе, дзе расце тая самая Кветка, – сказала злая Ведзьма, хітра зірнуўшы на Лізу. Але сама прывяла яе не да гаючай Кветкі, а да атрутнай.
     – Вось яна, зрывай пялёстак! – крэкчучы, сказала старая і падпіхнула Лізу да кветкі.
     Але тут з цемры выскачыла Мышка і наступіла Лізе на туфлік. А калі дзяўчынка сагнулася паправіць туфлік, Мышка тут жа папярэдзіла яе пра небяспеку.
     – Не чапай гэту кветку, яна атрутная і можа забіць, – піснула Мышка.
     Даведаўшыся пра гэта, Ліза кінулася наўцёкі ад злой старой.
     – Бяжы за мной, – пачула яна нечы звонкі крык, які даносіўся зверху. – Я добры Крумкач і давяду цябе да гаючай Кветкі.
     – Ты не ашукаеш? – спытала Ліза, паглядзеўшы ўгару.
     – Ён не ашукае, толькі злая Ведзьма можа зрабіць гэта, – загудзелі ствалы высокіх дрэў.
     Ліза ледзь паспявала за крылатым павадыром і неўзабаве дабегла да гаючай Кветкі.
     Сарваўшы Пялёстак, яна схавала яго ў кішэньку сваёй сукеначкі і паглядзела ўгару.
     – Дзякуй табе, добры Крумкач, – крыкнула дзяўчынка.
     – Бяжы за мной, я выведу цябе з лесу іншай сцяжынкай, каб ты не змагла сустрэцца з Ведзьмай, – крыкнуў Крумкач і паляцеў наперад.
     А Ліза, не паспеўшы апамятацца ад усяго ўбачанага, ізноў пабегла следам за ім. Выбегшы з лесу, яна агледзелася. На шчасце, злая Ведзьма не змагла дагнаць яе, і таму жывой і здаровай Ліза дабралася да вёскі.
     – Я прынесла Пялёстак, – сказала яна бабулі і дастала са сваёй кішэнькі далікатна-ружовы бліскучы Пялёстак. Ён быў падобны на пялёстак лотаса, такі ж пругкі і свежы.
     – Дзякуй табе, Лізанька, – узрадавалася бабуля і тут жа пачала рыхтаваць лекі з гаючага Пялёстка…
     
     У той дзень Ліза нічога не распавяла бабулі пра свае прыгоды ў лесе. Магчыма, калі-небудзь потым яна і раскажа ёй пра гэта, але тады дзяўчынка так стамілася, што адразу ж уляглася спаць у свой ложачак. Яна спала, і ёй сніўся толькі адзін шчаслівы сон, у якім яна цалавала выдатную ружовую Кветку, якая расла ля гаючай крынічкі.
     
      Гэтая казка на рускай мове
24.01.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100