Белая Ружа - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Белая Ружа
Белая Ружа
У даўнія часы на нашай Зямлі з'явіліся кветкі. Падлічана, што цяпер на планеце расце прыкладна дзвесце восемдзесят тысяч розных відаў кветак. Але ўсе кветкі не толькі прыгожыя, шматлікія з іх небяспечныя, таму што атрутныя. Калі ты шпацыруеш у лесе ці на лузе і бачыш незнаёмую расліну, лепш не чапай яе, інакш можаш абпаліцца яе сокам ці пылком, а з'еўшы пялёстак, лісток ці ягадку смяротна атруціцца.      Людзі, якія жылі шмат гадоў назад, ведалі гэта і вельмі асцярожна ставіліся да незнаёмых раслін. За шмат гадоў зносін з прыродай яны навучыліся адрозніваць небяспечныя расліны ад бяспечных і нават адшукалі ў прыродзе лячэбную траву. З такой травы і кветак старажытныя лекары рабілі лекі. Цяпер у аптэках таксама можна ўбачыць травяныя зборы і настойкі. Імі лечаць прастудныя і ўнутраныя хваробы.
     Ва ўсіх нашых бабуль можна знайсці настойку валяр'яны, сардэчніку ці сухацвету, якія лечаць сэрца, і іншыя травяныя лекі…
     
     Аднойчы, калі гэта здарылася, я пэўна не ведаю, адзін хлопец, які жыў на хутары, пайшоў у лес, каб сабраць трохі лячэбнай травы для сваёй бабулі. Яна сама папрасіла яго аб гэтым, бо дайсці па лясной сцяжынцы да месца, дзе расла яе знаёмая трава, ужо не магла. Бабуля добра разумела, якую траву можна нарваць там.
     – Гэта лісце падбелу, трыпутніку, кветкі святаянніку, крываўніку, скрыпеню, шалфею, рамонку. Янка, ты ведаеш іх і бачыў усе гэтыя расліны, калі хадзіў па лесе разам са мной, – распавяла ўнуку бабуля.
     Янка пагадзіўся і пайшоў у лес на пошукі. Але пра тое, каб не чапаць атрутныя расліны, бабуля забылася яму сказаць. А сам хлапчук зусім не разумеў, якая небяспека можа падпільноўваць яго ў гэтым паходзе.
     Некалькі гадзін Янка блукаў па лесе і па яго ўзлескам, выйшаў на поле і на пагорку сустрэў атрутную расліну, якую выпадкова зблытаў з крываўнікам.
     Гэта быў балігалоў плямісты. Хлопец толькі хацеў сарваць яго белыя кветкі, як пачуў нечы звонкі галасок:
     – Гэта атрутная расліна, – папярэдзіў яго хтосьці.
     Янка азірнуўся і ўбачыў незнаёмую русавалосую дзяўчынку. Яна, усміхаючыся, глядзела на яго. У яе валасах красаваліся белыя рамонкі і сінія васількі, а летняя сукенка была яркая і квяцістая. Вочы незнаёмкі выпраменьвалі дабрыню, а далікатны голас паланіў і цешыў слых.
     – Я збіраю траву і кветкі для сваёй старэнькай бабулі, – растлумачыў Янка. – Гэта ж крываўнік?
     – Не, – адказала прыгажуня. – Гэта балігалоў. І, хаця, ён выкарыстоўваецца ў медыцыне, усё-такі можа прынесці шкоду. Калі не ведаеш нічога пра гэтую расліну, лепш не рві.
     – Вось як! – спалохаўся Янка і адышоў ад кветкі.
     Дзяўчынка дапамагла хлопчыку сабраць патрэбную траву і ўжо хацела сысці. Але ён спыніў яе, загаварыўшы пра новую сустрэчу, бо незнаёмка яму вельмі спадабалася.
     – Мне хацелася б ізноў сустрэцца з табой, – сказаў Янка. – Я жыву на хутары разам з бабуляй, калі ласка, прыходзь да нас у госці.
     Дзяўчынка паглядзела на хлопчыка і спытала:
     – А ў вас у садзе растуць ружы? Я мару паглядзець на іх, таму што ўсюды сустракаю толькі палявыя кветкі. Пра ружы мне распавяла чорнакрылая Ластаўка. Аднойчы яна жыла каля аранжарэі цудоўных пахкіх руж на ўзбярэжжы далёкага паўднёвага мора.
     – Так, растуць, – сказаў Янка. – Яны хутка расквітнеюць.
     – Ведаеш, – прамовіла незнаёмка, – калі б у мяне былі такія ружы, я б пасадзіла іх усюды замест атрутных кветак. Пунсовая наперстаўка, кураслеп, клешчавіна, сон-трава, амброзія, дурнап’ян, блёкат чорны, вароніна вока, вех – атрутныя расліны, якія могуць забіць чалавека. Трэба ведаць пра гэта і ніколі не чапаць лісце, кветкі і плады незнаёмых раслін.
     Сказаўшы гэта, дзяўчынка паказала на лясную паляну, абсыпаную палявымі кветкамі.
     – Я прыйду сюды зноў, калі твае ружы заквітнеюць, – усміхнулася яна.
     Але не паспеў Янка і міргнуць, як незнаёмка непрыкметна кудысьці знікла.
     – Як дзіўна, што яна так хутка ўцякла, я нават не заўважыў куды, – засмуціўся хлопчык і пайшоў дахаты.
     Дома ён распавёў пра ўсё бабулі, а яна, падзякаваўшы ўнуку за траву, таксама паспрабавала распавесці яму ўсё, што сама ведала пра атрутныя палявыя і лясныя расліны.
     – Мне казалі, што нават ландышы, тыя, што квітнеюць у лесе вясной, атрутныя, – сказала яна. – Іх пах вельмі прыемны, але лісце і чырвоныя ягадкі ландыша есці нельга. І «курыная слепата» таксама атрутная. Гэта жоўценькія малюсенькія бліскучыя кветачкі. Ты іх бачыў у лесе і на палянках.
     – Як цікава! – здзівіўся Янка. Ён часам ірваў беленькія кветачкі ландыша ў лесе, але жаваць ці есці іх, на шчасце, не здагадаўся. А тое, што ад «курынай слепаты» слепнуць куры, хлопчык ведаў і раней.
     І вось калі ля хаты бабулі на вялікім кусце расквітнелі невялікія белыя ружы, Ваня сарваў калючы букецік з пахкіх кветак і пабег у лес да той паляны, дзе растаўся з незнаёмай дзяўчынкай. Да цемры ён чакаў яе, але так і не дачакаўся. І тады хлопчык паклаў ружы пасярод паляны і пайшоў дахаты. На наступны дзень ён зноў прыйшоў туды з новымі ружамі. Але дзяўчынкі не было. Увесь час, пакуль на кусце квітнелі белыя ружы, Янка хадзіў у лес, спадзяючыся сустрэць тую самую незнаёмку, і ўвесь час пакідаў кветкі на паляне. Паступова ўсе белыя пялёсткі з кветак абсыпаліся і пазасылалі ўсю паляну.
     А праз нейкі час гэта паляна ў лесе ператварылася ў белае возера…
     
     Шмат гадоў прайшло з тых часоў. І хто б ні падыходзіў да возера, заўсёды заўважаў, што яно вельмі падобна на белую ружу не толькі па колеру вады, але і па абрысам берагоў. Як жа так магло здарыцца, што ў лесе, як па чараўніцтве, утварылася возера, ды яшчэ такое прыгожае? Хто ж тады размаўляў з хлопчыкам? А калі дзяўчынка прыходзіла з казкі?
     Кажуць, што чараўніцтва часам можна сустрэць на белым свеце. Дзяўчынка, мабыць, была тая самая Чараўніца, якая ўпільнавала хлопчыка ад бяды, яна не дазволіла яму сарваць атрутную кветку. Гэта добрая Чараўніца хацела, каб атрутныя кветкі, рассеяныя па зямлі злымі чараўнікамі ў даўнія часы, зніклі назаўжды. Але зрабіць гэта яна не магла, толькі замест паляны, на якой раслі такія кветкі, яна здолела стварыць белае возера, падобнае на духмяную кветку белай ружы. Можа быць, Чараўніца гэта зрабіла ў падзяку таму хлопчыку, які вельмі чакаў сустрэчы з ёй.
     – Белая Ружа – так з тых часоў завуць тое возера людзі. І колькі такіх азёр раскідана па белым свеце, невядома. Але, я думаю, вельмі шмат.
     
      Гэтая казка на рускай мове
17.01.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100