Званочкі Святога Раства - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Званочкі Святога Раства
Званочкі Святога Раства
Каля высокай агароджы багатай хаты расла Ялінка. З выгляду яна была зусім не прыкметнай, не пухнатай і не высокай. Лапкі ў Ялінкі здаваліся тонкімі, іголкі – рэдкімі, ды і галінак на ёй было замала. Часам Ялінка сумна і задуменна глядзела ўдалячынь. Там за пагоркам віднеўся густы лес. Ялінка смутна здагадвалася, што ў тым лесе растуць яе старэйшыя сёстры, высокія і густыя прыгажуні елі, а ёй, сірацінцы, лёсам наканавана ўсё жыццё правесці ў адзіноце ля высокай агароджы незнаёмай хаты. Вядома, Ялінка разумела, што вырасла на гэтым месцы з маленькага яловага семечка, выпадкова занесенага ветрам з густога хваёвага лесу. "Гэта шчасце, што мяне ніхто не чапае і дагэтуль ніхто не ссек, не выкінуў на сметнік", – разважала Ялінка. Ад гэтай думкі яе тонкае драўлянае цельца сагравалася, і яна радасней глядзела вакол сябе на белы свет.      Падчас дажджлівага і шэрага зімовага надвор'я напярэдадні Святога Раства нечакана здарыўся сапраўдны цуд –зямлю атуліла яркае і чыстае покрыва з бялюткага снегу. У тую дзівосную ноч Ялінка доўга не спала, быццам прадчуваючы штосьці. Яна шукала на небе самую яркую Зорачку, звястунку светлага Раства, пра якую зусім нядаўна распавяла ёй звонкагалосая Сінічка.
     І здарыўся цуд! Як толькі найярчэйшая Зорачка заблішчала на небе, з велізарнай вышыні на Ялінку пасыпаліся далікатныя іскрыстыя белыя сняжынкі. Апусціўшыся на зямлю з загадкавай цемры начнога неба, яны асвятлілі ўсё вакол чароўным яркім святлом, напоўніўшы зямны свет радасцю і чараўніцтвам.
     – Дзінь-дзінь, дзінь-дзінь, дзінь-дзінь, – ледзь чутна звінелі сняжынкі.
     Адчуўшы дакрананне лёгкіх, як пушнінка, ледзяных сняжынак, Ялінка не азябла ад холаду, а наадварот, сагрэлася, ахінуўшыся ў кажушок з белага снегу.
     "Як ціха", – падумала яна.
     У гэту зацішную ноч Святога Раства Ялінка пачула б любы шоргат ці гук голасу.
     – Мяу, – раптам побач з ёй мяўкнуў Каток.
     Відаць, ён гэтак жа, як і Ялінка, не змог заснуць і блукаў па двары ля гаспадарскай хаты.
     – І ты не спіш, – прашаптала Ялінка.
     Яна ведала гэтага бяздомнага Катка, ён часам падыходзіў да яе і дакранаўся сваім пухнатым хвосцікам да галінак. Так неяк неспадзявана Каток стаў яе сябрам. Можа быць, і яна стала яго сяброўкай, бо заўсёды разумела, што Каток хоча ёй сказаць. А цяпер яго мяккі галасок казаў: "Якая прыгожая Святочная ноч!"
     – Так, так, гэта ноч цудоўная! – усхвалявалася Ялінка. Ёй стала вельмі цёпла і радасна, і яна адчула сябе бясконца шчаслівай...
     
     Яшчэ вельмі доўга ў цішыні ночы Святога Раства не спалі добрыя і светлыя зямныя істоты – маленькая Ялінка і бяздомны Каток. У іх не было гаспадароў, і здавалася, што яны нікому не патрэбныя. Андак гэта было не так. У светлую чароўную ноч з вышыні на іх глядзелі белакрылыя Анёлы, звон срэбных званочкаў разліваўся па небе і ляцеў да зямлі, напаўняючы ўсё вакол светлай Радасцю.
     – Дзінь-дзінь, – звінелі нябесныя званочкі, – дзінь-дзінь!
     Гэты чароўны перазвон пераклікаўся з мяккімі гукамі падаючых сняжынак і дарыў Шчасце і Каханне ўсім, хто жыве на свеце.
     
     Маленькая далікатная Ялінка і бяздомны Каток, сагрэтыя душэўнай цеплынёй чароўнай ночы Святога Раства, абавязкова будуць шчаслівыя. Пройдзе некалькі гадоў, і на Ялінку з захапленнем будуць глядзець людзі. Гэта непрыкметная маленькая Ялінка аднойчы ператворыцца ў высокую пухнатую Ёлачку і ўпрыгожыць уваход да хаты, у якой паселіцца ласкавы Каток. Ён абавязкова спадабаецца гаспадыні гэтай хаты, і яна возьме яго жыць да сябе.
     
      Гэтая казка на рускай мове
9.01.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100