Пераднавагодняя Прастуда - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пераднавагодняя Прастуда
Пераднавагодняя Прастуда
У Злога Чараўніка ў куфэрку захоўвалася Прастуда ў выглядзе аблачыны без густу і паху. Яна была нябачнай для простых людзей. Злы Чараўнік выпускаў яе са зняволення ўвосень і ўзімку, калі з поўначы прылятаў Халодны Вецер – яго сябрук і вялікі шкоднік. Гэты гарэза са свістам дзьмуў на Прастуду, і яна трапляла ў хаты да людзей.      Вось і цяпер у самы непадыходзячы час, а менавіта перад Новым годам, Прастуда апынулася ў вялікім горадзе. Яна прабіралася ў пакоі, дзе былі дзеці, хутка заражала іх, і яны захворвалі. Каварны Злы Чараўнік разумеў, што ўвосень і ўзімку дзеткам будзе цяжэй акрыяць. У гэтую пару года Сонца не такое гарачае, як улетку, яно дрэнна сагравае, а на вуліцы дзьме ледзяны вецер і ўзмацняе захворванне.
     Хворыя дзеці шмат дзён запар не маглі выйсці пагуляць на вуліцу, яны не хадзілі ў дзіцячыя садкі і школы. У гэтыя дні хворыя дзеці пілі мікстуры і іншыя лекі, з нудой гледзячы ў акно.
     "Я хачу хутчэй паздаравець. У маім садку будзе навагодні ранішнік, мама абяцала мне сшыць карнавальны касцюм. Мне так хочацца патанчыць на святочным карнавале ля прыгожай Ёлачкі!" – марыў Юрка. Ён ужо праседзеў у хаце цэлы тыдзень, і яму гэта страшна надакучыла. У дзіцячым садку цікавей, там у яго сябры – Саша і Міця. Яны, на шчасце, не захварэлі, бо да іх яшчэ не паспела зазірнуць Прастуда. А ў Юркінай сям'і хворыя ўсе, акрамя таты: ён, мама, бабуля і старэйшая сястра Каця.
     – Гэта грып, – сказала ўрач, наведаўшыся да іх у хату. Яна выпісала ўсім хворым лекі і парэкамендавала піць цёплы чай з малаком, малінавым варэннем, прымаць вітаміны і выконваць пасцельны рэжым.
     Юрка выконваў рэкамендацыі ўрача, і яму ўжо стала лягчэй. Можа быць, Прастуда трохі пашкадавала яго? Сябры з сумам распавядалі хлопчыку па тэлефоне, што ў садку хварэе палова дзяцей.
     Вось якая непрыемнасць здарылася ў вялікім горадзе напярэдадні навагодніх свят. Што ж рабіць? Хто зможа дапамагчы людзям шчасліва сустрэць Новы год?
     А Злы Чараўнік быў вельмі рады ўсяму таму, што адбылося ў горадзе па яго віне. Кожны дзень у адзін і той жа ранішні час ён выпускаў з чароўнага куфэрка адпачыўшую за ноч Прастуду. Па загадзе Халоднага Ветру, яна ляцела ў той самы горад, каб стварыць там новыя непрыемнасці.
     Але аднойчы на небе, скрозь заслоненым шэрымі хмарамі, зазіхацеў адзіны Сонечны Праменьчык! Такі дапытлівы, ён сілком прабіўся скрозь змрочныя хмары і паляцеў уніз да зямлі. Праменьчык зазірнуў у вокны дзіцячых пакояў у прыгожых вышынных дамах. Яго ўразілі тыя, каго ён там убачыў. Гэта былі хворыя дзеці, яны смаркаліся і кашлялі, іх носікі распухлі ад насмарку, а хворыя горлачкі былі перавязаны хусткамі і шалікамі.
     "Які непарадак напярэдадні Новага года!" – абурыўся Сонечны Праменьчык і паляцеў дакладваць пра ўсё ўбачанае у гэтым горадзе Добраму Чараўніку.
     – Трэба абавязкова дапамагчы дзеткам і дарослым хутчэй паправіцца, каб яны змаглі шчасліва сустрэць Новы год, – сказаў Сонечны Праменьчык і распавёў пра тое, што ён убачыў у вялікім горадзе.
     – Я абавязкова дапамагу ўсім ім, – паабяцаў Добры Чараўнік і без прамаруджвання адправіў у захварэўшы горад свежае Паветра, чыстае і гаючае, якое умее выганяць з хат Прастуду. А Сонечны Праменьчык паляцеў угару да Сонца і папрасіў яго разагнаць суцэльныя шэрыя хмары, якія панавісалі над горадам.
     Нарэшце, надвор'е наладзілася. Стала сонечна, паветра пасвяжэла. Людзі адчынілі вокны, і тады ў кватэры ўвайшло свежае Паветра і хутка абясшкодзіла Прастуду. Яна, сутыкнуўшыся са свежым гаючым Паветрам, зусім саслабла і ўрэшце знікла...
     Раніцой ачуняўшыя ад хваробы дзеці ў радасным настроі пайшлі ў школы і дзіцячыя садкі. Неўзабаве ва ўсіх гарадскіх дварах і кватэрах зайгралі вясёлыя рознакаляровыя агеньчыкі. Так упрыгожаныя зіхатлівымі гірляндамі навагоднія Ёлачкі склікалі да сябе ў госці на свята дзетак і дарослых.
     – Але як жа без снега сустракаць Новы год? – усміхаліся прахожыя. Усім раптам захацелася яшчэ большага – сапраўднага зімовага свята!
     – Дзядуля Мароз, калі ласка, прышлі нам снег, – прасілі дзеці з дзіцячага садка, шпацыруючы па мокрых дарожках.
     Дзядуля Мароз хутка даведаўся пра просьбу дзяцей. Яму распавёў пра ўсё Добры Чараўнік. Так што раптоўна па яго загадзе ў гэтым горадзе выпаў хрусткі навагодні сняжок. Ён падарыў дзецям радасць, бо яны змаглі катацца на лыжах, санках і каньках. А на навагодніх Ёлках, тых, што стаялі на плошчах і ў дварах, з'явіліся чароўныя сняжынкі з ледзянога хрусталю.
     Падарункі Дзядулі Мароза цешылі дзяцей да канца зімы, а Добры Чараўнік быў рады таму, што Новы год прынёс шчасце, радасць, а галоўнае – здароўе ўсім жыхарам вялікага горада.
     
      Гэтая казка на рускай мове
30.12.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100