Грак – музыкант - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Грак – музыкант
Грак – музыкант
Аднойчы ранняй вясной з паўднёвай зімоўкі да родных месцаў на поўначы Зямлі вярталася чарада гракоў. Гэтыя чорныя птушкі лётаюць вялікімі чародамі і ўвесь час перагаворваюцца адно з адным. Часам яны нават спрачаюцца паміж сабой.      Вось і цяпер, спыніўшыся на адпачынак на лясной паляне, трохі адталай ад лёду і снегу, птушкі гучна гаманілі, размахваючы ссінячы-чорнымі крыламі і штурхаючы адно аднаго цвёрдымі дзюбамі.
     – Я – самы галасісты ў чарадзе, – даказваў малады грак па імені Слаўка.
     – Ты, хто табе гэта казаў? – спрачаўся з ім яго сябар, грак Смяялка.
     – Ніхто, я сам ведаю.
     – Тады крыкні так, каб уся наша чарада перастала шумець і слухала толькі цябе.
     – Гэта вельмі проста, – Слаўка ганарліва ўзмахнуў крылом і ўзляцеў на верхавіну маленькай ялінкі.
     – Эгэ-гэ-э-э-э! – крыкнуў ён што было сілы. – Слухайце мяне-е-е-е! Я – галоўны аратар нашай чарады!
     Як ні дзіўна, усе птушкі замоўклі і ўтаропіліся на Слаўку, здзіўлена разявіўшы дзюбы. Слаўка ўзрадаваўся, але ад шчасця спатыкнуўся і зваліўся з ялінкі ўніз.
     – Ты – галоўны, ха-ха-ха! – засмяяўся Смяялка, і тут жа ўся чарада гучна загаманіла, насміхаючыся са Слаўкі.
     – Нічога, я яшчэ дакажу вам усім сваю перавагу, – пакрыўдзіўся Слаўка.
     Неўзабаве чарада гракоў ізноў працягнула свой палёт. Раніцай наступнага дня птушкі ўжо былі ў родным лесе і хутка адшукалі леташнія гнёзды на бярозах, асінах, дубах і ліпах. Слаўка, забраўся ў сваё старое гняздо на версе высокай бярозы і тут жа заснуў. Яму прысніўся дзіўны сон, быццам ён не крычаў, а спяваў. Яго голас слухалі ўсе птушкі ў лесе і казалі, што ён спявае лепш за ўсіх.
     Прачнуўшыся, Слаўка падумаў: "А можа і сапраўды я – лепшы спявак лесу і проста не здагадваюся пра гэта?" Маладому граку так хацелася стаць галоўным, лепшым у сваёй чарадзе, але як гэта зрабіць, ён ніяк не мог сцяміць.
     Узляцеўшы на самую верхавіну бярозы, Слаўка зноў вырашыў злавіць поспех за хвост і гучна на ўвесь лес заспяваў:
     – Гра-гра-гра-а-а-а!
     Аднак яго "песня" здалася камусьці крыкам аб дапамозе.
     – Што гэта за шум такі, хто так раскрычаўся? – зашумелі дрэвы, якія раслі ў лесе.
     – Слаўка, ты захварэў ці што? – затрашчала знаёмая Сарока.
     – Хто тут хворы? – спытала Вавёрачка, выскачыўшы з дупла.
     – Не, я не хворы, я спяваю… – прызнаўся грак, – хіба не падобна?
     – Спяваеш? Ды ты проста крычыш, спяваюць зусім па-іншаму, – сказала Сінічка і зазвінела далікатным галаском: "Дзінь-дзінь, дзінь-дзінь, цёплая вясна ў наш лес прыйдзі!"
     – Ты спяваеш вельмі ціха, я ж лепш за цябе спяваю! – паспрабаваў спрачацца Слаўка. Але ён ужо і сам быў не ўпэўнены ў сваёй праўдзе.
     – Яна спявае нягучна, але вельмі прыемна, – прагудзеў Чмель, які толькі нядаўна прачнуўся.
     – Лепш за ўсіх спявае Салавей, вось толькі ён яшчэ не вярнуўся да нас з зімоўкі, – сказаў Вожык. Ён сядзеў унізе на зямлі і назіраў за ўсім, што адбывалася на версе бярозы. – А лепшы музыкант нашага лесу – мышаня Кузя. У яго ёсць скрыпачка, на якой ён умее добра іграць.
     Пачуўшы гэта, Слаўка падумаў: "Тады я стану музыкантам і навучуся іграць на скрыпачцы".
     Назаўтра ён паляцеў шукаць таго самага мышаня, у якога была чароўная скрыпачка. Вожык без утойвання паказаў яму музычную хатку пад асінай, дзе жыў Кузя. А той быў настолькі гасцінным, што тут жа прапанаваў Слаўку бясплатна навучыць яго іграць на інструменце.
     – У нашым лесе ніхто не жадае стаць музыкантам, таму што трэба кожны дзень займацца музыкай. А мне вельмі патрэбны сябар, з якім я змагу весці гутаркі пра музыку, – прызналася таленавітае мышаня.
     Апрача таго, Кузя быў вельмі запаслівым. У яго каморцы знайшлася новая скрыпачка для грака. Слаўка быў вельмі рады, яму захацелася хутчэй навучыцца іграць на дзіўнай скрыпачцы. Вучоба аказалася цяжэй, чым ён чакаў. Аднак грак зацята развучваў гамы і эцюды і да канца лета навучыўся нядрэнна выконваць невялікія п'есы.
     – Гэты інструмент даволі складаны, але я абавязкова навучуся на ім добра іграць! – прызнаўся ён мышаню перад адлётам на поўдзень. – На наступны год я працягну сваё навучанне.
     – А ты працягвай яго там, на поўдні, – прапанаваў Кузя. – Інакш за зіму можаш зусім развучыцца іграць на скрыпачцы, бо гэты навык патрабуе пастаяннай трэніроўкі.
     – Няўжо? – здзівіўся Слаўка, але абяцаў не спыняць навучання.
     Яму пашанцавала. На поўдні ён таксама сустрэў скрыпача – незвычайна адоранага Сусліка. Разам яны вывучылі некалькі вясёлых песень. А вярнуўшыся з чарговай зімоўкі ў гняздо на высокай бярозе, Слаўка ўжо даволі добра змог сыграць вальсы і мазуркі і нават склаў песню для свайго роднага лесу. Зараз ужо ніхто не пасмейваўся з яго, і нават грак Смяялка з павагай глядзеў на яго і хваліў за стараннасць.
     – Ты стаў сапраўдным музыкантам, скрыпачом нашага лесу, – сказаў ён. – Мы, гракі, вельмі рады і ганарымся табой.
     
     Мой юны сябар, калі ты жадаеш у жыцці дасягнуць чагосьці важнага, патрэбнага табе і іншым, то будзь зацятым, не кідай сваю мару і адважна ідзі да вызначанай мэты.
     
      Гэтая казка на рускай мове
26.12.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100