Пісьмо Алісы (аповед-казка пра музыку ) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пісьмо  Алісы  (аповед-казка пра музыку )
Пісьмо Алісы (аповед-казка пра музыку )
Позні вечар. Амаль усе вокны вялікага дома пагашаны. А на пятым паверсе гарыць святло ў акенцы дзіцячай спальні. У пакоі за пісьмовым сталом сядзіць маленькая дзяўчынка і штосьці запісвае ў тоўсты сшытак, разгорнуты пасярэдзіне. Побач на стале ляжаць падручнікі і сшыткі. Відаць, дзяўчынка толькі нядаўна закончыла выконваць хатнія заданні. У куце пакоя стаіць пюпітр, на ім разгорнутыя ноты, а побач на крэсле ляжыць адчынены футляр, у ім прытаілася невялікая скрыпачка-чацвярцінка. Сёння яна ўжо пабывала ў руках гэтай дзяўчынкі і змагла выканаць сваю работу – нечаму навучыць маленькую гаспадыню. Скрыпачка разумее, што не ўсе гукі, якія дзяўчынка сыграла на яе струнах, былі дакладныя і прыгожыя, бо Аліса толькі вучыцца ў трэцім класе. Яна стараецца вучыцца, і, вядома ж, паступова абавязкова навучыцца выдатна выконваць складаныя музычныя творы. Яна здольная і вельмі працавітая.      Цяпер жа дзяўчынка захоплена іншай справай, ёй трэба штосьці важнае запісаць у сваім сшытку. Здаецца, гэта яе асабісты дзённік. Аліса яшчэ нікому яго не паказвала, дзённік – толькі яе думкі, разважанні. Што ж напісала сёння вучаніца трэцяга класа спецыяльнай музычнай школы ў сваім дзённіку? Непрыкметна, каб не перашкодзіць Алісе, зазірнём у яе сшытак…
     "Сёння я ішла са школы разам з Янкам. Ён старэйшы за мяне на два гады і вучыцца ў маёй школе. Яго любімы інструмент – віяланчэль. Я б не змагла іграць на ім, ён занадта вялікі. А Янка яго любіць, яму падабаецца гучанне віяланчэлі. Для мяне ж няма нічога выдатней маёй скрыпачкі. Яна такая прыгожая, я люблю ў ёй усё – і гукі, і яе пах і яе залацісты колер.
     У Янкі прыгожыя вочы і ўсмешка. Ён жыве недалёка ад мяне, праз дарогу. Улетку ён прыходзіў да мяне і падарыў букецік палявых кветак, які прывёз з дачы. Яго бацькі – музыканты. І яму нічога не заставалася рабіць, як таксама станавіцца музыкантам. Але ён вельмі здольны. Я таксама здольная, так кажа мая бабуля, бо мамы ў мяне няма, яна памерла, калі мне быў толькі годзік. Тата казаў бабулі: "Навошта ты аддала яе ў музычную школу?" А бабуля адказала: "У яе абсалютны слых. Ёй сам Бог загадаў вучыцца музыцы". Я разумею маю бабулю, таму што сама хачу стаць музыкантам і іграць у сімфанічным аркестры на сцэне.
     Аднойчы, калі я была яшчэ зусім маленькай, мы з бабуляй гулялі ў лесе і там на палянцы было вельмі шмат кветак. Яны так прыемна пахлі, што мне нават не хацелася іх зрываць. Кветкі – жывыя істоты, мне шкада ім псаваць жыццё, бо яны хутка вянуць. Я толькі любавалася на іх. Вакол пырхалі матылькі і стракозы, а з усіх бакоў лесу даносіліся галасы птушак. Іх песні яркія, незвычайныя і вясёлыя. Бабуля прысела на пянёк і распавяла мне казку, якую я ўспамінаю дагэтуль.
     "Калісьці вельмі даўно, – казала бабуля, – на нашай планеце не раслі кветкі. Чараўнік, які ствараў жыццё, спачатку вырашыў пасяліць на Зямлі Музыку. У той час усюды раслі велізарныя непраходныя лясы. У такіх цёмных дрымучых зарасніках было б страшна прабірацца людзям і звярам. Вось чаму Чараўнік расчысціў невялікія палянкі, атуліў іх зялёнай траўкай і пасяліў там маленькіх зялёных чалавечкаў. Ён навучыў іх граць на мініяцюрных скрыпачках, віяланчэлях, флейтах, трубах, арфах, гітарах, званках, літаўрах, барабанах і іншых музычных інструментах. Спачатку зялёным чалавечкам спадабалася гэтая задума, і яны натхнёна выконвалі розныя музычныя творы, якім абучаў іх Чараўнік. Музыкі навучыліся іграць вальсы, паланэзы, мазуркі, маршы, канцэрты, накцюрны. Вакол палянак збіраліся матылькі і стракозы, жукі і конікі. Усе захапляліся і хвалілі музыкаў. Але ніхто з іх не жадаў вучыцца спяваць, каб гэтыя мелодыі сталі песнямі. Матылькі і стракозы толькі навучыліся добра пырхаць у паветры і махаць сваімі яркімі рознакаляровымі крылцамі.
     І вось наступіў момант, калі лясныя музыкі адмовіліся граць. Яны стаміліся або ім усё гэта надакучыла. Зялёныя чалавечкі сталі прасіць Чараўніка, каб ён лепш ператварыў іх у матылькоў і надарыў Прыгажосцю. Да таго часу ўвесь дрымучы лес запоўніўся птушкамі. Яны рассяліліся на дрэвах паблізу светлых палян і бесперапынна слухалі выдатную музыку. Ім яна вельмі падабалася. Але падпяваць маленькім музыкам, якіх не было відаць з-за высокай травы, яны не вырашаліся, таму што не былі з імі знаёмыя і баяліся ім перашкодзіць.
     А музыкі глядзелі на Чараўніка сумнымі вачамі і паўтаралі, што не могуць і не жадаюць больш іграць на сваіх музычных інструментах. Нарэшце, Чараўнік зразумеў, што больш не зможа ўгаворваць іх. "Але як жа Музыка, я не магу пакінуць Зямлю без яе! – усклікнуў ён. – Жыццё на Зямлі загіне. Толькі Музыка здольная ствараць на Зямлі жыццярадасную атмасферу".
     "Мы будзем спяваць, мы вывучылі ўсе мелодыі, – крыкнулі з дрэў птушкі. – У нас прыгожыя галасы, яны падобныя на гучанне музычных інструментаў". "Вельмі добра, – узрадаваўся Чараўнік. – Я спадзяюся, што птушкі не здрадзяць мне і не пакінуць Зямлю без песень. А вас, зялёныя чалавечкі, я ўзнагароджу Прыгажосцю, пра якую вы марыце, за тое, што вы ўвесь гэты час дапамагалі мне. Толькі ўлічыце, што Прыгажосць не даўгавечна, як Музыка. Каб быць прыгожымі, вам прыйдзецца падсілкоўвацца энергіяй Сонца". І тады ўсе ўбачылі, што замест зялёных чалавечкаў на палянах у лесе з'явіліся яркія кветкі...
     Усе лугавыя кветкі, якія растуць на нашай Зямлі, прыгожыя і далікатныя, вельмі прыемна пахнуць, але яны квітнеюць толькі з вясны да пачатку восені. Калі пахаладае, і на небе з-за хмар радзей выглядвае Сонца, лугавыя кветкі адцвітаюць і гінуць. З прыходам новай вясны выграваецца зямля, тады гэтыя "красуні" ізноў з'яўляюцца на лясных палянах.
     Толькі Музыка не знікае, яна гучыць і чаруе нас прыгажосцю музычных гукаў заўсёды. Лясныя птушкі падарылі ўсім жыхарам Зямлі Музыку ў сваіх выдатных песнях. А людзей і жывёл, у якіх ёсць голас, птушкі навучылі спяваць".
     
     Вось такую цікавую казку распавяла мне бабуля ў лесе. Мне захацелася запісаць яе ў свой сшытак, каб не забыцца і часам перачытваць. Я ж, як толькі сябе памятаю, заўсёды любіла спяваць і слухаць прыгожую Музыку. Бабуля мая таксама вельмі любіць спяваць, у яе шмат запісаў на плэеры. Яна часта іх слухае. Бабулі падабаецца, калі я іграю на скрыпачцы, і яна ходзіць са мной на канцэрты. А мне вельмі падабаецца выступаць перад гледачамі.
     Цяпер позні вечар. Мая бабуля ўжо спіць. А я спісала некалькі старонак у сваім дзённіку. Каму я пішу? Не ведаю. Можа самой сабе, а можа сваёй будучай дачушцы. Я мару, што яна таксама будзе любіць і шанаваць добрую Музыку, навуччыца іграць на якім-небудзь музычным інструменце, каб радаваць сябе, мяне і другіх людзей чароўным гучаннем цудоўнай Музыкі.
     
      Гэты аповед на рускай мове
4.11.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100