Чырвоная Шапачка (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чырвоная  Шапачка (аповед)
Чырвоная Шапачка (аповед)
Калі Лізе споўнілася восем гадоў, яна сказала маме:      – Ты можаш не хвалявацца за мяне. Я прыйду са школы і сама разагрэю ежу. А ўрокі буду рабіць пасля заняткаў у секцыі. Ты ж ведаеш, я прыходжу дамоў пасля трэніроўкі ў сямнаццаць гадзін. Вось тады я патэлефаную табе і раскажу, як праходзіць мой дзень.
     – Добра, – пагадзілася мама. Яна была рада, што ў яе падрастае разумная і самастойная дачка.
     "Чаму Ліза так клапоціцца пра маму?" – спытаеце вы. Справа ў тым, што ў мамы цяпер шмат спраў, акрамя працы і дома. Захварэла бабуля Лізы. Яна жыве адна ў тым жа горадзе, што і яны. Але, каб дабрацца да дома бабулі, трэба патраціць паўгадзіны, а то і больш, пакуль яшчэ дачакаешся на прыпынку патрэбны аўтобус. Мама ездзіць да бабулі раніцай перад працай, адвозіць ежу, даглядае хворую. Вось чаму на хатнія справы ў мамы застаецца нашмат менш часу, чым гэта было раней, да хваробы бабулі.
     Тата Лізы часта ездзіць у камандзіроўкі. І цяпер яго няма дома. Дзяўчынцы прыходзіцца дапамагаць маме – ўборку невялікую ў кватэры зрабіць і ў краму за прадуктамі схадзіць, і штосьці прыгатаваць з ежы. Але другакласніцы яшчэ некалькі разоў на тыдзень трэба ісці на заняткі ў спартыўную секцыю. Яе Лізе зусім не хочацца кідаць. "Калі захочаш, то ўсюды паспееш. Толькі дарма час не губляй!" – упарта паўтарае дзяўчынка і імкнецца ўсё рабіць своечасова, не марнаваць час дарма. Аднак, як і ўсе людзі, часам яна стамляецца, ёй становіцца цяжка, і тады Ліза самой сабе ўзнімае настрой бадзёрай вясёлай песенькай.
     Толькі позна ўвечары, калі ўсе справы ў дачкі і ў мамы перароблены, можна расслабіцца і спакойна пагаварыць.
     – Як там бабуля? – пытаецца Ліза ў мамы.
     – Папраўляецца. Але ёй яшчэ патрабуецца дапамога. Яна сама не зможа спраўляцца з усім, – адказвае мама, стомлена гледзячы на дачку.
     – Нічога, мы як-небудзь перажывём гэтую напасць, – падтрымлівае маму Ліза. – Усё будзе добра.
     Дзяўчынка любіць сваю бабулю і ў выхадны дзень знаходзіць час, каб наведаць яе. Падняўшыся на трэці паверх, Ліза націскае на званок.
     – Хто там? – раздаецца за дзвярамі голас бабулі.
     – Гэта я, Чырвоная Шапачка.
     Дзверы тут жа адчыняюцца, і бабуля, усміхаючыся, абдымае ўнучку.
     – Добры дзень, Лізачка! Дзякуй, што не забываеш мяне, – шэпча яна сваёй дарагой дзяўчынцы на вушка.
     – Бабуля, я – не Лізачка, я – Чырвоная Шапачка, – смяецца тая і знімае з галавы чырвоны берэт.
     – Так, так, я не забылася, што ты ў мяне самая клапатлівая дзяўчынка, – кажа бабуля.
     А Ліза ўжо знімае паліто і ставіць на стол свае гасцінцы.
     – Вось гэта табе, бабуля, пірог ад мяне.
     – І ты яго спякла? – захапляецца старая.
     – Вядома. Я ўжо ўмею пячы пірагі, – выхваляецца ўнучка. – Мама зусім трошкі дапамагла.
     – Якая ж ты ў мяне разумніца! – хваліць яе бабуля. – Дзякуй табе вялікі!
     – А як тваё здароўе? – пытаецца Ліза.
     – Добра. Бачыш, я ўжо здаровая. І ўсё дзякуючы твайму і мамінаму клопату. Вы для мяне – выратаванне, вы – мой скарб, – кажа бабуля і пяшчотна абдымае ўнучку.
     Трохі пагасцяваўшы ў бабулі, Ліза спяшаецца на спартыўныя заняткі. А бабуля глядзіць у акно і махае ёй рукой на развітанне: "Да сустрэчы, мая дарагая Чырвоная Шапачка, будзь здаровая і не забывай мяне". "Не забуду, бабуля", – мысленна адказвае Ліза, гледзячы на сілуэт у акне трэцяга паверху.
     Дзяўчынка паскарае крок, бо спазняцца на заняткі нельга, а ёй яшчэ трэба будзе перапрануцца. За яе спіной заплечнік са спартыўнай формай, Ліза весела крочыць па алеі, абсыпанай жоўтай лістотай. Ужо засталося прайсці зусім крыху, там за паваротам будынак спартыўнага клуба. Па дарозе сустракаецца сяброўка з секцыі. Усмешкі, прыемная гутарка, жарты – Ліза на час забывае пра свае штодзённыя клопаты. Цяпер яна ўся там – са сваімі сябрамі, у вясёлай кампаніі, дзе пануе толькі маладосць, шчасце і радасць.
     
      Гэты аповед на рускай мове
26.10.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100