Сінявокія зорачкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сінявокія зорачкі
Сінявокія зорачкі
На вялікім залацістым полі з двух бакоў абкружаным цёмна-зялёным хваёвым лесам паспявалі пшанічныя каласы. Іх галоўкі з доўгімі вусікамі калыхаліся з боку ў бок пад ласкавым подыхам летняга ветрыка і ціхенька люлялі песеньку-калыханку:      – Шур-шыр, шур-шыр, спіце нашы зярняткі, сіл у сне набірайцеся. Зусім хутка вы паспееце і ператворыцеся ў духмяны хлеб на стале ў хлебароба.
     Ласкавую песеньку пшанічных каласкоў слухала сінявокая кветка Валошка, падобная на маленькую зорачку. Яна вырасла на гэтым полі побач з каласкамі і стала іх сапраўднай сяброўкай. Каласкі пакахалі Валошку за добрае сэрца і прыгажосць.
     – Ты падобная на сінявокую Зорачку, – казалі яны, – тую, што ў жніўні спускаецца з неба на зямлю.
     Валошка слухала аповеды пшанічных каласкоў і па начах глядзела на неба, спадзяючыся ўбачыць там сінявокую Зорачку, падобную на яе.
     Аднойчы ў цёмную ноч апошняга месяца лета пачаўся моцны зорапад. З неба на зямлю сыпаліся і сыпаліся яркія зорачкі. І, на шчасце, адна з іх самая малюсенькая і, да таго ж, сінявокая апусцілася на пшанічнае поле побач з Валошкай.
     Яна была чароўная. Яркія праменьчыкі нябеснай Зорачкі асвятлілі ажурныя пялёсткі Валошкі і кветачка стала яшчэ больш прыгажэйшай.
     – Якая прыгожая сіняя зорачка! – захапілася начная госця.
     – Не, я – кветка і нарадзілася на гэтым полі, тут жывуць мае сябры, – адказала Валошка.
     – Значыць, ты мая стрыечная сястрычка, – усміхнулася нябесная Зорачка. – У цябе вочы такога ж колеру, як і мае. Яны сінія! Шкада, што ты не зможаш паляцець са мною ў неба, але я абавязкова прылячу да цябе зноў, калі здарыцца такі, як сёння, начны зорапад. Да спаткання, Валошка, да новай сустрэчы! – крыкнула Зорачка і яе звонкі галасок паляцеў разам з ёй у цёмнае начное неба.
     Сінявокая Зорачка знікла ў нябёсах, зносячы з сабой яркае святло сваіх праменьчыкаў, а на зямлі зноў стала вельмі цёмна. Валошка заплюшчыла стомленыя вочкі і хутка заснула.
     Раніцой, успамінаючы нябесную госцю, яна засмуткавала. Кветцы стала шкада, што Зорачка так хутка адляцела у неба.
     – Не журыся, Валошка, – падтрымалі яе сябры – пшанічныя каласкі. – Ты ж не адна, мы побач з табой. Наша поле – твая родная хата, а неба – хата тваёй стрыечнай сястрычкі Зорачкі, там жывуць яе сябры, нябесныя зорачкі. Але вы ж родныя, яна не забудзецца на цябе і хутка зноў прыляціць да нас на зямлю, каб сустрэцца з табой.
     
      Гэтая казка на рускай мове
15.09.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100