Вучэнне – святло - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вучэнне – святло
Вучэнне – святло
Лета, яркае і вясёлае з водарамі смачных ягад і прыгожых кветак падыходзіла да канца. У першы дзень восені ў жыцці хлопчыка Янкі адбудзецца важная падзея. Ён пойдзе вучыцца ў школу, паступіць ў першы клас!      Не толькі сам Янка, уся яго сям'я была заклапочана гэтым. Мама, тата, бабуля і нават малодшая сястрычка Каця з гонарам глядзелі на Янку, які ўжо праз тыдзень стане першакласнікам. Для паспяховай вучобы хлопчыка тэрмінова быў падрыхтаваны яго пакой. Побач з ложкам, на якім спаў Янка, пасяліўся пісьмовы стол. На вешалцы ў шафе ўжо красавалася новенькая школьная форма, на кніжнай паліцы акуратна размясціліся школьныя сшыткі, падручнікі, а таксама ўсё школьнае прыладдзе, неабходнае першакласніку для вучобы ў школе: каса злічальных матэрыялаў, набор веераў школьных, пенал, лінейка, простыя і каляровыя алоўкі, ручкі, гумка, вастрылка, альбом для малявання, фламастары, акварэльныя фарбы, пэндзлікі, пластылін, клей, кардон, нажніцы, вокладкі для сшыткаў і кніг. Напярэдадні мама з сынам хадзіла на школьны кірмаш. Там яму купілі ўсе гэтыя рэчы.
     А яшчэ ў Янкі з'явіўся новенькі школьны заплечнік. Яго ён набыў трохі раней, на пачатку лета, калі гасцяваў у бабулі. На шпацыры яны зайшлі ва ўнівермаг, дзе бабуля яшчэ раней прыгледзела "прыгожы рукзачок".
     – Хай гэта будзе падарунак ад мяне, – сказала яна, заўважыўшы, што ўнуку спадабаўся школьны заплечнік з вясёлым малюнкам у выглядзе жоўценькага сонейка.
     – Вучэнне – святло, а невучэнне – цемра, – пажартавала бабуля, паказваючы на яркі малюнак. – Будзеш добра вучыцца, пасля заканчэння школы працягнеш сваю адукацыю ў каледжы ці ва ўніверсітэце, – прамовіла яна, – абярэш сабе цікавую спецыяльнасць. А я буду ганарыцца табой!
     – Я, бабуля, стану лётчыкам, – сказаў Янка.
     – Лётчыкам ці касманаўтам, інжынерам ці настаўнікам, будаўніком, геолагам ці лекарам – усе прафесіі добрыя, толькі трэба абраць тую, якая табе будзе падабацца, – параіла бабуля.
     У прадчуванні будучай вучобы Янка часта ўсаджваўся за пісьмовы стол і разглядаў сваё школьнае прыладдзе. Праўда новых падручнікаў для першага класа ў яго яшчэ не было, іх выдадуць пазней у школе, затое стары патрапаны матулін буквар ляжаў пасярод стала. Па ім хлопчык навучыўся чытаць. У гэтым яму дапамагала мама. Янка памятаў, як гэта было. Спачатку ён навучыўся чытаць па складах, а зараз можа нават прачытаць урывак з кнігі казак, якую яму чытае па вечарах тата. Пісаць Янка таксама трохі ўмее вялікімі літарамі. А ў школе будуць вучыць пісаць у радок, прагожа выводзіць літары ў сшытку ў касую лінейку. Гэта даволі цяжка. Але Янка не баіцца вучыцца.
     Увечар з працы прыйшоў тата і прынёс сыну яшчэ адзін падарунак да школы – новенькую настольную лямпу.
     – Яна будзе табе вельмі патрэбна. Мы з табой яе прымацуем да стала з левага боку. – сказаў ён. – Тады на стол не будзе трапляць цень ад тваёй правай рукі, калі ты будзеш пісаць у сшытку.
     Два апошнія жнівеньскія дні перад школай Янка пастараўся правесці з сябрамі ў двары, і ў яго пакоі запанавала цішыня. Аднак, гэта цішыня была падманлівай, таму што новенькі пісьмовы Стол вырашыў пазнаёміцца з настольнай Лямпай, а ўсё школьнае прыладдзе – адно з адным. У цішыні чулася іх перашэптванне, усе нядаўна набытыя рэчы пра нешта спрачаліся і штосьці абмяркоўвалі. Магчыма, яны таксама хваляваліся, таму што неўзабаве ім трэба будзе старанна дапамагаць хлопчыку вучыцца.
     Самай спакойнай і разважлівай у пакоі аказалася старэнькая Люстра. Яна ўжо больш за дзесяць гадоў вісела пад столлю і шмат чаго пабачыла. Люстра памятала Янку зусім маленькім дзіцём, які яшчэ не ўмеў хадзіць і гаварыць. А неўзабаве ён стане першакласнікам! "Гэта шчасце для хлопчыка і ўсёй яго сям'і", – разумела старая Люстра.
     І раптам ёй, бабульцы, стала вельмі шкада, што яна не настольная Лямпа. "У Лямпы, як і ў Янкі, хутка пачнецца вельмі цікавае жыццё, – зайздросна ўздыхала Люстра. – Настольная Лямпа будзе бачыць усё, што адбываецца на пісьмовым Стале. Яна навучыцца чытаць разам з хлопчыкам, будзе асвятляць яму лісты ў сшытках, калі ён стане выконваць хатнія заданні. А я дрэнна бачу і не змагу ўсё разгледзець здалёк".
     Усё тое, пра што гаравала старая Люстра, адбылося. Але ёй, усё-такі, не трэба было так думаць, бо без Люстры Янка таксама не змог бы абыйсціся. Цёмнымі вечарамі ён абавязкова ўключаў яе, каб лепш разглядзець гарады і краіны на сваёй карце свету, якая вісела ў яго над ложкам. Па раніцах ён уключаў святло, каб сабрацца ў школу і яшчэ шмат для чаго хлопчыку патрэбна было святло не толькі яго настольнай Лямпы, але і старэнькай Люстры…
     Пройдзе шмат гадоў. Янка вырасце, скончыць школу і абавязкова працягне сваю адукацыю. А настольная Лямпа і старая Люстра ўсё яшчэ будуць асвятляць яго пакой і дарыць святло для шчаслівага жыцця разумнага адукаванага чалавека.
     
      Гэты аповед на рускай мове
31.08.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100