Шчаўкунчык - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Шчаўкунчык
Шчаўкунчык
Цяпер лета, чэрвень. У вокны Алёнкінай хаты свеціць Сонейка. Яна збіраецца з мамай і татам у госці да бабулі на дачу. Прысела на хвілінку каля расчыненага акна. А за акном Клён штосьці шэпча лістотаю. Можа быць, ён успамінае, як перад Новым годам дапамог Шчаўкунчыку саскочыць з гэтага акна ў гурбу з чароўных сняжынак?      – Ветрык! Ты памятаеш Шчаўкунчыка? – прашаптаў Клён залётнаму Паўднёваму Ветру.
     – Не, – адказаў той.
     – Так-так, – зразумеў Клён, – бо тады не ты, а вельмі халодны Паўночны Вецер церабіў мае замерзшыя галінкі. Але мне не было холадна. Я вельмі хацеў паказаць Шчаўкунчыку нябесныя зорачкі.
     – Цікава! – прасвістаў Паўднёвы Вецер. – Раскажы пра гэта.
     – Тады слухай, – пагадзіўся Клён і пачаў свой расказ.
     – Перад Новым годам Алёнкін тата прынёс у хату прыгажуню лясную Ёлачку. Ганарліўка нават не зірнула на мяне, калі ў пакоі ля гэтага акна яе прыбіралі ў навагодні ўбор. Ох, і прыгожае ў яе было адзенне! Ёлачка была такая шчаслівая! Яна яшчэ больш распушыла зялёныя галінкі, упрыгожаныя рознакаляровымі шарамі, гірляндамі і іншымі навагоднімі цацкамі. Як потым мне распавёў Шчаўкунчык, самай прыгожай цацкай на Ёлачцы ўсе палічылі чароўную Зорачку. "Задавака" ззяла на верхавіне Ёлачкі і казала ўсім, што яна самая, што і на ёсць, сапраўдная Зорачка, таму што прыляцела на навагодняе свята з неба.
     Вядома, гэта няпраўда. Проста цацачная Зорачка вялікая выдумшчыца. Ёй хацелася паказаць сваю перавагу над усімі астатнімі ёлачнымі цацкамі. Хтосьці з цацак ёй нават паверыў, толькі не я. Я ж – сапраўдны Клён, расту на зямлі і кожны дзень бачу мільярды зорачак, якія свецяць і пераліваюцца ў начным небе.
     – І я іх таксама бачу, – падтрымаў Клён Паўднёвы Вецер.
     – Дык вось, – працягваў распавядаць Клён. – Шчаўкунчык слухаў Зорачку і не ведаў, верыць ёй ці не. У гэты час ён ляжаў на падаконніку недалёка ад Ёлачкі. Алёнка забылася яго павесіць на галінку, калі ўпрыгожвала Ёлачку. Шчаўкунчык глядзеў у акно. Там было цёмна, бо надышла ноч. Маленькае Алёнкіна Кацяня, скруцілася абаранкам і спала тут жа на падаконніку побач з цацачным Шчаўкунчыкам.
     Раптам штосьці бразнула. Кацяня прачнулася і паглядзела на Шчаўкунчыка. А той спрабаваў залезці на адчыненую фортачку. Але забраўшыся на яе, ён пабаяўся саскочыць уніз у гурбу, хаця яму вельмі хацелася памацаць сняжынкі, якія пераліваліся перламутрам пры свеце Месяца.
     "Я дапамагу табе, – сказала цацачнаму Шчаўкунчыку кацяня. – Глядзі, як гэта робіцца". І Кацяня хуценька залезла на фортачку, а затым, не марудзячы, саскочыла ў гурбу. Вось толькі зрабіць гэта яму было вельмі проста, бо ў Кацяняці мяккія лапкі і доўгі пухнаты хвост, ды і акно невысока – на першым паверсе хаты.
     Шчаўкунчык асмялеў і таксама скокнуў, але не патрапіў у гурбу, а ўчапіўся за маю галінку. І тады я дапамог яму спусціцца ўніз па маім абледзянелым ствале. "Ох, як тут холадна!" – крыкнуў Шчаўкунчык, праваліўшыся па калена ў гурбу з пухнатага белага снегу. "Няпраўда, няпраўда!" – зазвінелі сняжынкі. Іх вакол Шчаўкунчыка было неверагодна многа, нават не злічыць. "А вы хто такія?" – здзівіўся Шчаўкунчык, гледзячы на зіхатлівы снег з мільярда маленечкіх ледзяных сняжынак. Але ў гэты момант падзьмуў Паўночны Вецер, сняжынкі схамянуліся, расправілі ажурныя спаднічкі з ледзянога крышталя і пачалі танчыць! Ах, як гэта было цудоўна! Нават я залюбаваўся іх танцам.
     – А Шчаўкунчык таксама танчыў? – спытаў Паўднёвы Вецер.
     – І ён пусціўся ў скокі з самай лепшай, самай вясёлай і адважнай Сняжынкай. Яна закруціла яго ў вальсе, Паўночны Вецер падняў іх угару і панёс…
     – Куды? – здзівіўся Паўднёвы Вецер. – Цацачны Шчаўкунчык не ўмее лётаць.
     – Але ў чароўны пераднавагодні час усё магчыма, – адказаў Клён. – А калі яны зноў апусціліся ўніз, Шчаўкунчык казаў, што там, высока ў небе, Сняжынка пазнаёміла яго з сапраўднымі зорачкамі, якія пажадалі ўсім, хто жыве на Зямлі, шчаслівага Новага года!
     – Як цікава! – пазайздросціў Паўднёвы Вецер. – Я таксама хачу пагаварыць з зорачкамі.
     – Тады ўзлятай высока ў неба цёмна-сіняй ноччу і, можа быць, ты дабярэшся да іх, – сказаў Клён. – У тую ноч я дапамог Шчаўкунчыку вярнуцца ў сваю хату. Ён залез на маю галінку, бо я апусціў яе бліжэй да гурбы, а затым падняў да акна разам са Шчаўкунчыкам. Я рабіў усё гэта дзеля выратавання Шчаўкунчыка.
     Раніцай да акна падышла Алёнка. Яна ўзяла Шчаўкунчыка ў руку і адчула, што ён моцна замерз. Я бачыў, як дзяўчынка сагравала любую цацку сваім дыханнем, а затым прымацавала да галінкі навагодняй Ёлачкі.
     На наступны дзень у дзверы хаты пастукаўся Дзядуля Мароз. Ён прынёс Алёнцы навагодні падарунак. Бліжэй да вечара ў вялікім пакоі, дзе стаяла ўпрыгожаная Ёлачка, пазбіраліся госці – дарослыя і дзеці. Алёнка разам з гасцямі, а таксама з мамай і татам рыхтавалася да сустрэчы Новага года.
     У навагоднюю ноч я заўсёды бачу, як па небе ў крыштальнай калясніцы імчыцца адважны хлопец – Новы Год, – працягваў распавядаць стары Клён. – Я гляджу на яго, а ён штосьці крычыць адтуль, з вышыні. Але не толькі мне, а ўсім, хто глядзіць у гэты момант у неба. У тую чароўную навагоднюю ноч Алёнка і ўсе яе госці таксама сачылі за калясніцай, якая прамчалася па небе ў тое самае імгненне, калі гадзіннік прабіў дванаццаць гадзін ночы.
     – Што ж здарылася потым? – спытаў Паўднёвы Вецер.
     – Пасля навагодніх свят з Ёлачкі знялі ўсе цацкі і Шчаўкунчыка таксама. Затым яе аднеслі ў двор і пасадзілі ў зямлю каля плота. Глядзі! Вунь яна расце. Прыжылася, малайчына!
     Клён паказаў галінамі ў той бок, дзе расла Ёлачка. На шчасце, галінкі на ёй не высахлі. Яны былі зялёныя і пухнатыя.
     – Я палячу, пагавару з ёй, – сказаў Паўднёвы Вецер і паляцеў да Ёлачкі, каб даведацца ад яе яшчэ пра штосьці цікавае.
     А стары Клён, стаміўшыся ад доўгай гутаркі, вырашыў перадыхнуць. Ён паслабіўся і заснуў у прамянях летняга Сонейка пад спеў сяброўкі Сінічкі, якая зручна ўладкавалася на яго галінах.
     
      Гэтая казка на рускай мове
22.06.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100