Мастак і яго чараўніцы (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мастак і яго чараўніцы (казка)
Мастак і яго чараўніцы (казка)
Аднойчы на пачатку года малады паэт, падарожнічаючы па свету, спыніўся на некалькі дзён у адным невялікім мястэчку. Яно было размешчана ў вельмі маляўнічым месцы: на высокім узгорку блішчалі на сонцы купалы старой царквы, унізе, у даліне, пасярод вялікага парку са стогадовымі дубамі, таполямі і клёнамі, віднелася люстраная роўнядзь невялікага возера. У горадзе было некалькі старадаўніх палацаў і замак.      Шпацыруючы па парку і любуючыся навакольнымі прыгажосцямі прыроды, паэт сустрэў маладую дзяўчыну. Праходзячы міма, незнаёмка зірнула на яго і ўсміхнулася. Паэта ўразілі яе вялікія прамяністыя вочы і густыя каштанавыя валасы, якія хвалямі клаліся на плечы дзяўчыны. Апранута яна была ў яркі летні ўбор. Прыгажуня хутка мінула паэта, і не паспеў ён азірнуцца назад, як яна знікла, нібы растаўшы ў паветры. Малады чалавек быў так здзіўлены адбыўшымся, што і не заўважыў, як падышоў да нейкага старадаўняга будынка. З цікаўнасці ён вырашыў увайсці ў яго і паглядзець, хто ж там жыве, тым больш, што вароты былі адчынены.
     На ганку яго ветліва сустрэў гаспадар гадоў сямідзесяці і павёў у сваю хату. Паэт убачыў, што ўсе сцены першага і наступных пакояў палаца абвешаны партрэтамі маладых, вельмі прыгожых дзяўчын. Ён пацікавіўся ў старога, хто іх намаляваў. Той адказаў, што гэта яго карціны, і маляваў ён іх усё жыццё, кожны год па чатыры партрэты.
     – Хто гэтыя прыгажуні? – спытаў паэт.
     – Гэта даўняя гісторыя, – адказваў стары мастак. – Калі я быў такім жа маладым, як ты цяпер, – звярнуўся ён да свайго госця, – то вельмі любіў маляваць маладых дзяўчын. Яны самі прасілі мяне зрабіць гэта, калі я сядзеў з мальбертам дзе-небудзь на лаўцы ў парку ці на беразе возера. Партрэты атрымліваліся добрыя. Яны падабаліся маладым дзяўчынам. Яны з падзякай куплялі іх у мяне.
     Неяк улетку, калі я ў парку маляваў стары разгалісты дуб, да мяне падышла незнаёмка. Тое, што яна вельмі моцна адрознівалася ад усіх, каго я да яе маляваў, мне стала зразумела адразу. Твар гэтай прыгажуні ззяў як ясны сонечны дзень, блакітныя вочы былі празрыстыя, нібы чыстыя азёры ціхай летняй раніцай. Хвалі шаўкавістых валасоў цёплымі рачаямі спадалі амаль да самай зямлі, а румяныя вусны былі падобныя на саспелую духмяную лясную суніцу.
     Яна села поруч мяне і папрасіла намаляваць яе: "Калі ласка, намалюйце мне такі ж партрэт, як той дзяўчыне, якую вы малявалі ўчора. Пройдзе час, я пастарэю, прыгажосць мая звяне. Але застанецца памяць пра яе". "Хто ж ты такая?" – пацікавіўся я. "Маё імя Лета, – усміхнулася незнаёмка. – Калі не верыце, спытаеце ў птушак". І тут жа, як толькі яна гэта прамовіла, птушкі, якія сядзелі побач з намі на галінках дрэў, адразу заспявалі і заціўкалі, як бы ў пацверджанне сказанаму. Я быў неверагодна здзіўлены і зачараваны ўсім тым, што адбылося, і не памятаючы сябе, вельмі хутка намаляваў чараўніцу Лета. Дзяўчына забрала партрэт, падзякавала і непрыкметна знікла.
     З таго часу кожная пара года прыходзіла да мяне ў вобразе дзяўчыны і прасіла яе намаляваць. Усе яны былі чароўныя, апрача таго, ад іх аблічча заўсёды зыходзіла незразумелае чараўніцтва. Восень з'яўлялася ў выглядзе каравокай прыгажуні з капой рудых, быццам агністая шапка восеньскай лістоты, волас. Зіма – ў вобразе румянай белатварай спадарычны з доўгімі, пухнатымі, белымі як снег валасамі. Але самай прыгожай мне здавалася Вясна. Русавалосая, з зялёнымі вачамі, яна заўсёды ззяла, нібы вясновае сонейка. Усе яе рухі былі напоўнены яркім сонечным святлом. Позірк быў чысты і наіўны, а далікатныя вусны радасна і шчасліва ўсміхаліся. Яна прыходзіла, і за ёй прылятала цэлая чарада разнагалосых птушак. Там, дзе яна прайшла, зямля пакрывалася зялёным дываном, а ад яе лёгкай сукенкі зыходзіў водар вясновых кветак – язміну, бэзу і ландыша.
     Я з вялікім задавальненнем маляваў усіх чароўных незнаёмак, – сказаў напрыканцы мастак. – Яны дарылі мне радасць і душэўную цеплыню. Глядзі! – ён паказаў рукой на сцены свайго пакоя. – Колькі іх у мяне! Тут каля двухсот партрэтаў дзяўчын. Гэта Леты, Восені, Зімы і Вёсны майго жыцця. Праўда, іх я маляваў ужо потым, калі вяртаўся дахаты, па памяці.
     – Як гэта дзіўна! Я не ў сілах паверыць у такое! – вымавіў паэт. – А цяпер вы яшчэ малюеце? – спытаў ён мастака.
     – Не. Я стары, ды і вочы мае дрэнна бачаць. Дзяўчыны ходзяць па парку. Я часта сустракаю выдатных Фей. Але яны не просяць мяне намаляваць іх, разумеюць, што я ўжо слабы.
     – Сёння ў парку я бачыў вось гэтую мілую дзяўчыну! – паэт паказаў на адну з карцін.
     – Я маляваў яе, калі мне было дваццаць пяць гадоў, – адказаў стары. – Ты, напэўна, сустрэў іншую дзяўчыну Лета, падобную на яе.
     Да позняга вечара паэт гасцяваў у старога мастака. Дахаты ён вяртаўся поўны яшчэ не зусім яму зразумелых і ўсвядомленых пачуццяў.
     – Так… На свеце адбываюцца цуды. Гэта відавочна. Толькі іх трэба як след разглядзець, – думаў ён.
     
      Гэтая казка на рускай мове
18.06.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100