Муфта (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Муфта (аповед)
Муфта (аповед)
Маленькім шчанюком гэты сабачка з'явіўся ў сям'і Івана Пятровіча. Ён, маёр у адстаўцы з пяцідзесяцігадовым стажам працы, на заслужаным адпачынку затужыў ад "гультайства" ў кватэры з энергічнай гаспадыняй – сваёй жонкай Святланай. Дарослы сын Арцём прынёс яму шчанюка з адной мэтай – бацьку будзе нагода выхадзіць часцей на вуліцу, у парк, які размясціўся побач, праз дарогу.      Муфта – так стары ў першы тыдзень знаёмства назваў сабачку. Чаму Муфта?
     – Глядзі, жонка! Гэта рудая пухнатая гультайка ўвесь час у мяне на руках. І не думае сама пабегаць па кватэры.
     – А табе так зручна? – спытала Святлана.
     – Вядома. Яна ж, як твая футравая муфта, увесь час сагравае мяне, мае халодныя пальцы на руках.
     – Вось і добра. Так і будзем яе зваць – Муфтай, – вырашыла гаспадыня кватэры.
     Муфта хутка асвоілася ў ласкавых гаспадароў і паводзіла сябе не вельмі стрымана. То сцягвала на падлогу абрус са стала, то раскідвала па кватэры абутак, то залазіла на акно, дзе стаялі вазоны з кветкамі, пагражаючы іх разбіць на друзачкі.
     – Адвядзі яе ў двор, хай там гарэзуе, – прасіла мужа жонка.
     Вось так Іван Пятровіч і ўцягнуўся ў гэту справу – некалькі разоў у дзень выгульваць сабачку. Яму такі занятак ішоў на карысць, ён пачаў адчуваць сябе лепш, менш стамляўся, мацней спаў па начах. Ды і Муфта прыгажэла з кожным днём. Яе рудая поўсць блішчала на сонцы, адвіслыя доўгія вушы распушыліся, чорныя пранізлівыя вочы казалі пра тое, што Івану Пятровічу пашанцавала – побач разумны і адданы сябар, які гатовы быць з ім заўсёды – у радасці і ў бядзе.
     Усё так і было. Муфта не адыходзіла ад гаспадара, яна палюбіла яго ўсёй сваёй шчырай сабачай душой. Старасць, якая насоўвалася на гэтага чалавека, ніяк не магла паўплываць на любоў і адданасць чацверанога сябра.
     На шпацырах у парку прахожыя часта назіралі за імі. Было прыемна глядзець на гэтых дваіх – драхлага старога з палачкай і бадзёрага маладзенькага сабаку. Як бы павольна стары ні ішоў, сабака не ўцякаў ад яго, а заўсёды быў побач.
     – Добрая ў вас сабака, – казалі знаёмыя пры сустрэчы. – Ні на крок не адыходзіць, ахоўвае і клапоціцца пра вас.
     – А то як жа, – адказваў Іван Пятровіч. – Муфта – мой самы надзейны сябар, мая памочніца.
     Муфта слухала і разумела, што кажуць пра яе. Яе хваляць. І ёй хацелася стаць яшчэ лепш. Яна імкнулася дапамагаць старому ва ўсім, на што была здольная – прынесці з іншага пакоя тапкі, адзежу гаспадара, нават схаваны ў футарал сотавы тэлефон – усё гэта было для яе прасцей простага. Але аднойчы здарылася неспадзяванае. Стары страціў прытомнасць, калі яго жонка была на дачы. І сабака зрабіў усё магчымае, каб выратаваць чалавека. Яго адчайны брэх пачула суседка, адчыніла дзверы запасным ключом і вызвала хуткую дапамогу. Так Іван Пятровіч апынуўся ў бальніцы. А як жа Муфта, што адчула яна, застаўшыся без любімага гаспадара і сябра?
     Толькі аднойчы апынуўшыся разам са Святланай ля дзвярэй бальніцы, яна ўжо не змагла сысці адтуль і чакала, і чакала старога. Святлана сілком адводзіла яе дахаты, але Муфта ў любы зручны момант ірвалася назад – да дзвярэй прыёмнага пакою бальніцы. Яна гатовая была начаваць і дняваць там галодная суткі напралёт.
     – Што мне з табой рабіць! – хвалявалася Святлана, прыносячы ёй да дзвярэй бальніцы ежу. – Твой гаспадар хутка вернецца, будзе дома, пойдзем са мной, – супакойвала яна сабаку.
     А Муфта глядзела на Святлану поўнымі смутку вачамі, не верачы яе словам. Яна падспудна разумела, што ўсё гэта няпраўда. Вельмі шкада, але дзядулі ў той час ужо не было на свеце…
     Як жа вярнуць сабаку да ранейшага спакойнага жыцця, што зрабіць, каб яна забылася пра сваё гора, калі адданасць сябру не сыходзіла з яе сабачага сэрца?
     Дапамагла ўнучка Івана Пятровіча. Бабуля Света аднойчы прывяла дзяўчынку і пазнаёміла з Муфтай. Можа, неверагодна добрае і чулае сэрцайка малой, яе маленькія ручанькі і дзіцячае абаянне сустрэлі трапяткі водгук і разуменне ў стомленай ад гора душы сабакі?
     Толькі гэта сустрэча выратавала Муфту і ў яе пачалася другая шчаслівая паласа жыцця – сяброўства з маленькай дзяўчынкай Мар'янай.
     
      Гэты аповед на рускай мове
16.06.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100