Такі жаданы падарунак - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Такі  жаданы падарунак
Такі жаданы падарунак
Напэўна, кожны жыхар нашай планеты, той, хто жыў на ёй раней ці жыве цяпер, хоць раз у сваім жыцці задумваўся пра тое, як будуць жыць людзі ў будучыні, гэтак гадоў праз дзвесце, а то і больш. У кожнага адносна гэтага свае думкі і здагадкі.      Сярожа сядзеў і марыў менавіта пра гэта. Тата паабяцаў яму купіць камп'ютэр, калі ён добра скончыць навучальны год. Хлопчыку вельмі хацелася, каб у яго быў свой хатні камп'ютэр, і ён стараўся добра вучыцца. Толькі вось непаслухмяныя думкі часам адводзілі яго зусім у іншы бок менавіта тады, калі ён вучыў урокі і сядзеў за сваім пісьмовым сталом з падручнікам альбо сшыткам.
     Сярожа думаў… Ён уяўляў сабе, што будзе праз шмат гадоў, калі Зямля да таго часу не загіне ад катастроф ці па якой-небудзь іншай прычыне. Просты кампъютэр ні для каго ўжо не будзе навіной, і дзеці не будуць прасіць сваіх бацькоў купіць яго. Чалавека з дзяцінства што ні крок будуць суправаджаць робаты і камп'ютэры, і таму яны ўжо не будуць для яго такімі жаданымі, як для сучасных дзяцей. Робаты будуць прысутнічаць усюды – у дзіцячым ложачку і калысцы, на кухні і ў ванным пакоі, у спальні і ў гасцінай. А на вуліцах, у крамах, офісах і на розных прадпрыемствах іх будзе наогул вялікае мноства. Па памерах робаты будуць самымі рознымі – ад маленькай кнопкі да самалёта. Камп'ютэры да таго часу стануць звышразумнымі, а дзіцячыя цацкі – унікальнымі. Дзяцей усюды будуць суправаждаць робаты ў форме розных лялек і цацак, адмыслова сканструяваныя для забавы і навучання. Яны змогуць размаўляць і хадзіць, нават думаць як людзі.
     Сярожа ўстаў і прайшоўся па пакоі…
     "А што ўжо такога добрага ў робатах? – разважаў ён. – Вядома, з імі вельмі цікава і незвычайна, але калі вакол будуць адны толькі камп'ютэры і робаты, то дзецям, мабыць, будзе хацецца чагосьці зусім іншага – больш частых зносін адно з адным, з жывой прыродай. Самым лепшым і жаданым падарункам для іх напэўна стануць хатнія жывёлы – коткі і сабакі, паездкі ў лес, на возера, да мора, ці нават – цікавая кніга"
     Вось так думаў хлопчык. Але ён ні ў чым не быў упэўнены.
     Ну, а вы, дзеці, што скажаце наконт гэтага? Праў Сярожа ці не?
     
      Гэты аповед на рускай мове
11.06.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100