Скрыпачка-пявуння - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Скрыпачка-пявуння
Скрыпачка-пявуння
Калі адбылася гэта амаль казачная гісторыя, цяжка сказаць. Можа быць, даўно, а можа і нядаўна. Нарадзілася ў маленькім, але вельмі знакамітым мястэчку Скрыпачка-пявуння. Дакладней яе змайстраваў музычных інструментаў майстар. Такіх майстроў у гэтым мястэчку было не мала. Свае скрыпкі яны рассылалі ва ўсе куткі нашай планеты. Іх атрымлівалі добрыя таленавітыя музыканты. Вось і гэта новенькая бліскучая яшчэ пахкая свежым лакам Скрыпачка неўзабаве патрапіла ў рукі дасведчанага музыканта.      Усё сваё доўгае жыццё стары скрыпач іграў у вялікім сімфанічным аркестры. У яго была скрыпка, на якой ён іграў доўгія гады. Яна падабалася яму добрым выразным гучаннем. Музыка шанаваў сваю скрыпку. Таму цяпер, атрымаўшы новы інструмент ў падарунак ад сябра, ён не адчуў вялікай радасці.
     – Гэта вельмі добрая скрыпка! Яна будзе гучаць лепш за тваю. Іграй на ёй! – сказаў сябар.
     Скрыпач спачатку так і зрабіў. Сваю ранейшую заслужаную скрыпку ён паклаў у футарал і схаваў у шафу на адпачынак. А сам стаў іграць на новай Скрыпачцы.
     Як жа баялася яна, першы раз у жыцці апынуўшыся сярод мноства іншых інструментаў вялікага сімфанічнага аркестра. Небарака дрыжэла ад хвалявання, і ёй здавалася, што яе гучанне самае рыпучае і невыразнае! Нават сам музыкант заўважыў гэта. Пасля канцэрта ён уважліва агледзеў скрыпку з усіх бакоў, быццам шукаў у ёй заганы. Але чамусьці яму не прыйшла ў галаву простая відавочная думка – яго інструмент з жывой трапяткой і нясмелай душой. Скрыпачка маладая і неспрактыкаваная. Ёй трэба прывыкнуць да бурнага творчага жыцця ў вялікім аркестры.
     А яго Скрыпачка, сапраўды, моцна хвалявалася. "Напэўна, я дрэнна спяваю. У мяне знікае голас", – смуткавала яна. Ад такіх перажыванняў нават лак на яе дэках памяняў колер і пабляк, а калкі стала цяжэй падкручваць. І аднойчы прама на канцэрце ад залішняй эмацыйнасці і трапятання ў Скрыпачкі-пявунні абарвалася струна!
     Гэта так не спадабалася скрыпачу, што ён адразу ж пасля канцэрта схаваў новую Скрыпачку далей у камору, нават забыўшыся яе пакласці ў футарал. Музыкант зноў дастаў з шафы сваю старую скрыпку.
     – Без цябе мне не абыйсціся! – сказаў ён, пагладзіўшы “бабульку” па тонкіх струнах. – Ты мая верная памочніца. І лепшай за цябе не знайсці!
     Новая Скрыпачка-пявуння чула, як музыка хваліць старую скрыпку. Ёй стала вельмі крыўдна і непрыемна. Яна нават паспрабавала зваліцца з паліцы на падлогу, каб разбіцца дашчэнту. Але боязь невядомасці і цемры ўтрымала яе ад такога дурнога ўчынку. І яна заснула. Ёй, з узнёслай і далікатнай душой, вядома ж, сніліся дзіўныя па прыгажосці сны. То яна лётала ў небе пад блакітнымі аблокамі, то блукала па каляроваму лугу і спявала, спявала, спявала! Яе голас з зачараваннем слухалі птушкі, матылькі, стракозы і жучкі. Яны захапляліся ёю і ўсклікалі:
     – Яна лепшая на свеце Пявуння!
     У сваім сне Скрыпачка ганарылася сабой, яна была шчаслівая бясконца! Але потым, прачнуўшыся, бачыла вакол сябе суцэльную цемру і горка плакала. "Калі б мяне дасталі адгэтуль, я б больш ніколі не гучала дрэнна. Я б старалася з усіх сіл!" – марыла бедная Скрыпачка.
     І аднойчы дзверы ў камору адчыніліся. Хлопец гадоў пятнаццаці ўзяў у рукі інструмент і панёс у двор.
     О, гэта цуд! Як ёй пашанцавала! Яна зноў у руках музыканта!
     А вакол такая прыгажосць! Птушкі спяваюць, у блакітным небе лунаюць белыя пухнатыя аблокі. Скрыпачка-пявуння так расчулілася, яе ахапіла такое прыемнае радаснае хваляванне, што яна заспявала як ніколі раней чыстым і далікатным галаском. Яе звонкая песня палілася па квітнеючым садзе і зачаравала птушак, дрэвы, кветкі, неба і аблокі. Спраўдзіўся дзіўны сон! Яна шчаслівая і зноў спявае! Ды яшчэ так добра!
     З хаты выйшаў стары музыка. Ён падышоў да ўнука, паглядзеў на Скрыпачку і сказаў:
     – У мяне яна так выдатна не гучала. Мабыць ты зачараваў яе. Іграй! І хай гэта маладзенькая Скрыпачка стане тваім надзейным сябрам на ўсё жыццё!
     
      Гэтая казка на рускай мове
4.06.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100