Стары Раяль - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Стары Раяль
Стары Раяль
Пасярод двара музычнай школы стаяў стары Раяль. Тое, што ён пражыў на свеце не адзін дзясятак гадоў, можна было заўважыць па лаку, які сцёрся на пярэднім веку яго корпуса, па падрапаных ножках. Пад гэтым векам яшчэ зіхацелі і чакалі дакранання нечых цёплых пальцаў белыя і чорныя клавішы. Усе яны выстраіліся на клавіятуры інструмента ў строгім музычным парадку, а менавіта, па актавах. Белыя клавішы, іх было пяцьдзесят дзве, заўсёды імкнуліся правільна перадаць гучанне асноўных тонаў музычных актаў, а трыццаць шэсць чорных клавіш – гукі паўтонаў. Тры педалі віднеліся ўнізе, пад клавіятурай Раяля. Яны таксама добра разумелі сваё прызначэнне – надаваць больш выразнае гучанне музычным струнам, схаваным усярэдзіне корпуса інструмента.      Хто ж будзе тым першым піяністам, які дакранецца да яго клавішаў і педаляў у музычнай школе, Раяль не ведаў. Але ён з усім трапятаннем сваёй музычнай душы чакаў гэтага моманту. А тут, у двары музычнай школы, першым яго заўважыў вёрткі Верабей. Ён падляцеў да Раяля, паскакаў па яго лакіраваным веку і дапытліва цвыркнуў:
     – Ты хто? Шафа?
     – Я музычны інструмент, Раяль.
     – Так ты ўмееш спяваць?
     – Не. Але я ўмею гучаць. У мне шмат музычных струн. Калі па іх удараюць драўляныя малаточкі, гэтыя струны гучаць. І ў кожнай струны сваё асаблівае гучанне.
     – Як цікава! – гэта ўжо сказала Бярозка. Яна расла непадалёку і ўважліва ўслухоўвалася ў гутарку Раяля з Вераб'ём.
     – Але каб загучалі мае струны, – працягваў распавядаць Раяль, – хто-небудзь павінен націскаць на белыя і чорныя клавішы.
     – Я ведаю, – прашамацела Бярозка. – У гэтай музычнай школе ёсць піяніна. На ім вучацца іграць дзеці. Адзін хлопчык аднойчы распавядаў іншаму, як цяжка навучыцца іграць па нотах на піяніна, таму што трэба націскаць клавішы пальцамі абедзвюх рук адначасова.
     – Цяжка? – здзівіўся Раяль. – Калі мой ранейшы гаспадар націскаў на мае клавішы, я проста цешыўся ад захаплення! Музыка, якая ў гэтыя хвіліны напаўняла мяне і разлівалася па пакоі, была выдатная!
     – О, як бы я жадала пачуць гэтую музыку! – прашаптала Бярозка.
     – А дзе цяпер твой гаспадар? – спытаў Верабей.
     – Ён памёр год назад, – сумна прамовіў Раяль. – Мой гаспадар быў вельмі добрым музыкантам. Да яго часта прыходзілі сябры, і ён выконваў для іх свае любімыя творы. Ён сам складаў іх. Але пасля яго смерці я стаў нікому не патрэбен, – з гаркатой у душы прамовіў Раяль. – У пакой, дзе я стаяў, з тых часоў ніхто не ўваходзіў, не садзіўся побач са мной і не паднімаў века на маёй клавіятуры. І толькі ўчора прыйшлі нейкія людзі і вынеслі мяне з хаты на вуліцу. Потым пагрузілі ў вялікую машыну і прывезлі сюды. Я задаволены, што зараз буду жыць у музычнай школе. Калі музыцы вучацца дзеці, то, верагодна, яны калі-небудзь паспрабуюць што-небудзь сыграць на маіх клавішах? Калі гэта здарыцца, я буду вельмі рады!
     – Вядома, яны сыграюць, абавязкова сыграюць! – падтрымалі Раяль Бярозка і Верабей. – Мы ведаем, у гэтай музычнай школе вучацца разумныя і таленавітыя дзеці!
     Нарэшце, рыпнулі дзверы музычнай школы. На ганак выйшлі хлопчыкі-аднакласнікі. У іх толькі што скончыліся заняткі па музычнай літаратуры і сальфеджыо, і дзеці гатовыя былі разбегчыся па хатах. Але вось адзін з хлопчыкаў заўважыў незвычайны прадмет, які стаяў у глыбіні двара:
     – Глядзіце! Раяль! Адкуль ён тут узяўся?
     – Я бачыў, яго сюды прывезлі на грузавой машыне, – растлумачыў другі хлопчык. – Настаўнікі сказалі, што гэты Раяль паставяць на сцэну нашай канцэртнай залы.
     – І тады мы будзем на ім іграць свае творы на выпускных канцэртах? Клас! – захоплена прамовіў трэці хлопчык.
     Дзеці падбеглі да інструмента, паднялі века на яго клавіятуры і злёгку правялі пальчыкамі па бліскучых халодных клавішах. Раяль здрыгануўся ад нечаканага дакранання. Яно здалося яму такім цёплым і далікатным! Так, так! Цяпер да яго дакраналася дзіцячая рука! "Дзеці змогуць іграць, – зразумеў Раяль. – Яны чулыя, добрыя, у іх натхнёныя душы!"
     Неўзабаве Раяль панеслі ў школу. Дарослыя дужыя мужчыны ўвалаклі яго ў вялікую светлую залу і паставілі на сярэдзіну сцэны. Вучні падыходзілі да інструмента, націскалі на яго клавішы, прыўздымалі вялікае века, разглядалі струны.
     Потым усё заціхла, і Раяль ужо пачаў засынаць. Але раптам у зале запалілася святло, і ўвайшла прыбіральніца. Яна стала наводзіць парадак, расстаўляць крэслы і мыць падлогу. Потым жанчына падышла да Раяля і працерла яго з усіх бакоў мяккай анучкай.
     – Ну, вось, – сказала яна. – Тут ты зноў ажывеш і загучыш. А навошта стаяць без справы? Добра, што новая гаспадыня кватэры аддала цябе дзецям у нашу музычную школу. Заўтра раніцай прыйдуць настаўнікі. Яны вырашаць, калі будзе выпускны, і хто з дзяцей будзе выступаць на святочным канцэрце. Там на канцэрце, цябе будуць слухаць усе вучні і настаўнікі нашай школы. А ты загучыш як галоўны герой свята, хораша і ўрачыста!
     
     Казку агучыла артыстка Ліка Пташук
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
2.06.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100