Вячэрніца - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вячэрніца
Вячэрніца
На пачатку лета ў вялікім лесе на сонечнай палянцы зацвілі фіялетавым колерам начныя фіялкі. Недалёка ад куста чарніцы распусціла свае фіялетавыя лісточкі самая маленькая вельмі далікатная Фіялачка. Яна ўдыхала празрыстае лясное паветра, сагравалася пад прамянямі Сонейка і ўсміхалася, гледзячы на белы свет, яшчэ не разумеючы, якое няшчасце чакае яе наперадзе. Справа ў тым, што ў вячэрні час начныя фіялкі вельмі прыемна пахнуць. Гэту іх уласцівасць шануюць усе, хто жыве побач з імі ў лесе. Таму далікатным кветачкам трэба асцерагацца за сваё жыццё і быць асцярожнымі з незнаёмцамі…      За некалькі дзён уся лясная палянка зазіхацела яркімі фіялетавымі фарбамі. Гэта ззялі пялёсткі начных фіялак. Іх заўважылі лясныя званочкі, якія раслі побач. І калі пайшоў дожджык, яны прапанавалі начным фіялкам сваю дапамогу.
     – Мы атулім вас, – сказалі званочкі. – Хавайцеся пад нашымі парасонікамі!
     Усе начныя фіялкі тут жа кінуліся ратаваць свае далікатныя пялёсткі ад дажджу і пахаваліся пад надзейнымі парасонікамі лясных званочкаў. У хуткім часе кароткі летні дожджык выліў усю сваю ваду і паляцеў далей. А лес, так і не нацешыўшыся ўволю яго смачнай вадзіцай, ізноў ажыў. У паветры над начнымі фіялкамі запырхалі крылцы матылькоў, стракоз, загудзелі пчолкі і чмялі.
     – Ура! Мы зусім не намоклі і можам танчыць, – засмяяліся начныя фіялкі і тут жа запрасілі сваіх выратавальнікаў-званочкаў на белы танец.
     Кветкі на лясной палянцы яшчэ доўга весяліліся, спявалі і танчылі, зусім не заўважаючы маленькую сястрычку, якая расцвіла не на палянцы, а паводдаль, пад кусцікам чарніц. Яна была далікатная і чароўная, толькі вельмі слабенькая, таму што амаль не бачыла Сонейка, бо расла ў цяньку пад кустом. Ёй бы гучна крыкнуць ды паклікаць да сябе каго-небудзь з сясцёр, каб яны дапамаглі ёй дабрацца да сонечнай палянкі, але Фіялачка саромілася, маўчала и плакала.
     – І чаго ты распусціла нюні, – прагудзеў побач з ёй вялікі чорны Жук. – Прыгажуня, я жадаю, каб ты жыла ў мяне ў земляной хатцы. Будзеш упрыгожваць маё жыллё, а я буду кахаць цябе.
     Жук пацягнуў кветку за сцяблінку і схаваў у сваёй цёмнай зямлянцы.
     – Сядзі ціха і не ўздумай плакаць, – грозна прагудзеў Жук, зачыніў зямлянку на вялікі замок і паляцеў па сваіх справах. А начная Фіялачка засталася пад зямлёй. Адзін дзень прайшоў, другі, а Жук не вяртаўся. Можа ён забыўся пра сваю палонніцу? Фіялачка паспрабавала вызваліцца, але не змагла. Жук моцна зачыніў уваходныя дзверы на замок, які ніяк не магчыма было адамкнуць без ключа. Але як жа жыць у волкай зямлянцы далікатнай кветцы, калі пад зямлёй зусім няма святла?
     За некалькі дзён яшчэ больш саслабела начная Фіялачка і нават галоўку насілу паднімала ўгару. На шчасце, раніцай наступнага дня яе заўважыла зоркая Сарока, калі шукала пад кустом чарвячкоў.
     – Як цябе клічуць? І як гэта ты апынулася тут пад зямлёй? – спытала Сарока.
     – Я – Вячэрніца. Мяне зачыніў на ключ чорны Жук. Ён сказаў, каб я не плакала і чакала яго вяртання. Але прайшло ўжо тры дні, а яго ўсё яшчэ няма.
     – Ах, гэты стары няпамятлівы валацуга! – затрашчала Сарока. – Я зараз жа распавяду пра ўсё тваім сястрычкам, што жывуць на сонечнай палянцы. Яны павінны выратаваць цябе!
     Падляцеўшы да вясёлых фіялак і званочкаў, Сарока затрашчала на ўсё горла:
     – Вось вы тут танчыце і песенькі р-р-распяваеце, а там гар-р-руе ваша сястрычка!
     – Дзе? – у адзін голас крыкнулі фіялкі і званочкі.
     – Дзе-дзе! У зямлянцы пад чар-р-рнічным кустом. Яе там хавае ад усіх злой чорны Жук! Ён вялікі і моцны, вам з ім самім не спр-р-авіцца!
     – Што ж нам рабіць? – расхваляваліся кветкі.
     – У лесе жыве маленькі юны Гномік. У яго ёсць чароўны ключ ад усіх замкоў. Ён абараняе слабых і можа выратаваць вашу сястрычку. Я злятаю да яго, але ён жыве далёка і не хутка дабярэцца сюды. Апрача таго, ён дрэнна бачыць у цемры. Калі да ночы Гномік не прыйдзе сюды, то ў цемры яму не дабрацца да зямлянкі, каб адчыніць дзверы.
     – Мы будзем чакаць Гноміка з яго чароўным ключом і паспрабуем яму дапамагчы! – узрадаваліся кветкі.
     Пакуль Сарока лётала да Гноміка і дамаўлялася з ім, начныя фіялкі прыдумалі план дзеяння на выпадак, калі ў лесе стане цёмна.
     – Лясны Гномік дрэнна бачыць у цемры, але наш водар ён абавязкова пачуе, – сцяміла самая разумная Фіялка. Мы станем у шэраг і створым пахкі калідор, па якім Гномік дабярэцца да зямлянкі. А там ужо ён як-небудзь разбярэцца, што рабіць.
     – Ты добра прыдумала! – падтрымалі яе астатнія кветкі. – Мы так і зробім.
     Увесь дзень да самай цемры кветкі спявалі вясёлыя бадзёрыя песенькі, падтрымліваючы Вячэрніцу і абяцаючы, што хутка Гномік вызваліць яе.
     Толькі на захадзе Сонейка Гномік усё-такі дабраўся да палянкі і то з дапамогай Сарокі, якая ляцела наперадзе. Яна раз-пораз клікала яго за сабой і паказвала дарогу. Нарэшце, стомлены Гномік з'явіўся на палянцы. У гэты час апошнія прамяні Сонейка схаваліся за гарызонтам, і ўся палянка пагрузілася ў цемру. Нават зоркая Сарока зараз не магла зразумець, дзе знаходзіцца той самы кусцік чарніц, пад якім у зямлянцы гаруе бедная Вячэрніца.
     – Гномік! – сказала самая разумная Фіялка. – Ты адчуваеш, як прыемна пахнуць кветкі?
     – Так, – адказаў Гномік.
     – Тады ідзі па духмяным кветкавым калідоры з начных фіялак і ты дабярэшся да куста чарніц.
     Гномік так і зрабіў і неўзабаве апынуўся побач з зямлянкай. Ён намацаў у цемры вялікі жалезны замок і з дапамогай свайго чароўнага ключа адамкнуў яго.
     А потым усё было як у казцы. Раніцой юны Гномік разгледзеў сваю выратаваную сінявокую Вячэрніцу і быў зачараваны яе прыгажосцю. Вядома, беднай кветачцы спатрэбілася яшчэ некалькі дзён, каб добра адужэць сярод сябровак пад яркімі прамянямі Сонейка. Але потым яна з радасцю пагадзілася выйсці замуж за свайго выратавальніка. Вось так і скончылася гэта гісторыя. А што ж злы чорны Жук, як ён успрыняў тое, што Вячэрніца вызвалілася з яго палону? Яшчэ цэлы месяц няпамятлівы Жук так і не ўспамінаў пра сваю палонніцу, але потым, даведаўшыся, што ўсё скончылася добра, быў вельмі рады і папрасіў у Вячэрніцы прабачэння…
     
      Гэтая казка на рускай мове
16.03.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100