Палеская Амазонка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Палеская  Амазонка
Палеская Амазонка
Беларусь вельмі прыгожая. Яе зямля пакрыта зялёнымі лясамі, палямі, лугамі. А колькі рэк працякае па беларускай зямлі! Іх цячэнні хуткія і плаўныя, рэчышчы звілістыя, берагі абрывістыя і пакатыя. Ёсць шырокія паўнаводныя рэкі, а ёсць вузенькія і зусім мелкія. Шмат рэк і рачулак, злучаных паміж сабой. Яны ўцякаюць адна ў адну, і так вада дабіраецца да вялікіх рэк, якія цякуць яшчэ далей, да мораў.      Нажаль, на тэрыторыі Беларусі няма мораў. Беларускім морам часам завуць Нарач, але, усё-такі, яно не мора, а вялікае возера. Кажуць, што ў даўнія часы старажытнагрэчаскі гісторык Герадот апісваў у сваіх кнігах вялікае мора, якое знаходзілася на поўдні сучаснай Беларусі. Паступова яно высахла. Сёння ад мора Герадота амаль нічога не засталося, але яно не здаецца і кожную вясну спрабуе вярнуцца да сваіх берагоў. Так разліваецца рака Прыпяць, якая ўтварылася на месцы высахшага мора на зямлі Палесся. Вось чаму Прыпяць часта завуць Палескай Амазонкай.
     Як жа сама рака адчувае сябе ў гэтай ролі? Пра што шэпчуцца яе хвалі, калі плёскаюцца аб берагі, абсыпаныя светла-жоўтым пяском, у які закопваюцца маленькія чарапашкі? Гэтыя малышы ўсё яшчэ думаюць, што жывуць на беразе мора.
     Вось толькі падчас вясновых разліваў пяшчанае дно ракі запаўняецца глеем, бо сама зямля Палесся багністая. Але рака не баіцца, што можа ператварыцца ў балота. Яна ведае – зусім недалёка ад яе плёскае хвалямі родны брат Днепр, яе верны сябар і абаронца. Прыпяць імкнецца да яго, каб злучыцца, зліцца з ім разам. Вада ракі, хоць і працякае праз забалочаную зямлю Палесся, напоўнена святлом і дабрынёй.
     Прыпяць любяць жывёлы. Вялікія чароды пералётных птушак прылятаюць да ракі ўвесну, калі растае лёд, які пакрывае яе паверхню ў траскучыя маразы. У час паводкі Прыпяць моцна разліваецца, ператвараючыся ў вялікія азёры. І тады на заліўных лугах рунее сакавітая трава.
     
     Вельмі цікава пабываць каля гэтай цудоўнай ракі вясной і паглядзець, як яна жыве, з кім сустракаецца. Зараз мы ўладкуем такую цікавую віртуальную экскурсію ва ўладанні старажытнай Прыпяці.
     Цяпер вясна. Снег і лёд на рацэ ўжо растаў, сонца адлюстроўваецца ў вадзе, вакол на берагах і астраўках шмат птушак. Паглядзіце! Вунь там, на беразе, адпачываюць шэрыя гусі. Яны прыселі, каб трохі перадыхнуць пасля стомнага пералёту. У вадзе птушкі заўважылі Бабра і разгаварыліся з ім.
     – Мне падабаецца жыць у гэтым месцы. Побач лес, я пабудаваў сабе жыллё, – Бабёр паказаў на бярвеністае збудаванне, схаванае пад вадой. – На берагах Прыпяці і яе прытокаў жылі ўсе мае продкі, – распавёў ён сваю гісторыю шэрым гусям.
     – Нядаўна тут павінны былі пралятаць буслы. Па дарозе з месца нашай паўднёвай зімоўкі да поўночных земляў мы сустрэлі знаёмых белакрылых птушак, ляцелі з імі, але потым выпадкова адсталі. Можа быць, ты бачыў, куды паляцелі гэтыя птушкі? – спыталі ў Бабра гусі. – Буслы абяцалі паказаць нам Тураўскі луг.
     – Так, я бачыў буслоў. Яны паляцелі далей уздоўж берага ракі, – адказаў Бабёр.
     – Ляціце за мной, я пакажу вам дарогу, – калыхнула хваляй Прыпяць.
     – Як прыемна, калі ў дарозе сустракаюцца добрыя спадарожнікі, – узрадаваліся шэрыя гусі. – Пралятаючы па зямлі Беларусі, мы заўважылі, якая ўрадлівая зямля на Палессі. А яшчэ мы любаваліся на сакавітую траву на лугах, слухалі, як шумяць густыя хваёвыя лясы і дубровы на раўнінах, бачылі белыя бярозавыя гаі і балоты, – пахвалілі гусі беларускую прыроду.
     – Так, мая радзіма багатая і прыгожая, – пацвердзіла Прыпяць.
     Яна несла свае воды па шырокім рэчышчы, калісьці даўно пракладзенаму ёю па вялікай Палескай нізіне. Рачная вада журчала, плёскалася і клікала падарожнікаў за сабой.
     Але стаміўшыся ад хуткага палёту, яшчэ не даляцеўшы да Тураўскага лугу, гусі зноў вырашылі спыніцца, каб перадыхнуць і пакарміцца. Яны заўважылі, што ў рацэ шмат малюскаў і дробнай рыбінкі.
     – І ты, Выдра, тут жывеш? – спыталі птушкі, заўважыўшы ў вадзе доўгае бліскучае цела рачной паляўнічай.
     – Жыву з вялікім задавальненнем. Тут у мяне падрастаюць малышы. Вунь яны песцяцца на беразе.
     Гусі паглядзелі ў той бок, куды паказала Выдра. Там на прыбярэжным пясочку гулялі яе дзеткі.
     – І я таксама тут жыву, – адказаў хтосьці, высунуўшы вясёлую вусатую мыску з вады.
     – Гэта мой муж, – Выдра махнула ў яго бок лапай. – Ён любіць падоўгу плаваць у рацэ.
     – А хто яшчэ жыве ў гэтых прыгожых месцах? – спыталі гусі.
     – У нас шмат суседзяў – птушак і звяроў. Ля ракі жыць добра, спакойна і сытна.
     – Хопіць адпачываць, нам пара ў дарогу! – крыкнуў Важак гусінай чарады. – Сонца яшчэ ў небе, да цемры мы павінны паспець даляцець да Тураўскага лугу.
     – Калі паспяшаецеся, то паспееце, – крыкнулі рачныя чайкі. Гойдаючыся на хвалях, яны ўважліва сачылі за гасцямі.
     – І вы там бывалі? – спытаў у іх гусіны Важак.
     – І не аднойчы, – звонка пракрычала адна з чаек. – Туды прылятае шмат птушак, ёсць з кім пазнаёміцца і пасябраваць.
     – Тады мы ляцім, – крыкнуў Важак, і шэрыя гусі ўзняліся ў неба…
     – Вось ён, Тураўскі луг, – пляснула хваляй Прыпяць, калі чарада гусей выляцела на велізарную асветленую заходзячым сонцам рачную даліну.
     Уся яна была заліта вадой. У вадзе і на астраўках незатопленай зямлі гусі разгледзелі птушак. Былі сярод іх і знаёмыя буслы.
     – Прывітанне! Вы ўсё-такі дабраліся, – узрадаваліся белакрылыя птушкі. – Тут шмат нашых сяброў – кулікоў, чаек, качак. Сюды прылятаюць зусім маленькія птушачкі, такія як палявыя жаўрукі, белыя блакітніцы, а таксама вялікія птушкі: арлы белахвостыя, белыя чаплі, нават чорныя буслы.
     – Пазнаёмцеся – гэта рачная Крачка, – белы Бусел прадставіў птушку ў чорнай “шапачцы”, якая пралятала над імі. – А гэта Чайка-рыбачка, яна падобная на Крачку, толькі галоўка ў яе ўся чорненькая, – белы Бусел махнуў крылом у бок птушкі, якая сядзела на маленькім рачным астраўку. – Вунь плаваюць качкі-крыжанкі, удалечыні ля берага ходзяць даўганогія кулікі. Паглядзіце! Нават Кнігаўка сюды прыляцела, – Бусел паказаў на чубатую птушачку. – Жоўтыя пліскі таксама часам завітваюць на Тураўскі луг.
     Бусел распавядаў, а тым часам велізарныя чароды качак і іншых птушак узнімаліся ўвысь і насіліся над лугам.
     – Хай палятаюць, ім хочацца размяць крылы, – пажартаваў Бусел.
     
     Шэрыя гусі з цікавасцю разглядалі ўсё вакол сябе. Яны заўважылі штосьці не зусім звычайнае для такога вялікага паселішча птушак. Справа ў тым, што побач з Тураўскім лугам размясціўся старажытны горад Тураў, дзе жывуць і працуюць людзі. Але аказваецца, на Палессі птушкі і людзі прывыклі да такога суседства.
     З аповеду знаёмага белага Бусла шэрыя гусі даведаліся, што на Тураўскім лузе ў наваколлях горада Турава па вясне падчас міграцыі спыняюцца велізарныя чароды кулікоў, качак, гусей і іншых птушак. Частка з іх, адпачыўшы, ляціць далей на Поўнач. Але шматлікія птушкі будуюць сабе гнёзды на астраўках і берагах Прыпяці, каб тут выгадаваць і выкарміць птушанят.
     Лічыцца, што кулік Марадунка – самы галоўны жыхар Тураўскага лугу. Кулікі пасяліліся ў гэтых месцах даўным-даўно, кожны год прылятаюць сюды з паўднёвых краін і жывуць да восені.
     – Прывітанне, Марадунка! – крыкнуў Бусел шэранькай птушачцы, падобнай на шпака, толькі з доўгай кручкаватай дзюбай і на высокіх ножках. – Пазнаёмся з маімі сябрамі, шэрымі гусямі. Хутка яны паляцяць яшчэ далей на Поўнач, дзе пражывуць да восені. Затым гусі зноў вернуцца да нас, каб пагасцяваць некалькі дзён перад пералётам на Поўдзень. Ты ж робіш не так, як яны, жывеш тут цэлае лета. Значыць, гэта твая хата?
     – Вядома, гэта мая хата. Увесну і ўлетку на Тураўскім лузе ёсць усё, каб шчасліва жыць, – Марадунка памахаў крыламі, як бы тлумачачы гэтым сваю любоў да ракі і Палесся. – Бачыце, колькі вакол вады. Усё гэта падобна на мора, усеянае астраўкамі. Тут усім птушкам хапае месца і ежы да позняй восені, пакуль вада ў рацэ яшчэ цёплая.
     Пасля гутаркі і знаёмства з насельнікамі Тураўскага лугу шэрыя гусі вырашылі застацца, каб пагасцяваць некалькі дзён. Але рака Прыпяць настойліва клікала пералётных птушак у палёт яшчэ далей, бо там іх чакала шмат цікавага. Гусі паслухаліся і паляцелі на ўсход уздоўж рэчышча ракі, каб пазнаёміцца з родным братам Прыпяці Дняпром.
     Аднак даляцеўшы да Дняпра, шэрыя гусі не пазналі яго. Птушкі вырашылі, што перад імі плёскае хвалямі велізарнае мора, такой шырокай здалася ім гэтая магутная рака!
     – Вітаю цябе, родны брацік Днепр! – крыкнула Прыпяць, яшчэ здалёку пабліскваючы хвалямі ў знак сустрэчы.
     – Здароў, сястрычка Прыпяць! – адклікнуўся Днепр.
     Вось так у гэтым месцы і зліліся разам воды дзвюх паўнаводных рэк.
     Цяпер у іх агульная, напоўненая каханнем і велізарнай сілай вада, якую яны нясуць далей – насустрач Чорнаму мору.
     
      Гэтая казка-быль на рускай мове
3.02.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100