Чароўныя навагоднія зорачкі альбо Падарунак Вожыку - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чароўныя навагоднія зорачкі альбо Падарунак Вожыку
Чароўныя навагоднія зорачкі альбо Падарунак Вожыку
Вясной ў Вожычыхі нарадзіўся сынок Вожык. Ён быў зусім маленькі, але вельмі дапытлівы. А калі ў лесе растаў снег і ў малога адраслі доўгія цвёрдыя іголкі, мама ўжо не магла ўтрымаць сыночка ў цёмнай норцы – ён вылез наверх.      – Ух, якая тут відната! – зажмурыўся малы. – І якія яркія вакол малюнкі. Ты хто? – спытаў ён, паглядзеўшы на пухнатую вечназялёную Ялінку.
     Яна расла побач з норкай і была незвычайна прыгожай. Яе зялёныя лапкі асвятляла Сонейка, яны распушыліся і прыемна пахлі ігліцай.
     – Я – Ялінка, – адказала дрэўца.
     – А я – Вожык, – прадставіўся малы. – Ведаеш, у норцы цёмна, а тут столькі святла! Мне падабаецца наш лес і хочацца пагуляць па ім, але мама не дазваляе сыходзіць далёка ад хаты.
     – Тады гуляй тут, побач са мной. Хочаш, я распавяду табе казку?
     – Казку? Не, не хачу. Мама мне рапавядала казкі, калі я быў яшчэ маленькі. А цяпер я вырас і хачу ведаць пра ўсё сапраўднае.
     – Так ты ўжо вырас? – усміхнулася Ялінка. – А ведаеш, хто такі Дзядуля Мароз?
     – Не, – нахмурыўся Вожык. – Але мама казала, што ён ходзіць па лесе, калі ідзе снег.
     – Так, – пацвердзіла Ялінка, – і тады ў лесе становіцца вельмі холадна.
     – Бр-р-р… – скурчыўся Вожык і ўжо хацеў уцякаць у норку.
     – Не бойся, Вожык, зараз Дзядуля Мароз не прыйдзе, ён спіць. А вось калі настане зіма, і наблізіцца Новы год, тады ён прыйдзе сюды і падорыць мне чароўныя зорачкі на час навагодніх свят. Яны ўлягуцца на мае зялёныя галінкі, і я ператваруся ў навагоднюю прынцэсу.
     – Зорачкі? Я таксама хачу зорачкі, – пакрыўдзіўся Вожык і паглядзеў на неба.
     – Але ты ж будзеш спаць узімку. Усе вожыкі ўзімку спяць, – прамовіла Ялінка.
     – А я не засну і буду чакаць Дзядулю Мароза, – заўпарціўся Вожык.
     І тут з норкі пачуўся голас мамы Вожычыхі:
     – Вожык! Лезь у норку. Ужо цямнее. Цябе можа падпільнаваць Воўк.
     – Так, так, лезь, – сказала Ялінка. – Глядзі, Сонейка садзіцца за лес. Яму таксама трэба адпачыць. А злыя ваўкі, наадварот, выходзяць уначы на паляванне і могуць прыйсці сюды.
     – Тады да заўтра, – пагадзіўся Вожык і палез у норку спаць.
     Уначы ён бачыў казачны сон. Да яго прыйшоў Дзядуля Мароз і падарыў чароўныя зорачкі. Яны былі вельмі яркімі і жывымі. Але раніцай Вожык зразумеў, што ніякага Дзядулі Мароза побач з ім няма і чароўных зорачак таксама. А так хацелася, каб яны былі! "Нічога, я дачакаюся Дзядулю Мароза, і ён мне іх падорыць", – вырашыў Вожык і стаў чакаць.
     Дзень за днём ён сядзеў каля норкі і глядзеў на неба. Часам ён гуляў побач з Ялінкай, а яна распавядала малому ўсе цікавыя гісторыі, якія толькі ведала – пра ваўкоў і лісіц, зайцоў і мышак, пра начных соў і пугачоў, пра вясёлых вавёрачак і дзятлаў, пра сініц і сарок-трашчотак.
     Праляцела вясна, за ёй – лета, восень і надышла зіма. Усе бярозкі, рабіны, дубы, ясені, таполі, ліпы ў лесе скінулі сваё лісце і прыгатаваліся да зімовага адпачынку ў цішыні і пад тоўстым зімовым покрывам. А елкі і хвоі не скінулі зялёныя іголкі, таму што яны гэта ніколі не робяць. Але яны таксама чакалі, калі выпадзе снег і атуліць іх калючыя зялёныя лапкі. Вось толькі снегу не было, іншы раз у пачатку зімы замест яго ішоў дождж.
     – Ялінка! Скажы, калі выпадзе снег? Я хачу на яго паглядзець, – спытаў Вожык у сваёй сяброўкі.
     – Не ведаю, – адказала Ялінка. – Відаць, толькі Дзядуля Мароз можа падарыць нам снег.
     – Ён хутка прыйдзе? – пацікавіўся Вожык.
     – Ужо хутка, у канцы снежня – апошняга месяца года. Але ты гэтага не дачакаешся. Я бачу, што ў цябе заплюшчваюцца вочкі. Ідзі ў норку спаць. Усе вожыкі заснулі, застаўся толькі ты.
     Малы і сам разумеў, што яму трэба класціся спаць, таму што яго мама Вожычыха, не дачакаўшыся яго, ужо заснула ў норцы.
     – Добра, я таксама пайду спаць, – пагадзіўся Вожык, – раз усе вожыкі ўзімку спяць.
     – Ідзі, ідзі, – Ялінка на развітанне памахала яму зялёнымі галінкамі, – спі да вясны.
     У норцы пад цёплай коўдрай з пуху і восеньскага лісця Вожык хутка заснуў. Але мара ўбачыць Дзядулю Мароза і папрасіць у яго чароўныя зорачкі далёка схавалася ў яго светлай дапытлівай галоўцы.
     І вось, нарэшце, надышоў Новы год. Дзядуля Мароз пабываў у лесе, засыпаў яго хрусткімі сняжынкамі і раздарыў навагоднія падарункі. А Вожык, тым часам, салодка спаў у норцы і нічога не чуў. Праз некаторы час яго штосьці растрывожыла, і ён прачнуўся.
     – Ах, я, пэўна, праспаў Дзядулю Мароза, – успомніў Вожык і вылез з норкі наверх.
     І што ж ён там убачыў?
     Яго сяброўка Ялінка ператварылася ў сапраўдную прынцэсу. На яе пухнатых лапках перламутравымі агеньчыкамі зіхацелі чароўныя навагоднія зорачкі, а ўся зямля ў лесе была паўкрывана беласнежным покрывам.
     – Я праспаў Новы год і не сустрэўся з Дзядулем Марозам, – заплакаў Вожык.
     – Не плач, – пашкадавала яго Ялінка. – Глядзі, вось гэтыя чароўныя зорачкі я аддаю табе, – і яна стрэсла са сваіх зялёных іголачак некалькі самых яркіх зорачак, якія тут жа ўселіся на спінку Вожыка. На яго спінцы таксама ж былі іголкі, толькі не зялёныя, як у Ялінкі, а карычневыя.
     – Ура! Дзякуй, Ялінка, – узрадаваўся Вожык. – Цяпер гэтыя чароўныя зорачкі мае, і я іх нікому не аддам.
     Але тут Вожык адчуў, як змерзлі яго лапкі на халодным снезе, ды і ўвесь ён моцна дрыжаў ад холаду. "Пайду, схаваюся ў норку, там цяплей", – вырашыў малы і палез сагравацца бліжэй да мамы.
     Яркае святло ад зорачак асвятліла норку, і мама Вожычыха прачнулася.
     – Гэты ты? Чаму не спіш? – паўшчувала яна сыночка. – Хутка кладзіся ў пасцелю. Яшчэ не час уставаць. У лесе – зіма.
     – Так, – збянтэжыўся Вожык.
     Ён хутка схаваў чароўныя зорачкі пад падушку і тут жа заснуў.
     
     Нарэшце, скончылася зіма, і прыйшла вясна. Першай прачнулася Вожычыха і разбудзіла сыночка.
     – Гэты ты хадзіў па норцы ўзімку з ліхтарыкам? – спытала яна.
     – Так, але гэта былі чароўныя зорачкі. Яны ўмеюць ярка свяціцца ў цемры, – адказаў Вожык.
     Ён падняў падушку, і зорачкі прачнуліся.
     – Якія ж мы расцяпы, праспалі ўсю зіму! – зазвінелі яны і выляцелі з норкі на святло.
     – Да пабачэння, лес, да пабачэння, Ялінка, да пабачэння, Вожык! – панесліся з вышыні іх звонкія галасы.
     Зорачкі імкліва ўзнімаліся ўгару да Сонейка, хвалюючыся, што іх там на небе могуць пакараць. Але не, іх не пакараюць. Зорачкі раскажуць, што спалі пад падушкай у маленькага Вожыка і таму не вярнуліся на неба адразу пасля заканчэння навагодніх свят. Спагадлівым зорачкам не хацелася засмучаць малога.
     А Вожык стаяў каля норкі і маўчаў. Яму было сумна ад таго, што чароўныя зорачкі так мала пажылі на Зямлі і паляцелі на неба. Але Ялінка вырашыла супакоіць малога, яна абняла яго сваімі самымі мяккімі лапкамі і сказала:
     – Не журыся, Вожык! Я ведаю, чароўныя зорачкі зноў прыляцяць на наступны Новы год. Іх абавязкова запросіць да нас Дзядуля Мароз.
     
     p.s. Дзеці! А што бы вы зрабілі, калі б апынуліся на месцы чароўных зорачак?
     
     Малюнак Вікторыі Федоровой, 2В клас, школа 258, горад Колпіно.
     
      Гэтая казка на рускай мове
11.01.20
Каталог TUT.BY Rambler's Top100