Чароўны палёт навагодняй Ёлачкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чароўны палёт навагодняй Ёлачкі
Чароўны палёт навагодняй Ёлачкі
     
Маленькая Ёлачка журылася. Яна расла пасярод вельмі густога цёмнага лесу, куды не заглядвалі дзеці ў пошуках грыбоў і ягад. Толькі зрэдку скрозь велізарныя зялёныя кроны старых дрэў прабіваліся прамяні Сонца і асвятлялі яе пухнатыя галінкі. Але аднойчы напярэдадні Новага года ў гэты лес прыйшлі дарослыя людзі. Яны ссеклі некалькі прыгожых вялікіх елак і павезлі ў горад, сказаўшы пры гэтым:      – Мы паставім елкі ў дзіцячых садках і школах. Дзеці будуць вадзіць вакол іх карагоды, толькі спачатку трэба будзе дрэвы ўпрыгожыць навагоднімі ўпрыгожваннямі.
     "Новы год, навагоднія ўпрыгожванні, дзіцячы садок, школа" – гэтыя словы маленькая Ёлачка чула першы раз у жыцці. А калі ў лес наведаўся сам Дзядуля Мароз і стаў раздаваць звяркам навагоднія падарункі, Ёлачка спытала ў яго, што гэтыя словы азначаюць. Даведаўшыся пра святы ў дзіцячых садках і школах, Ёлачка заплакала. Ёй стала крыўдна, што яна такая маленькая і таму не патрапіла ў дзіцячы садок.
     – Ты так жадаеш пабываць на навагоднім свяце ў дзіцячым садзе? – зразумеў Дзядуля Мароз. – Добра, мая прыгажуня, я адпраўлю цябе туды. Тым больш, што ёсць на чым. Ты паляціш на Квадракоптары, ён цябе панясе. Ты ж маленькая лёгкая. Спадзяюся, ён зможа падняць цябе ў паветра. Згодна?
     – Так, дзядуля Мароз.
     – Ведаеш, у мяне застаўся толькі адзін мой асабісты чароўны Квадракоптар, астатнія я раздаў дзецям на навагоднія падарункі. Ужо вельмі яны мяне пра гэта прасілі, гарэзы! Усе жадаюць толькі сучасныя навагоднія падарункі. Што ж, ляці, Ёлачка, а потым, як скончацца навагоднія святы, Квадракоптар ізноў верне цябе ў лес.
     – А як жа навагоднія ўпрыгожванні? – схамянулася Ёлачка. – Без іх я не стану прынцэсай на навагоднім свяце ў дзяцей.
     – Не хвалюйся. Яны ў цябе абавязкова будуць, – супакоіў Ёлачку Дзядуля Мароз.
     
     Раніцай, як толькі ледзь-ледзь развіднела, Ёлачка паляцела ў дзіцячы садок. Яе панёс Квадракоптар Дзядулі Мароза. Усе навагоднія ўпрыгожванні зіхацелі і пераліваліся на яе пухнатых галінках. Але ніводная цацка не зляцела і не страцілася. Так асцярожна Квадракоптар выконваў заданне Дзядулі Мароза. Прыляцеўшы ў горад, ён плаўна прызямліўся і паставіў Ёлачку ў самым цэнтры дзіцячага садка.
     Неўзабаве ў панадворку дзіцячага садка пачуліся дзіцячыя галасы. Малышы ішлі ў свае групы і любаваліся яркімі агеньчыкамі новай навагодняй, толькі вельмі маленькай Ёлачкі.
     – Што гэта за Ёлачка такая? Адкуль яна ўзялася? – дапытваліся яны ў сваіх бацькоў.
     Дзеці падбягалі да лясной прынцэсы і любаваліся яе прыгажосцю.А як жа Ёлачка? Яна ззяла ад шчасця!Такую чуллівую сустрэчу з малымі яна бачыла толькі ў сваіх чароўных снах. "Як мне прыемна! Дзеці любяць мяне, я ім спадабалася!" – радавалася Ёлачка.
     Яна яшчэ больш распушыла зялёныя галінкі і страсянула імі так, каб ледзь-ледзь зазвінелі чароўныя званочкі, якія звісалі з пухнатых лапак.
     – Дзінь-дзінь! – панесліся па панадворку дзіцячага садка меладычныя гукі. – Дзінь-дзінь-дзінь!
     – Мама, тата, Надзея Аляксееўна! Глядзіце, якая ў нас Ёлачка! Яна чароўная! – крычалі дзеці, падклікаючы бацькоў і выхавальніцу.
     – Адкуль яна ўзялася? Яе ўчора тут не было? – дзівіліся дарослыя. – Напэўна, гэтую Ёлачку нам падарыў Дзядуля Мароз.
     І яны мелі рацыю, аднак паверыць у такое незвычайнае навагодняе чараўніцтва было вельмі цяжка. І хоць у дзіцячым садзе ўжо былі іншыя ўпрыгожаныя дзецьмі навагоднія Ёлачкі, гэтая самая маленькая і таму самая чароўная навагодняя Ёлачка аказалася самай прыгожай, падобнай на маленькую прынцэсу з чароўнай казкі. Дзеці беглі ў двор, каб пакружыцца поруч яе, патанчыць і праспяваць любімыя навагоднія песенькі.
     Некалькі вясёлых незабыўных дзён Ёлачка пражыла ў двары дзіцячага садка. Яе вельмі палюбілі ўсе дзеці, яны краталі зялёныя галінкі, разглядалі цацкі і разумелі, што Ёлачка самая што ні на ёсць чароўная, што яе сапраўды даслаў у садок Дзядуля Мароз. Ёлачка ўсміхалася. Ёй так падабалася глядзець на дзяцей, бачыць іх радасныя твары, што ў нейкае імгненне нават захацелася на зусім застацца ў дзіцячым садзе.
     Але аднойчы скончыліся навагоднія святы. Позна ўвечары, калі ўсе дзеці разыйшліся па хатах, за ёй прыляцеў Квадракоптар Дзядулі Мароза і панёс у родны лес. Ёлачка ляцела па цёмным небе, яе перапаўнялі радасныя адчуванні, бо спраўдзілася яе мара, яна пабывала ў дзіцячым садзе на навагоднім свяце. А людзі глядзелі ўгару і бачылі сярод начных зорак яркую Зорачку, якая зіхацела рознакаляровымі агеньчыкамі і была падобная на самалёт.
     – Вярнулася? – пыталі Ёлачку ў лесе знаёмыя дрэвы, калі яна прызямлілася на сваё ранейшае месца. – Як там у дзяцей, весела?
     – Яшчэ як! – адказвала Ёлачка. – Гэтае цудоўнае свята я не забуду ніколі.
     
      Гэтая казка на рускай мове
28.12.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100