Джэк - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Джэк
Джэк
Ён з'явіўся ў Ромкінай сям'і, калі быў зусім маленькім шчанюком. А хлопчык у той час яшчэ толькі пайшоў у дзіцячы сад і чамусьці ніяк не мог прывыкнуць да новых абставін. Ромка капрызнічаў, без канца плакаў, і выхавальніца не магла яго супакоіць. Саша, дачка кухаркі дзіцячага сада, дзяўчынка гадоў васьмі, часта прыходзіла да мамы ў сад. Таварыская і вясёлая, яна вырашыла дапамагчы малому. "Я прынясу Джэка, ён яму спадабаецца", – падумала дзяўчынка.      Шчанюка Джэка нядаўна нарадзіла сучка Жуля, якая жыла ў двары Сашынай хаты. Не пагаварыўшы з мамай, дзяўчынка ўпотай прынесла Джэка і аддала Ромку. А хлопчык, убачыўшы новага сябра, тут жа супакоіўся. І цяпер ніхто не мог адабраць яго ў хлопчыка. Нават мама, калі прыйшла ўвечары за сваім сыночкам, не змагла гэтага зрабіць. Прыйшлося ёй Джэка забраць на выхаванне дадому.
     Прыязны Сашын учынак штосьці памяняў у Ромкінай галоўцы. Хлопчык павесялеў, а заўважыўшы ў дзіцячым садку Сашу, радасна бег да яе насустрач, як да сваёй лепшай сяброўкі. Джэк, пазнаёміўшыся з новым домам, таксама хутка прывык да цеплыні і ўтульнасці. Вось толькі мама Ромкі была не зусім задаволена з'яўленнем такога "падарунку" ў яе кватэры. "Гэты шчанюк не пародзісты", – разумела яна.
     Прайшло некалькі гадоў. Ромка ўжо хадзіў у школу, а Джэк падрос, ператварыўшыся ў вялікага моцнага сабаку. Аднак, ён не быў падобны на іншых сабак, якіх выгульвалі ў двары. Яго выдавалі абвіслыя вушы і доўгі хвост. "Дварняк", – так сябры Ромкі цяпер звалі яго сабаку. Хлопчык крыўдзіўся, але не смеў растацца з Джэкам. Толькі мама ўсё часцей казала пра тое, што можа яму купіць пародзістага сабаку і навошта ім гэты Джэк з абвіслымі вушамі…
     
     У каўбаснай крамцы было многа народу. Набліжаліся навагоднія святы. Вялікі сабака сядзеў на падлозе ў цэнтры крамкі. Яго з усіх бакоў абкружалі нечыя ногі. Пакупнікі выбіралі сабе тавар да навагодняга стала. Смачны пах вэнджанага мяса лунаў у паветры. Сабака лагодна разглядаў ўвайшоўшых пакупнікоў і нікога не чапаў.
     – Чыя гэта сабака? – спытала жанчына.
     Яна толькі што ўвайшла ў краму і ў цеснаце акуратна абыходзіла сабаку з боку, баючыся наступіць яму на доўгі кудлаты хвост.
     – Гэты сабака вунь той бабулі з палкай, – адказала пакупніца, якая стаяла у чарзе за каўбасой.
     Неўзабаве бабулька адышла ад прылаўка, трымаючы ў руцэ мяшэчак з прадуктамі.
     – Пойдзем дахаты, – ціха мовіла яна, гледзячы на сабаку.
     Сабака ўскочыў, радасна заматляў хвастом і пайшоў да выйсця ўслед за ёй…
     
     Бабулька дала прытулак беспрытульнаму сабаку некалькі гадоў назад. Брудны замучаны схуднелы, але з добрымі ласкавымі вачамі ён круціўся паблізу, калі яна адпачывала на лаўцы ў скверыку недалёка ад дома.
     – Хто цябе кінуў? – спытала бабуля. – Небарака. Ёсць жа такія нядбайныя гаспадары. Спачатку дадуць прытулак, а потым выкідваюць на памыйніцу. Добра, пайшлі са мной. Хоць я і не багатая, але як-небудзь прахарчуемся разам.
     Яна ўстала і пайшла ў кірунку да свайго дома. Сабака паслухмяна крочыў побач. Ён яшчэ трохі пабойваўся незнаёмага чалавека, але мяккі і даверлівы голас бабулькі прыцягваў і заклікаў ісці за ёй…
     
     Так Джэк стаў жыць у новай гаспадыні. Яму нечувана пашанцавала. Пасля некалькіх гадоў бадзянняў у незнаёмым горадзе сярод такіх жа, як і ён, беспрытульных сабак, ён, нарэшце, здабыў надзею на выратаванне.
     Як жа ён апынуўся на вуліцы, калі вырас на вачах у любячага яго Ромкі?
     Хлопчык, не гледзячы на ўсмешкі хлапчукоў і гутаркі мамы, ні за што не жадаў раставацца з чатырохногім сябрам. Але аднойчы, прыйшоўшы са школы, ён не застаў сабаку дома. І мамы таксама не было. Яна з'ехала ў аднадзённую камандзіроўку. "Дзе ж Джэк? – думаў Ромка. – Можа мама, як заўсёды, "загнала" ягона балкон, і ён адтуль уцёк на вуліцу", – вырашыў хлопчык, заўважыўшы непрыкрытую фрамугу балконнага акна на першым паверсе сваёй кватэры. Наскора перакусіўшы, Ромка пабег шукаць Джэка – аббегаў усю акругу, але дарэмна. Сабакі нідзе не было. Позна ўвечары вярнулася мама.
     – Не хвалюйся. Нагуляецца і прыйдзе, – сказала яна.
     Але Джэк не вярнуўся.
     Праз паўгода Ромка з мамай купілі пародзістага шчанюка на выставе сабак. І ў хлопчыка з'явіліся новыя клопаты і радасці…
     
     Як жа гэта адбылося? Няўжо Джэк уцёк з хаты сам?
     Усё было зусім па-іншаму. Перад ад'ездам у аднадзённую камандзіроўку маме некалі было вывесці сабаку на шпацыр. І тады яна вырашыла ўзяць яго з сабой. Джэк паслухмяна ўсеўся на задняе сядзенне машыны і з цікаўнасцю глядзеў у акно. А калі яны пад'ехалі да незнаёмага горада, ён убачыў ля дарогі зграю бяздомных сабак і адчайна забрахаў.
     – Ты хочаш да іх? – пажартавала мама.
     Джэк заматляў хвастом. Яго пацягнула да сваіх суродзічаў.
     – Ідзі, – сказала мама і выпусціла сабаку з машыны.
     Джэк выскачыў і пабег да сабак. А мама, пастаяўшы трохі, вырашыла, што не варта вяртаць Джэка назад, і з'ехала.
     Сабака, нагуляўшыся, успомніў пра свой дом. Але было позна. Вось так ён апынуўся на вуліцы ў чужым горадзе. Хто вінаваты? Сабака ці яго гаспадыня? Усё-такі, мабыць, гаспадыня. Яна не любіла свайго выхаванца і ў думках марыла пазбавіцца ад яго…
     Людзі! Не прыручайце жывёл, калі яны вам не патрэбныя, калі вы не любіце іх. Хіба вам не шкада бяздомых катоў і сабак? У іх калісьці быў дом. А цяпер яго няма. Хто адкажа за гэта?
     
     Джэк жыве ў добрай бабулькі. Яна, чым можа, корміць яго, сочыць за чысцінёй. І пакуль жывая, ні за што не пакіне прыручаную душу, не выганіць на вуліцу. А сабака адказвае ёй такой жа бязмежнай любоўю. Яму няважна ці ў багатым доме ён жыве, галоўнае – побач ёсць чалавек, які яго любіць.
     
      Гэты аповед на рускай мове
28.12.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100