ХлопЧык-з-пальЧык - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
ХлопЧык-з-пальЧык
ХлопЧык-з-пальЧык
Аднойчы з далёкай планеты ў кірунку да Зямлі адправіўся ў палёт касмічны карабель. Яго форма і памеры былі незвычайныя. З выгляду карабель нагадваў невялікую бліскучую цацку, якая ўтварае нягучны свіст. У караблі знаходзіўся жывы іншапланецянін, падобны на зямнога хлопчыка, толькі ў сотні разоў менш за яго па росце. Касманаўта звалі Чык, ён ляцеў у невядомасць. Як яго сустрэне незнаёмая планета і яе жыхары, малады іншапланецянін не ведаў, бо ніхто на Зямлі нават не меркаваў, што нехта ляціць да іх у госці.      Чык яшчэ ніколі не быў на "блакітнай планеце", ён толькі разглядаў яе на здымках, якія захоўваліся ў архіўных матэрыялах касмічных даследаванняў яго разумнай планеты. Але яму вельмі хацелася бліжэй пазнаёміцца з зямлянамі, сустрэць на гэтай прыгожай планеце сапраўднага сябра, таму ён бясстрашна адправіўся ў далёкае і небяспечнае падарожжа.
     Звышскарасны карабель з іншапланецянінам на борце ляцеў з неверагоднай хуткасцю і ўжо праз дзень збіраўся дасягнуць зямной арбіты. А тым часам жыццё на Зямлі ішло сваім парадкам. Дзеці хадзілі ў школы, дзіцячыя сады, дарослыя – на працу, і ніхто не здагадваўся пра "падарунак", які ім рыхтаваў космас…
     
     У сям'і Аліка хварэла малодшая сястрычка. Ёй было ўсяго толькі пяць гадоў, хлопчык жа вучыўся ў трэцім класе. Хвароба сястрычкі аказалася не простай, у дзяўчынкі з-за прастуды развілася астма. Часам у малой здараўся прыступ, яна задыхалася, і лекі зусім не дапамагалі. Урач выпісала новыя, але і яны не давалі належнага выніку. Алік перажываў за сястрычку, дрэнна спаў па начах, а нервовае ператамленне стала адбівацца на яго вучобе ў школе. Мама таксама хвалявалася. Як жа хутчэй вылечыць дачку, каб хвароба не стала для Алёнкі хранічнай на ўсё жыццё?
     Выпадкова ці не, быццам інтуітыўна, Чык адчуў іх бяду. Неверагодна, але патрапіўшы на Зямлю на досвітку выхаднога дня, ён чамусьці вельмі дакладна прызямліўся на даху хаты Аліка. Як гэта атрымалася? Мабыць, навукоўцы на яго планеце сачылі за палётам карабля і накіравалі свайго пасланца туды, дзе жыў Алік. Гэты хлопчык аказаўся самым падыходзячым кандыдатам у сябры Чыку…
     
     – Алік, ідзі сюды, дапамажы, Алёнка задыхаецца! – пачуў спрасонку хлопчык.
     Ускочыўшы з пасцелі, ён пабег у спальню сястрычкі і стаў дапамагаць маці – прынёс цёплую ваду, каб запіць лекі. Праз некаторы час дзяўчынцы стала лягчэй, і Алік зноў лёг у пасцелю даглядаць свой сон. Але той, нажаль, ужо не ішоў да яго.
     А Чык тым часам спусціўся з даху і прабраўся да акна. Ён слухаў гутарку, якая даносілася з хаты, і, вырашыўшы лепей разглядзець зямнога хлопчыка, у перадсвітальнай імгле паціху пракраўся да яго ў пакой.
     І тут Алік раптам заўважыў, што хтосьці адсоўвае фіранку на акне:
     – Ты хто? – бясстрашна прашаптаў хлопчык.
     – Я... – замарудзіўся з адказам Чык.
     Разгледзеўшы на падаконніку чалавечка памерам з невялікую лялячку, Алік сказаў:
     – Ты падобны на ХлопЧыка-з-пальЧыка з казкі. Гэтую казку я ўчора чытаў Алёнцы.
     – Так, гэта я, – адказаў Чык, пачуўшы сваё імя ў доўгім незразумелым слове.
     – Так ты з казкі? – здзівіўся Алік.
     – Можа быць… – не зусім зразумеў яго Чык.
     – Вось калі б ты змог выратаваць маю сястрычку, – сумна прамовіў Алік. – Ёй не дапамагаюць лекі, і астма можа перайсці ў хроніку.
     – Я прынясу табе самыя лепшыя лекі, – паабяцаў Чык і падумаў: "Я вярнуся дадому, распавяду аб усім. Нашы дактары выратуюць яго сястру". Як толькі Алік заплюшчыў вочы і заснуў, Чык пралез праз прыадчыненае акно ў двор і знік.
     Прачнуўшыся, Алік успомніў ХлопЧыка-з-пальЧыка з казкі і вырашыў, што гэта быў сон. А ў космасе тым часам ляцеў Чык на сваім незвычайным караблі. Ён вяртаўся на родную планету…
     
     Колькі дзён спатрэбілася іншапланетнаму хлопчыку, каб выканаць сваё абяцанне – два, тры ці больш? Мабыць, каля месяца. І зноў Чык апынуўся ў хаце Аліка. Але гэта быў ужо будны, а не нядзельны дзень. Алік сядзеў за пісьмовым сталом і вучыў урокі.
     – Прывітанне, я вярнуўся! Вось, прынёс тваёй сястры лекі, – сказаў Чык, стоячы на падаконніку ў пакоі хлопчыка.
     – Ты? – здзівіўся Алік. – Так гэта быў не сон?
     – Не. Усё рэальна. Гэтыя лекі дапамогуць тваёй сястрычцы. Мне іх далі на маёй планеце.
     – Так ты іншапланецянін?
     – Я прыляцеў да вас на Зямлю з далёкай планеты. Бачыш, я такі ж, як ты, толькі маленькі, – Чык перавярнуўся вакол сябе дзеля таго, каб зямны хлопчык мог лепей яго разглядзець.
     Алік слухаў аповед Чыка, шырока расплюшчыўшы вочы ад здзіўлення. Ён не мог у гэта паверыць. Потым ён дакрануўся пальцам да Чыка, узяў у рукі маленькую скрыначку з лекамі і спытаў:
     – Ты сцвярджаеш, што гэтыя лекі можна ёй даць?
     – Не, іх не трэба даваць у рот. Гэта не такія лекі, якія робяць у вас. Гэтую скрыначку пакладзі сваёй сястрычцы пад падушку. Праз некалькі дзён яна будзе здаровая.
     – Цуды, – недаверліва прамовіў Алік, але паабяцаў усё зрабіць так, як прасіў Чык.
     Іншапланецянін неўзабаве кудысьці паляцеў. Яму трэба было выконваць заданне сваёй касмічнай камандзіроўкі на Зямлю. Але праз тыдзень Чык вярнуўся, каб даведацца, ці вылечылі яго лекі дзяўчынку. Алік паведаміў, што ў Алёнкі з тых часоў не было ніводнага прыступу.
     – Вельмі добра, – усміхнуўся Чык. – У наступны мой прылёт я прывязу падарунак табе.
     – Так ты вернешся? – узрадаваўся Алік.
     – Вярнуся. Між тым, у той час у вас будзе лета, і мы зможам больш пабыць разам.
     – Я буду вельмі рады, – адказаў Алік. – Прылятай, я буду цябе чакаць.
     Чык паляцеў дадому, а Алік глядзеў у неба і сачыў за зіхатлівай кропачкай касмічнага карабля Чыка, пакуль тая не згубілася з поля зроку.
     
     Мама не хацела верыць у тое, што маленькая скрыначка пад падушкай у дачкі, выратавала яе ад хваробы. Алік жа паверыў усяму, што здарылася, на сто працэнтаў. Хлопчык радаваўся, што сястрычка акрыяла. У яго хаце запанаваў спакойны настрой. Вучоба ў школе ў Аліка таксама наладзілася, бо ўсё добра ў нас у душы і на сэрцы, калі ў хаце ўсе здаровыя.
     
     p.s. Дзеці! Які падарунак прывязе іншапланетны хлопчык Аліку? Можа вы здагадаецеся?
     
      Гэтая казка на рускай мове
1.12.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100