Плывучы Астравок - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Плывучы Астравок
Плывучы Астравок
Беларусь завуць сінявокай за яе блакітныя азёры, рэкі і крыніцы. Іх неверагодна многа – тысячы і тысячы, так што нават усе не пералічыць. Самыя шырокія і паўнаводныя рэкі – Днепр, Заходняя Дзвіна і Нёман, самае вялікае возера – Нарач, самае глыбокае – Доўгае. Па поўдні нашай краіны цячэ рака Прыпяць, яна – прыток Дняпра, па поўначы нясе свае воды да Балтыйскага мора Заходняя Дзвіна. Днепр працякае на ўсходзе нашай радзімы, Нёман – на захадзе. З гразкіх балот бяруць свой пачатак шматлікія рэкі. Маленькія крынічкі прабіваюцца з-пад друзлай балотнай зямлі і бягуць далей, ствараючы сваё рэчышча і ўвесь час падсілкоўваючыся вадой з іншых падземных крыніц, ручайкоў і рачулак. Урэшце яны ператвараюцца ў сапраўдныя шырокія рэкі.      У запаведных беларускіх лясах водзіцца шмат дзічыны. Там жывуць мядзведзі, ваўкі, лісы, зайцы, дзікі і іншыя жывёлы. Часам у глухім лесе можна сустрэць зубра, аленя ці нават лася. На рэках і балотах будуюць плаціны бабры. Гэтым працавітым звяркам спадабалася прырода Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Праз старадаўні некрануты лес, пятляючы між бярозак і асін, цячэ рака Бярэзіна. Яна накіроўваецца насустрач Дняпру і аддае яму свае воды.
     На поўначы нашай краіны шмат крышталёва чыстых азёр: Блакітныя, Браслаўскія, Лясныя. Бывае, што на азёрах, размешчаных паблізу ад балот, утвараюцца плывучыя астравы. Яны складаюцца з пераплеценага багавіння, галінак, карэнішчаў раслін, паваленых дрэў. Разрастаючыся, такая "сплавіна" адрываецца ад берага балота і плавае па возеры пад кіраўніцтвам парываў ветру. На плывучых астравах гняздуюцца вадаплаўныя птушкі, туды заплываюць андатры і выдры. Часам на гэтых незвычайных астравах здараюцца дзіўныя гісторыі…
     
     На Асвейскім возеры, размешчаным на паўночнай мяжы Беларусі, таксама ёсць вялікі плывучы востраў. Яго завуць Гаспадаром за строгі некіруемы характар. У ветранае надвор'е і навальніцу востраў плавае па возеры і, паступова разрастаючыся, згортвае да сябе ўсё, што сустракаецца ў яго на шляху: рыбалавецкія сеткі, галінкі, нават рыбацкія лодкі. І хоць востраў ўжо даволі вялікі, яго немагчыма нанесці на карту, таму што яго месцазнаходжанне ўвесь час змяняецца.
     Дзед Анісім жыве недалёка ад Асвейскага возера і любіць там рыбачыць. Гэтым летам да дзядулі з бабуляй прыехаў пагасцяваць васьмігадовы ўнук Слаўка. Дзед ведае шмат цікавых гісторый пра родныя мясціны і часта распавядае іх унуку. Вось і сёння стары вырашыў парыбачыць і ўнука ўзяў з сабой. Седзячы на беразе, дзед Анісім распавядаў Слаўку, што на іх плывучым востраве рыбакі не могуць вылавіць ніводнай рыбкі. Чаму? Мабыць, плывучы востраў не дазваляе, таму і завуць яго Гаспадаром.
     Слаўка з цікавасцю слухаў аповед дзеда. Паглядзеўшы ўгару, хлопчык заўважыў, як над імі праляцела вялікая белая птушка з доўгімі цёмнымі крыламі і дзюбай, загнутай кручком.
     – Гэта Скапа, – сказаў дзед, – яна любіць паляваць на рыбу. Глядзі, вунь Скапа ўжо схапіла і панесла вялікую рыбіну ў сваё гняздо. Там у яе птушаняты, іх пакарміць трэба. А хочаш, Слаўка, я раскажу табе казку пра плывучы востраў?
     – Хачу, – хлопчык з цікавасцю паглядзеў на дзеда.
     І тады дзед пачаў свой аповед:
     – У вялікім лесе жыла заячая сям'я – мама, тата і чацвёра зайчанят. Да лета зайчаняты трохі падраслі. Усе такія прыгожанькія, шэранькія і вельмі шустрыя. Аббеглі яны ўвесь лес вакол нары, з вожыкамі і вавёрачкамі пасябравалі. Вось толькі самае малодшае зайчаня па мянушцы Цок не жадала з братамі ў хованкі і даганялкі гуляць, не цікава яму было. Стала дапытлівае зайчаня ўпотай збягаць да возера, якое пляскалася недалёка ад іх хаты побач з балотам, што пазарастала мохам і хмызняком. Цок зачаравана назіраў, як азёрныя хвалі б'юць аб бераг, як у чаратах качкі корпаюцца, птушанят сваіх гадуюць, ежу ім у дзюбах носяць. А па небе птушка вялікімі чорнымі крыламі махае, хвост у яе кароткі, белы, дзюба велізарная. Гэтую птушку Арланам белахвостым клічуць.
     – Ён такі як гэтая птушка? – Слаўка паказаў на "рыбнага арла", Скапу, якая парыла у небе над Асвейскім возерам, распластаўшы вялікія крылы.
     – Так, падобны, толькі буйнейшы, – адказаў дзед Анісім. – Але аднойчы здарылася бяда. Цок згубіўся. Куды ён адправіўся, не ведаў ніхто. Зайчаняты ўспаміналі, што прачнуўшыся, не ўбачылі яго ў нары. Цок кудысьці знік. Яго шукалі старэйшыя браты па ўсім блізкім лесе. Толькі ўсё дарма. Зайчаня як у ваду канула. Не знайшлі яны яго нідзе.
     – А справа ў тым, – працягваў распавядаць дзед Анісім, – што ўжо шмат дзён запар па раніцах зайчаня Цок прападаў на возеры. Там ён сачыў за чайкамі, якія з вясны ўладкавалі свае гнёзды на маленькім Астраўку, што пазарастаў высокай травой. Чайкі вырашылі так паступіць не выпадкова. Астравок дзікі, туды не дабярэцца ні чалавек, ні звер. Аднак, аказалася, што гэта не так.
     У тую раніцу Цок падбег да возера і, угледзеўшыся ў яго, не знайшоў там знаёмага Астраўка.
     – Куды дзеўся мой Астравок? – здзіўлялася зайчаня.
     – Ён тут, гэта ён! – крыкнулі чайкі.
     І тады зайчаня ўбачыла, што Астравок, які яшчэ ўчора стаяў на сярэдзіне возера, чамусьці апынуўся ля берага.
     – Так ты ўмееш плаваць? – дагадаўся Цок. – Як добра, што ты, Астравок, прыплыў да берага. Зараз я змагу патрапіць да цябе ў гасці.
     І зайчаня ўжо памкнулася заскочыць на Астравок.
     Але маленькія Бярозкі, якія раслі ля берага, зашумелі лістотаю, папярэджваючы малога пра небяспеку:
     – Не скачы на Астравок, гэта небяспечна! – хваляваліся дрэвы.
     Маленькае зайчаня ці то не ўчула іх галасы, ці то не захацела слухаць парады маладзенькіх Бярозак, толькі Цок, усё-такі, разагнаўся і з разбегу шлёпнуўся ў высокую зялёную траву Астраўка.
     – І навошта ён гэта зрабіў! – засмуціліся Бярозкі, яны нібы прадчувалі нейкую бяду.
     Раптам у лесе і над возерам падняўся моцны вецер. Ён разгойдваў ствалы, галіны дрэў і хмызнякоў, матляў мох і балотную траву і… адпіхнуў Астравок ад берага да сярэдзіны возера! Зайчаня, разглядаючы гнёзды чаек і іх маленькіх птушанят, спачатку нічога не заўважыла. Але потым моцна спалохалася!
     – Ай-яй-яй! – расхваляваўся Цок. – Як я вярнуся дахаты, бо я не ўмею плаваць!
     – Керр-керр-керр, – бурчалі азёрныя чайкі-рыбачкі. – Навошта ж ты забраўся сюды. Хацеў з'есці нашых птушанят?
     – Я не ем птушанят, – расплакалася зайчаня. – Я люблю есці моркву і капусту.
     – Хто гэта там такі плача? – крыкнуў Арлан белахвосты, лунаючы над Астраўком і разгледзеўшы на ім малога. – Што ты робіш адзін без мамы на Астраўку? – пашкадаваў Арлан зайчаняці.
     – Я не хацеў… – плакаў Цок. – Я не ведаў, што Астравок умее плаваць. Мама, выратуй мяне! – яшчэ гучней закрычаў малы, спрабуючы дакрычацца да мамы.
     – Так ты, зайчаня, не ўмееш плаваць? Вельмі дрэнна, абавязкова навучыся. Але зараз цябе трэба ратаваць. Я палячу да тваёй мамы ў лес і скажу ёй, што ты тут, на плывучым Астраўку.
     Доўгакрылы Арлан белахвосты паляцеў у лес, і неўзабаве ўся заечая сям'я стаяла каля берага, здзіўлена гледзячы на зайчаня. Ніхто з яго старэйшых братоў не здзейсніў бы такога неабдуманага ўчынку, таму што старэйшыя зайчаняты ўжо ведалі – гэта плывучы Астравок, ён можа адплысці ад берага. Але цяпер іх маленькі някемлівы брацік плакаў і прасіў аб дапамозе.
     – Трэба знайсці Бабра і папрасіць яго пабудаваць плыт, – сказала мама Зайчыха, і дружная сям'я пабегла на пошукі гэтага нястомнага працаўніка.
     Бабёр хутка ўзяўся за работу:
     – Небараку трэба дапамагчы, я паспрабую яго выратаваць, – сказаў Бабёр, спрытна разгрызаючы доўгае бярвенне і майструючы з его трывалы плыт. Яшчэ не сцямнела, а плыт ужо быў гатовы і плыў да плывучага Астраўка. Вядома, што дрэва не тоне ў вадзе, і гэта яго ўласцівасць дапамагла выратаваць маленькае зайчаня. Цок з радасцю заскочыў на плыт і паплыў да берага, дзе яго сустрэлі мама, тата і браты.
     – Паабяцай, што больш не будзеш нас хваляваць і без дазволу ўцякаць з хаты, – сказаў тата Заяц і строга паглядзеў на сына. А мама Зайчыха толькі пагладзіла неразумнага сыночка па галоўцы і абняла.
     – Не буду, больш ніколі не буду, – плакала зайчаня.
     Але яго галасок ужо не здаваўся такім сумным. Малы быў рады, што ўсё так добра скончылася, і з падзякай глядзеў на Бабра. А той запрасіў Цока ў госці, паабяцаўшы навучыць яго будаваць плыты.
     
     Дзед Анісім скончыў свой аповед, а Слаўка глядзеў удалячынь на плывучы востраў Асвейскага возера і на чаек, якія луналі над ім. У блакітным небе ззяла сонейка, на кручок у дзеда трапілася рыбінка, толькі зусім маленькая. "Такой рыбкай птушанят не накорміш", – падумаў кемлівы хлопчык.
     
      Гэтая казка на рускай мове
4.11.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100