Як белая Варона выратавала тыграня - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Як белая Варона выратавала тыграня
Як белая Варона выратавала тыграня
Старая белая Варона прысела на плот побач з драўлянай хатай. За плотам пасярод двара стаяў стол. За ім сядзелі дзве сяброўкі, дзяўчынкі гадоў дзесяці, і хлопчык гадоў пяці, брацік адной з іх. Дзяўчынкі штосьці старанна плялі з дубчыкаў сухой саломкі, а хлопчык маляваў каляровымі фламастарамі ў вучнёўскім сшытку. Варона прыгледзелася. "Гэта саламяная кветка вельмі падобная на тую незвычайна прыгожую кветку, якую я бачыла ўверсе на гары”, – падумала яна.      Якую кветку бачыла белая Варона для нас яшчэ застаецца загадкай. Але саламяная кветка ў руках дзяўчынак нагадала ёй адну дзіўную сустрэчу, якая шмат гадоў назад адбылася ў яе жыцці. Ах, як захацелася бабульцы Вароне распавесці пра гэта людзям! Яна, не баючыся, што яе не зразумеюць альбо прагоняць, адважна ўселася на край стала і ўважліва паглядзела дзецям прама ў вочы.
     – Што гэта з ёй? – спытала Каця.
     – Яна штосьці хоча нам сказаць, – зразумела яе Надзя.
     – Так, – пацвердзіла Варона.
     – Цікава, што? – усміхнуўся Саша.
     – А вы паслухайце і ўсё зразумееце, – адказала белая Варона.
     Яна падсунулася бліжэй да дзяцей і пачала свой аповед:
     – Даўным-даўно, калі я была зусім юная, можа быць, такая, як вы цяпер, то любіла марыць і часта падлятала да гэтых гор, – Варона паказала белым крылом у бок, дзе ўдалечыні віднеліся хрыбты высокіх гор. – Мяне цягнула туды цікаўнасць. Хацелася паглядзець, хто жыве ў горных пячорах, хто ходзіць па стромкім горным сцяжынкам, хто ўмее ўзлятаць высока да вяршыняў гор. Лётаючы ўздоўж схілаў гор, я ўбачыла пастухоў і статкі коз і авечак, якія пасвіліся на горных лугах. З вяршыняў гор у даліны спускаліся драпежныя птушкі – арлы, беркуты, ястрабы. Паміж зараснікамі кустоў і травы поўзалі змеі, шнарылі яшчаркі, мышы, нават зайцы. Я сустракала там ваўкоў і дзікіх горных казуль.
     Неяк раніцай я паляцела да гор і, як мне здалося, паднялася на вялікую вышыню. Адтуль было вельмі цікава назіраць за аблокамі. Яны ўразаліся прама ў горы або абляталі іх з боку. Высока-высока амаль нічога не расло, толькі віднеліся невялікія дробныя кусцікі. І раптам я ўбачыла яркую белую кветку, падобную на зорачку. Яна была пухнатай і вельмі далікатнай, хоць вырасла проста на голай скале. Потым я даведалася, што яе называюць эдэльвейсам. Вось яны, – Варона паказала дзюбай на саламяныя кветкі, якія былі ў руках дзяўчынак, – падобныя на яе. Але галоўнае было не ў кветцы. Недалёка ад яе на камянях ляжаў хтосьці. Гэта было тыграня, яно цяжка дыхала.
     Я спытала, што з ім. Тыграня адказала, што страціла маму. Яе забілі браканьеры, і таму малое баялася спускацца з гары ўніз. Паабяцаўшы дапамагчы тыграняці, я паляцела на пошукі добрых людзей альбо такіх жа, як і яно, але толькі дарослых тыграў. Я змагла адшукаць тыгрыцу з тыгранём. Тыгрыца паабяцала, што дасць прытулак малому і стане яго другой мамай. Потым я адвяла няшчаснае асірацелае тыгранё да яе.
     Гэта, – скончыла свой аповед белая Варона, – галоўная добрая справа, якую я зрабіла ў сваім жыцці. Больш у мяне ніколі не атрымоўвалася сустрэць у гарах тыграў. Мабыць, яны сышлі з нашых гор жыць у іншыя больш бяспечныя месцы.
     – Мама казала, што цяпер ужо ніхто не палюе на тыграў, – сказала Каця. – Гэта забаронена.
     – Як добра, што вы выратавалі тыграня, – Надзя з падзякай паглядзела на Варону.
     А тая задаволеная тым, што яе пахвалілі, пырхнула і паляцела дадому, нават не развітаўшыся з дзецьмі. Можа быць, яна ведала, што вернецца да іх у іншы раз, таму што гэтыя дзеці разумеюць яе…
     Пагаворваюць, што ўсё, пра што тут гаварылася, выдумка. Але і сярод птушак, нават варон, знаходзяцца добрыя і разумныя стварэнні, якія дапамагаюць тым, хто патрапіў у бяду. А дзеці ў падзяку белай Вароне за яе вельмі адважны і добры ўчынак змайстравалі з саломкі дзве фігуркі – белую варону і тыграня. Зараз гэтыя фігуркі ўпрыгожваюць калекцыю саламяных вырабаў на выставе.
     
      Гэтая казка на рускай мове
5.10.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100