Мора і Вецер - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мора і Вецер
Мора і Вецер
На адным канцы света раскінулася бязмежнае Мора. Вада ў ім была ізумруднага колеру, цёплая і трохі салёная. Людзі, якія жылі ля Мора, хвалілі яго за спакойны і мяккі характар.      Сонца і Месяц кахалі Мора і сябравалі з ім. Раніцай, калі ласкавае Сонца паказвалася з-за гарызонту, Мора вітала свайго сябра, і тады колер марской вады станавіўся нябесна-блакітным. Цэлы дзень Мора лашчылася пад цёплымі сонечнымі прамянямі і казала яму добрыя словы. Увечар, калі Сонца хавалася за гарызонтам, рассцілаючы па воднай роўнядзі барвовую дарожку, Мора цямнела ад думкі, што на цэлую ноч расстаецца з сябрам. Але, на шчасце, уначы на неба ўсходзіў Месяц і, гуляючы з Морам, як бы жартам, рассыпаў па ім сваё срэбра.
     Побач з Морам стаяў Уцёс-Велікан. Ён таксама кахаў Мора, але ніколі не казаў яму пра гэта. Уцёс, моўчкі, любаваўся Морам на світанні і на захадзе Сонца, п'янеючы ад марскога паветра і яго прыгажосці. Так ціха дзень пры дні цякло жыццё Мора. Толькі зрэдку яго спакой парушалі балбатня і крыкі няўрымслівых чаек, якія луналі над хвалямі.
     І вось аднойчы з іншага канца свету ў гэтыя краі заляцеў Вецер. Малады і шустры, ён падарожнічаў па свеце ў пошуках прыгод. Толькі раз зірнуўшы на Мора, Вецер закахаўся ў яго без памяці. Такой блакітнай роўнядзі, такога далікатнага марскога дыхання ён ніколі не бачыў і не адчуваў. Вецер падляцеў да Мора і не змог стрымаць гарачае пачуццё кахання, якое ахапіла яго. Ён стаў лётаць ля самага Мора, кранаючы яго бліскучую ваду! Але Мора не прыняло ласку Ветра. Яно спалохалася, расхвалявалася і пачало адштурхваць няпрошанага госця сваімі хвалямі! Вецер збянтэжыўся ад нечаканасці, і ўся яго вар'яцкая страсць імгненна ператварылася ў такую ж вар'яцкую лютасць. Ён, як звар’яцелы, віхрам стаў насіцца вакол Мора, разбураючы ўсё на сваім шляху!
     Паднялася бура. Мора кідала свае бушуючыя хвалі, у замяшанні білася аб берагі, шумела і прасіла дапамогі. А Вецер з яшчэ большай лютасцю налятаў на Мора і ўсё больш і больш хваляваў яго. У паветры стаяў страшэнны шум і крык: Вецер свістаў і стагнаў, чайкі крычалі ад страху, а Мора шумела і білася аб берагі.
     Толькі стары Ўцёс дэманстраваў жалезны спакой духу. Яму было вельмі шкада Мора, і калі Вецер з размаху стукнуўся аб яго стромкі бераг, Уцёс крыкнуў яму:
     – Спыніся, вар'ят! Хіба так можна заваяваць каханне!
     Гэтыя словы падзейнічалі на Вецер, ён змоўк. І тады Ўцёс ціха сказаў Ветру:
     – Каханне можна заваяваць толькі пяшчотай і цеплынёй. Паспрабуй зразумець гэта.
     Прыслухаўшыся да слоў старога, Вецер, пацішэўшы, аддаліўся. Мора і чайкі супакоіліся, але са страхам чакалі новага з'яўлення Ветра. Прайшло некалькі дзён. Вецер не з'яўляўся. Аднак, закаханы, ён не мог доўга жыць без крыніцы свайго кахання. І Вецер вярнуўся. Але вярнуўся ўжо зусім іншым – ціхім, мяккім і спакойным. Ён падляцеў да Мора і далікатна прашаптаў пра сваё каханне. Ад гэтых слоў Мора запунсавелася, і па марской роўняді прабегла лёгкая дрыготка. Гэта быў пачатак іх шчаслівага кахання.
     
      Гэтая казка на рускай мове
22.09.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100