Вочы Ліхтара - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вочы Ліхтара
Вочы Ліхтара
     
Стары Ліхтар пражыў у парку шмат гадоў. І гэтак жа, як гэта адбываецца ў старых, аднойчы ён ператварыўся ў філосафа і стаў жыць успамінамі. Доўгімі зімовымі днямі і начамі, з сумам гледзячы на заснежаны парк праз сваё заледзянелае і прыпарушанае сняжынкамі шкло, ён успамінаў пра мінулае лета, пра цяпло і ўтульнасць...      Цудоўнымі летнімі вечарамі на лаўку каля Ліхтара часта прысаджваліся адпачывальнікі. Людзі размаўлялі, жартавалі, смяяліся, часам нават цалаваліся. А Ліхтар, моўчкі, проста так, з цікаўнасці, глядзеў на іх і ўслухоўваўся ў гутарку. Паступова ён прывык да такіх непрыкметных, толькі яму зразумелых зносін.
     Ліхтар пакахаў людзей. Ён радасна загараўся па вечарах, каб асвятляць дарожкі і прыцягваць у парк людзей. І, вядома ж, усе шанавалі Ліхтар, яго яркае святло. Седзячы на лаўцы пад ім, нават цёмнымі вечарамі можна было пагартаць старонкі часопіса ці кнігі, пагуляць у што-небудзь цікавае.
     Цяпер жа, халоднымі зімовымі днямі і начамі ўсё ў заснежаным парку было па-іншаму. Заледзянелы Ліхтар замярзаў ад холаду і нуды. Яму было сумна і самотна ў бязлюдным парку.
     Але як жа пражыць без шчаслівых імгненняў? Вядома ж, яны абавязкова прыходзяць у наша жыццё, часам не так часта, як бы хацелася. І вось аднойчы ў адзін з бязрадасных халодных і шэрых зімовых дзён Ліхтар пачуў нечыя вясёлыя галасы і смех. "Гэта дзеці! Яны зараз падыдуць да мяне!" – узрадаваўся Ліхтар. Хоць, яму было цяжка разгледзець іх з-за наліпшага на шкло снега. Аднак цёплае святло яго вачэй дзеці ўжо заўважылі. Штосьці гучна абмяркоўваючы, хлапчукі ішлі ў кірунку да Ліхтара. Яны цягнулі за сабой па снезе санкі. "Мабыць, дзесьці тут, недалёка, ёсць горка, і дзеці вырашылі пакатацца з яе, – зразумеў Ліхтар. – О! Як выдатна пракаціцца з горкі ўзімку!" – падумаў ён...
     Старому Ліхтару ніколі ў жыцці не давядзецца скаціцца зверху ўніз са стромкай снежнай горкі, але яго жывое ўяўленне тут жа намалявала гэта імгненне. Стары змог адчуць тую эйфарыю, якую адчувае кожнае дзіця і нават дарослы чалавек, з'ехаўшы на санках з гары. Як жа ярка і натхнёна раптам загарэлася святло ў яго вачах, колькі натхнення і шчасця з'явілася ў іх!
     Так будзь шчаслівы, мілы Ліхтар, не журыся і не маркоцься! Вось убачыш! Цёплае лета абавязкова прыйдзе ў твой парк, трэба толькі дачакацца яго.
     
      Гэтая казка на рускай мове
13.08.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100