Святло тваёй душы (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Святло тваёй душы (казка)
Святло тваёй душы (казка)
На краю вёскі была закінутая сажалка. Людзі зусім забыліся да яе дарогу. Вада ў ёй зарасла і пазелянела, старыя дрэвы, нізка схіліўшы свае галіны, адлюстроўваліся ў яе люстраной роўнядзі. Вакол панавала цішыня і спакой, па маленькім мастку ўжо даўно ніхто не хадзіў.      Днём цёплае летняе сонца ледзь-ледзь прасочвалася скрозь зараснікі лістоты і трохі сагравала астыўшую за ноч ваду сажалкі, а таму некалькі жоўтых галовак гарлачыкаў з дня на дзень былі гатовыя раскрыцца, каб адагрэцца пад яго гарачымі прамянямі.
     На беразе поруч з мастком стаяў Ліхтар. Ён быў падобны на маленькі белы Месяц і лічыў сябе яго малодшым братам. Днём ён адпачываў, а ўначы сваім святлом дапамагаў Месяцу асвятляць масток і дарожку да яго. Але Месяц далёка ў небе, а тут, ля самай вады, Ліхтару было вельмі самотна. І калі адзін з гарлачыкаў раскрыў свае бліскучыя жоўтыя пялёсткі і ўпусціў цёплыя сонечныя праменьчыкі ў сваю сярэдзінку, Ліхтар мімаволі залюбаваўся ім. Сагрэўшыся цяплом вялікага Сонца, маленькая жоўценькая Лілея выглядала такой шчаслівай!
     Ліхтару таксама вельмі захацелася падарыць гэтай яркай кветцы часціцу сваёй душэўнай цеплыні. Увечар, калі Сонца сышло за гарызонт, Ліхтар асвятліў усё вакол асляпляльна белым святлом. Ён глядзеў на закрытыя пялёсткі жоўтай кветачкі і чакаў, што яны раскрыюцца гэтак жа, як днём. Але халоднае святло маленькага Ліхтара не магло зрабіць тое, што рабілі гарачыя прамяні вялікага Сонца. Лілея траслася ад холаду і не магла раскрыцца. Ад такой няўдачы Ліхтар у роспачы закрычаў, успыхнуў ярка-белым святлом і…абудзіў Страказу, якая адпачывала на дрэве непадалёку. Гэта ярка-белае святло здалося ёй дзіўным, і яна не ўтрымалася, каб не адгукнуцца на яго кліч. Малая пырхнула і падляцела да Ліхтара, каб прыціснуцца да яго сваімі цёплымі крылцамі…
     Так далікатная Страказа пакахала маленькі Ліхтар за яго яркае белае святло, а жоўтая Лілея – вялікае Сонца за гарачыя прамяні. Кожнаму сваё. І калі ты не можаш дастукацца да нечай душы, каб надарыць яе сваім цяплом, не адчайвайся! Значыць, гэта душа кахае іншую, не тваю душу. Але і святло тваёй душы не застанецца незаўважаным. Хтосьці абавязкова ўбачыць яго і прыйдзе, каб падарыць табе каханне і шчасце.
     
      Гэтая казка на рускай мове
13.08.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100