Хітрасці іншапланецян - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Хітрасці іншапланецян
Хітрасці іншапланецян
На алеі парку стаяў самакат. З выгляду самы звычайны. Такія самакаты і ровары цяпер ставяць па ўсім нашым горадзе. Пракатная фірма робіць бізнэс.      Самакат той, што стаяў у парку, быў падобны на фірмавы. Толькі зроблены быў ён, калі прыглядзецца, зусім не з зямнога матэрыялу. Вось і папаўся Вадзік. Не паспеў ён дакрануцца да самаката і націснуць рычаг газу, як мігам апынуўся на іншай планеце ў іншапланецян. Аказваецца, гэта яны пакінулі самакат з мэтай прыцягнуць дзіця на іх планету.
     – Ой, мама! – спалохаўся Вадзік. – Дзе я?
     – Не бойся, – адказаў яму робат, вельмі падобны на зямнога чалавека. – Цябе заслалі да нас для эксперыменту, а потым ізноў адпусцяць дахаты.
     – Якога яшчэ эксп-п-перым-м-м-менту? – задрыжаў голас у хлопчыка.
     – Правераць, ці змогуць дзеці твайго ўзросту жыць у нас.
     – Я што паддоследны трус? – яшчэ больш расхваляваўся Вадзік.
     Але тут да яго пад'ехаў іншы робат і павёз кудысьці. Хлопчык не паспеў азірнуцца, як апынуўся ў вялікім памяшканні, падобным на акварыум. Там плавалі неймаверныя постаці не то рыб, не то звяроў, не то казурак…
     
     – Вадзік знік! – зазвінелі ў тэлефонах галасы хлапчукоў – яго сяброў.
     Мама і тата Вадзіка, яго настаўнікі забілі трывогу. Куды ён дзеўся? Яго няма нідзе: ні ў бальніцах, ні ў міліцыі, ні ў сяброў.
     – Знік мой хлопчык, але куды? – плакала мама.
     Вадзіка шукалі цэлы месяц, і раптам ён сам з'явіўся невядома адкуль на самакаце. Яго вярнулі з іншай планеты, але сцерлі з памяці ўсё тое, што ён бачыў і рабіў там. Вадзік пайшоў дахаты, але не змог распавесці, дзе ён быў. Яму здавалася, што ён толькі што сышоў з кватэры і катаўся на самакаце. Вось тады ўсё і раскрылася. Ва ўсім вінаваты самакат! Яго забралі з парку і сталі вывучаць, але не знайшлі ў ім нічога незвычайнага, бо хітрыя іншапланецяне вярнулі хлопчыка на звычайным зямным самакаце.
     Толькі Віцька з Боркам западозрылі штосьці нядобрае і дакапаліся да праўды: Вадзіка выкралі іншапланецяне! Хлопчыкі, вядома, у тайне ад усіх сталі даследаваць усе самакаты, расстаўленыя па горадзе. І знайшлі, так-так, знайшлі яшчэ адзін такі самакат! Цяпер сам Віцька вырашыў пракаціцца на ім, але пад аховай відэакамеры, убудаванай у яго спартыўны касцюм.
     Неўзабаве ён гэтак жа, як і Вадзік, апынуўся на іншай планеце. І з ім іншапланецяне рабілі ўсё тое ж, што з Вадзікам. Толькі ў Віцькі на касцюме была прымацавана мініяцюрная відэакамера. Яна ўвесь час запісвала ўсе дзеянні іншапланецян. Ох, якія скурпулёзныя гэтыя іншапланецяне, пра што яны толькі не распытвалі хлопчыка! І якую ён ужывае ежу, і з кім сябруе, і хто яго бацькі, і чым бы ён хацеў займацца пасля заканчэння школы. Вось толькі распрануць Віцьку яны не здагадаліся, і таму відэакамера аказалася незаўважанай. Аднак, верагодна, іншапланетнаму розуму было б цяжка здагадацца, што гэта за штука, бо такіх прылад і падобных на яе, у іх няма. На іх планеце ўвесь запіс інфармацыі робіцца праз нябачную матэрыю і ўмомант перадаецца ў іх даследчы цэнтр.
     Так, такіх індывідуумаў, як Віцька, з такім галаўным мозгам не падобным на "мазгі" робатаў, у іншапланецян няма, і ніколі не было. Яны здзівіліся, даведаўшыся, што гэты маленькі чалавек столькі ўсяго ведае і ўмее. Не адважваючыся далей мучыць дзіця, галоўны даследчык адпусціў Віцьку дахаты.
     І з ім адбылося ўсё тое, што адбывалася з Вадзікам пры вяртанні. Вось толькі відэакамера запісала рэальныя падзеі, сведкам якіх стаў гэты малады чалавек.
     – Няўжо я там пабываў? – дзівіўся Віцька.
     Ён не мог паверыць, што ўсё гэта не сон. Колькі незвычайнага захавала відэакамера! На экране быў бачны чужы зусім незразумелы ландшафт, фантастычнае жыллё, робаты, на здзіўленне падобныя на зямлян, і іншапланецяне, як нашы робаты.
     – Не, я не мог пабываць на гэтай планеце, – спрачаўся з Боркам Віцька.
     І толькі калі ён знайшоў пад падэшвай сваіх красовак незвычайны каменьчык, падобны на сумесь золата з дыяментам, які выпадкова там захрас, Віцька паверыў, што хадзіў па незнаёмай планеце.
     
     Сябры не спяшаюцца пра ўсё, што ведаюць, распавесці ў школе і сваім бацькам. Няхай яны палічаць Віцьку і Вадзіка трохі ненармальнымі, але дзеці застаюцца дзяцьмі. Яны фантазёры і шукальнікі. Таму хлопчыкі будуць далей вывучаць усё тое, што ўбачылі, імкнучыся дакапацца да праўды і зразумець, адкуль да нас на Зямлю прылятаюць іншапланецяне, чаму ўсё так хутка адбываецца, ці ёсць у іх такое паняцце, як наш зямны час, і ў якім вымярэнні яны, гэтыя іншаземныя істоты, жывуць і працуюць.
     
      Гэтая казка на рускай мове
03.08.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100