Дамавік-вандроўнік ( 3-я частка Вандраванне да Байкала) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дамавік-вандроўнік ( 3-я частка Вандраванне да Байкала)
Дамавік-вандроўнік ( 3-я частка Вандраванне да Байкала)
Сноўдаючыся без справы па беразе Ціхага акіяна, Дамавік вырашыў пераляцець на іншы бок Японскіх астравоў да Японскага мора. Там ён звярнуў увагу на чаек. Яны хісталіся на хвалях і штосьці абмяркоўвалі. Дамавік прыслухаўся.      – Гэта мора не такое вялізарнае, як Ціхі акіян. Я пералятала праз яго. На тым беразе стаіць вялікі горад, – распавядала самая старая Чайка.
     – А што далей за гэтым горадам? – спыталі ў яе птушкі.
     – Далей? Такая ж, як і тут, зямля з лясамі і палямі. Па ёй цякуць вялікія і маленькія рэкі, там ёсць азёры і нават горы. Я аднойчы адпачывала на беразе шырокай ракі, яе называлі Амурам. А мой сябар Крумкач лётаў яшчэ далей, да возера Байкал. Яно вельмі глыбокае, кажуць, што возера Байкал падобнае на мора.
     "Возера Байкал! – узрадаваўся Дамавік. – Мне трэба ляцець у той бок!"
     Назаўтра, добра адпачыўшы, Дамавік паляцеў праз Японскае мора да вялікага горада. Яшчэ здалёк ён убачыў высокія будынкі і зразумеў, што хутка дабярэцца. Невялікі катэр плыў да марскога вакзала. Прысеўшы на яго, наш невідзімка неўзабаве дабраўся да берага.
     У горадзе, які зваўся Уладзівастокам, было ажыўлена. І зноў Дамавіку дапамаглі нечыя гутаркі. Маладыя людзі з рукзакамі за плячамі кудысьці спяшаліся. Па дарозе яны гучна абмяркоўвалі, як доўга ім трэба будзе ехаць на цягніку да возера Байкал. "Я павінен ехаць разам з імі! – узрадаваўся Дамавік. – Але як жа мне не згубіць іх з вачэй ў гэтым шматлюдным горадзе?" Падумаўшы, хітры Дамавік непрыкметна прычапіўся ззаду да аднаго з турыстаў і такім чынам усю дарогу ляцеў за ім.
     Неўзабаве турысты і шустры невідзімка апынуліся на вялікім і шумным гарадскім чыгуначным вакзале.
     – Наш хуткі цягнік паедзе па знакамітай Транссібірскай магістралі, і мы на ім дабяромся да Байкала, – сказаў адзін з турыстаў, які схадзіў у касы і купіў квіткі на ўсю іх дружную кампанію.
     Толькі тады Дамавік звярнуў увагу на металічныя рэйкі. На іх тут, на пероне вакзала, стаялі цягнікі. "Гэта і ёсць Транссібірская магістраль, – здагадаўся ён. – Я ж бачыў такія чыгункі, калі лётаў па небе, як птушка. Ух, ты! Значыць, па гэтых чыгунках ездзяць цягнікі!"
     Турысты падышлі да цягніка, на якім было напісана "Уладзівасток-Масква" і селі ў вагон, прад'явіўшы правадніцы свае квіткі. А Дамавік вырашыў, што пакуль цягнік не крануўся ў дарогу, ён зможа яго добра разгледзець. Палётаўшы ўздоўж усіх вагонаў і паглядзеўшы на заклапочаныя твары пасажыраў, Дамавік затрымаўся ля першага вагона. Але гэта быў не вагон, а цеплавоз. Аказалася, што ў цягніку цеплавоз – галоўны, таму што яму трэба цягнуць за сабой вагоны.
     Цеплавоз і ўсе вагоны цягніка стаялі на рэйках і былі гатовыя да адпраўлення. Нібы асілак, цеплавоз пыхкаў, выпускаючы пару, і скоса паглядваў у бок нябачнага Дамавіка. "Гэты цягнік падобны на вялікага галавастага металічнага вусеня", – падумаў Дамавік і хуценька пракраўся ўнутр цеплавоза праз адчыненыя дзверы кабіны машыніста.
     За “штурвалам” перад вялікім шкляным акном ужо сядзеў машыніст цягніка. Праз хвіліну раздаўся гудок цеплавоза. Так машыніст прасігналіў аб тым, што адпраўляе цягнік у далёкую дарогу. Затым пачаў працаваць рухавік, закруціліся металічныя колы цеплавоза, і ён, паступова набіраючы хуткасць, пацягнуў вагоны па чыгунцы ў бок возера Байкал.
     Дамавік стаіўся за спіной машыніста і з цікавасцю назіраў за яго працай. Неўзабаве за акном пачало цямнець. А калі сонца сышло за гарызонт, стала зусім цёмна. Наперадзе цеплавоза ярка свяціў вялікі пражэктар, прымацаваны да яго носа. Святло пражэктара асвятляла жалезныя рэйкі, па якіх імчаўся цягнік. Машыніст спакойна і ўпэўнена вёў яго наперад, і было ясна, што пасажырам цягніка няма чаго баяцца. "Напэўна, машыніст добра вывучыў маршрут, па якому вядзе цягнік. Нягледзячы на тое, што вакол цёмная ноч, яму трэба быць бадзёрым, каб не заснуць і ўважліва сачыць за дарогай, інакш здарыцца бяда. А мне ўжо вельмі хочацца спаць", – разважаў сам з сабой Дамавік. Ён забіўся ў куток кабіны машыніста і хутка заснуў.
     Але яго сон быў неспакойны. То старога будзіў гучны сігнал гудка цеплавоза, то грук колаў аб рэйкі, то яркае святло пражэктара. Шкада, што за ноч Дамавік прапусціў шмат цікавага. Ён не бачыў, як цягнік пераязджаў па мастах праз шырокія рэкі, як заязджаў у доўгія тунэлі і выязджаў з іх. Не палюбаваўся стары і на велізарныя касматыя сібірскія кедры, якія раслі паабапал чыгуначных пуцей, не прыслухаўся да гутарак пасажыраў, якія выходзілі з цягніка і ўваходзілі у яго на чыгуначных станцыях.
     Аднак раніцай наш невідзімка прачнуўся ў бадзёрым настроі. За акном цеплавоза ўсе ў прамянях сонечнага святла блішчалі металічныя рэйкі, а ў крэсле машыніста сядзеў ужо іншы чалавек. "У гэтым цягніку едзе памочнік машыніста, – зразумеў Дамавік. – Ён дапамагае стомленаму машыністу кіраваць цягніком". За ўвесь дзень Дамавік паспеў удосталь налюбавацца на мільгаючыя за акном рачулкі і шырокія рэкі і праехаць па падземных тунэлях. Кожны раз, калі цеплавоз ныраў у падземны тунэль, Дамавік захапляўся тым, што калісьці будаўнікі чыгункі змаглі пракапаць у скале такі доўгі тунэль і даць магчымасць цягнікам напрасткі рухацца па сваім маршруце. Самы цікавы тунэль, праз які праязджаў цягнік, праходзіў пад сібірскай ракой Амур у горадзе Хабараўску. Яго даўжыня складае цэлых сем кіламетраў!
     Нарэшце, раніцай наступнага дня цягнік пад'ехаў да возера Байкал. У акне цеплавоза з'явіліся яго стромкія берагі і блакітныя воды. Цягнік спыніўся, і наш невідзімка выскачыў з кабіны цеплавоза на зямлю. Ён убачыў, што знаходзіцца ў невялікім мястэчку на беразе возера і паспяшаўся бліжэй падабрацца да берага. Байкал быў зусім спакойным. Дамавік здолеў палётаць уздоўж берага і ўсё добра разгледзець. І тут яму таксама сустрэліся чайкі, але ўжо зусім іншыя. Яны ганарліва сядзелі на скалістых берагах і ні каго не заўважалі.
     Затое маленькія рыбінкі, якіх Дамавік убачыў у празрыстай вадзе Байкала, здолелі распавесці вандроўніку пра нешта цікавае:
     – Наша возера добрае і спакойнае, – казалі яны, – але яму часам замінаюць моцныя вятры. Яны раздзімаюць хвалі, а тыя пачынаюць бушаваць, узлятаць на велізарную вышыню і разбівацца аб скалы і высокія берагі. Наша возера самае глыбокае ў свеце, яго сілкуюць падземныя крыніцы, а само яно аддае сваю ваду рацэ Ангары. Наша возера светлае, Сонца не забывае асвятляць яго ваду. Узімку возера замярзае, яно пакрываецца тоўстым празрыстым лёдам. Мы плаваем пад лёдам і бачым сонечнае святло. Яно патрэбнае нам і багавінню, якое чысціць ваду возера.
     Дамавік убачыў вялікі цеплаход, які плыў па Байкале. "Ён возіць турыстаў", – зразумеў стары. На беразе адпачывалі невялікія цюлені – нерпы, як іх тут клічуць. "Сцёпка казаў, што глыбіня Байкала даходзіць да 1600 метраў, – успомніў вандроўнік. – Якімі ж адважнымі павінны быць рыбы, калі яны могуць даплысці да дна гэтага возера! Па глыбіні яно падобнае на акіян, а вада ў ім прэсная, як у рэках". Тое, што на вялікай глыбіні возера жыве загадкавае багавінне, губкі, якія навучыліся чысціць ваду, Дамавік не ведаў. Але ён захапляўся, калі зазіраў углыб празрыстага возера і бачыў там самых розных вельмі прыгожых і незвычайных рыб.
     Пад вечар невідзімка стаміўся. Ён вырашыў, што яму варта вяртацца да сваёй бабулі. Чакаць, калі зменіцца надвор'е на Байкале, каб паглядзець, як ён будзе бушаваць, Дамавік не стаў. А калі на станцыю прыбыў наступны хуткі цягнік, невідзімка скокнуў у яго вагон. Праспаўшы цэлую ноч у цёмным куце, стары ізноў стаў глядзець у акно, вывучаць гарады і мястэчкі, міма якіх праязджаў яго цягнік "Уладзівасток-Масква". За акном мільгалі ўзгоркі і лясы, рачулкі, балоты і азёры, цягнік ныраў у доўгія тунэлі і аб'язджаў невялікія скалы, колы гучна грукалі, пераязджаючы па доўгіх чыгуначных мастах праз знакамітыя сібірскія рэкі. Нарэшце, хуткі цягнік праехаў усю Сібір і выбраўся на Еўрапейскую раўніну. Яго сустрэлі невялікія рэкі, азёры, лясы, паўнаводная Волга і прыгожыя гарады. У канцы сваёй доўгай дарогі цягнік прыбыў у Маскву.
     Дамавік выбраўся з вагона і паляцеў яшчэ далей, у кірунку да сваёй старой хаты ў беларусскую вёсачку. Там у яго ўсё роднае – студня з ключавой вадой, драўляная хата, сад і, вядома ж, там жыве яго родная бабуля, над якой ён, калісьці, любіў трохі паджартаваць. Але ўсё гэта не са зла. Дамавік засцерагае сваю старую хату і будзе жыць у ёй яшчэ вельмі-вельмі доўга.
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.06.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100