Незвычайныя вандраванні - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Незвычайныя вандраванні
Незвычайныя вандраванні
Жыла-была вельмі дапытлівая дзяўчынка ў краіне пад назвай Туркменістан. Звалі яе Зульфія. У яе быў сябар, вярблюд па мянушцы Няплюйка, і сяброўка Даша з Беларусі. Вядома ж, Няплюйка, як і ўсе вярблюды, умеў плявацца, але рабіў гэта толькі ў рэдкіх выпадках, калі яму штосьці вельмі не падабалася. Наогул, ён быў ветлівым, добрым і трошачкі чароўным вярблюдам. Можа быць, таму з ім і з яго сяброўкай Зульфіёй часам адбываліся незвычайныя чароўныя гісторыі.      Няплюйка і Зульфія любілі адпраўляцца ў займальныя вандраванні. Ім часта даводзілася перасякаць пустыні. І толькі дзякуючы мудрасці і чараўніцтву вялікага двухгорбага сябра Зульфіі, яны нідзе не затрымаліся ў пясках і не памерлі ад смагі. Вярблюд Няплюйка вельмі добра ведаў, як выбрацца з гарачай пустыні, і заўсёды прыводзіў дзяўчынку да аазісаў і жылля. Таму іх вандраванні былі няцяжкія, вельмі цікавыя і пазнавальныя.
     Аднойчы падчас летніх канікулаў Зульфія з вярблюдам адправіліся ў пустыню Каракумы, каб паглядзець на раскопкі старажытнай цывілізацыі. Маленькая вандроўніца паведамляла аб усіх падзеях сяброўцы Дашы з Беларусі па сотавым тэлефоне.
     Даша адпавядала Зульфіе. Яна была такая ж дапытлівая, жадала даведацца як мага больш пра сваю родную краіну і пра свет у цэлым. Падчас летніх канікулаў дзяўчынка старалася не заседжвацца ў хаце, а падарожнічаць. Хто ж ёй дапамагаў у гэтым? У Дашы быў свой сакрэт. Ёй пашчасціла пасябраваць з велізарным зубрам. А ён, гэтак жа, як і вярблюд Няплюйка, аказаўся вельмі разумным і трошкі чароўным. Гэта адбылося летась у Белавежскай пушчы. Дзяўчынка сустрэла там зубра па мянушцы Асілак, і яны сталі вернымі сябрамі. Вядома, зубр не быў непаваротлівым, наадварот, ён хутка бегаў і нават вазіў на сабе па лясных сцежках сваю сяброўку. Толькі Дашы пры гэтым прыходзілася моцна трымацца за магутную шыю зубра, каб не зваліцца.
     Асілак абхадзіў з Дашай усю пушчу, паказаў і распавёў дзяўчынцы аб усім, пра што ведаў сам. Белавежская пушча вельмі старая, і ўсё ў ёй цікава. Тут столькі разнастайных раслін, а звяроў і птушак – не злічыць! Зубр засцерагаў Дашу ад драпежных звяроў, з ім яна нічога не баялася.
     Вярнуўшыся дахаты, Даша распавяла сяброўцы Зульфіе пра свае ўражанні ад вандравання. Дзяўчынкі вырашылі, што ў наступным годзе абавязкова сустрэнуцца і правядуць летнія канікулы разам, а дзе, яны пакуль што не вырашылі. Хутчэй за ўсё, сяброўкі адправяцца ў вандраванне ў незнаёмыя месцы. І калі зубр Асілак і вярблюд Няплюйка захочуць, то Зульфія і Даша абавязкова возьмуць іх з сабой. Разам з такімі абаронцамі дзяўчынкам нашмат весялей і надзейней.
     
      Гэтая казка на рускай мове
6.06.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100