Нас называюць сямідзесятнікамі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Нас называюць сямідзесятнікамі
Нас называюць сямідзесятнікамі
Неяк я ўбачыла дакументальны фільм, дзе ўспаміналі пра тое, як дзеці беларускіх падпольшчыкаў і партызанаў хавалі на грудзі пад адзежай свае піянерскія гальштукі. Яны так даражылі імі, таму што бачылі ў іх кавалачкі чырвонага сцяга бясстрашнай і непераможнай Краіны Саветаў.      Маё дзяцінства праходзіла ў шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя. Я ўспамінаю, колькі было хвалявання ў дзень, калі на ўрачыстай лінейцы ў пятым класе мяне разам з аднакласнікамі прымалі ў піянеры і завязвалі на грудзях чырвоныя гальштукі. Мы, дзеці, ганарыліся тым, што насілі іх, і ніхто з нас не мог прыйсці ў школу ў мятым не выглажаным гальштуку. Гэта лічылася ганьбай і непавагай да гераічнай памяці старэйшага пакалення.
     Мае бацькі гэтак жа, як і бацькі ўсіх дзяцей пасляваеннага пакалення, прайшлі вайну, бачылі многа гора. Можа таму ў іх адносінах адно да аднаго было столькі ўзаімаразумення і прыязнасці. У той час двары пяціпавярховак яшчэ не былі запоўнены легкавымі машынамі. Суседзі сустракаліся ля пад'ездаў, у дварах, размаўлялі, даведваліся пра жыццё, падзяляліся сваімі бедамі і радасцямі, падтрымлівалі, давалі парады адно аднаму.
     Жылі проста. У Мінску ў канцы шасцідзесятых гадоў шмат будавалі – пашыралі дарогі, зносілі старыя баракі і струхлелыя хаты, стваралі новыя мікрараёны і прадпрыемствы. Горад рос, расло яго насельніцтва. Моладзь з'язджалася з вёсак – паступала вучыцца, ішла працаваць на заводы і фабрыкі. Вакол была чутная беларуская гаворка. Мы, гарадскія, нават трохі пасмейваліся над іх беларускім акцэнтам. І дарма. Як паказала жыццё, нам, беларусам, няма чаго саромецца, а трэба берагчы і паважаць свае карані, сваю мову, бо ўсе мы, за невялікім выключэннем, як кажуць, выйшлі з вёскі, з зямлі.
     Кім былі нашы матулі і таты, нашы дзядулі і бабулі, нашы прадзяды? Простымі сялянамі, беднякамі. І калі сур'ёзна падумаць, гэта цуд, што мы, унукі беднякоў, змаглі скончыць сярэднія школы і атрымаць у цяжкі пасляваенны час бясплатную вышэйшую адукацыю. Што трэба было дзецям для гэтага? Толькі жаданне і імкненне здабыць веды.
     Я ўсё працоўнае жыццё прапрацавала ў навукова-даследчым энергетычным інстытуце, мой брат выкладаў ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, дацэнт, лаўрэат дзяржаўнай прэміі. Калі б не было Краіны Саветаў, хіба мы б змаглі марыць пра гэта?
     Успамінаю гады вучобы ў політэхнічным інстытуце. Наша група №202, дваццаць шэсць чалавек, на палову, нават больш, складалася з прыезджых. Гэта былі выхадцы невялікіх беларускіх гарадоў і простых вёсак. Усе яны змаглі бясплатна пражываць у інтэрнатах. А пасля заканчэння інстытута па месцы працаўладкавання яны даволі хутка атрымалі бясплатныя кватэры і абзавяліся сем'ямі. Цяпер атрымаць такія кватэры яны б, вядома, не змаглі.
     Можа быць, ад таго, што маладыя людзі майго пакалення былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні, паступіўшы ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы, усё імкнуліся добра вучыцца. Ад гэтага, ад атрыманых ведаў, напроста залежаў іх далейшы лёс. І цяпер мае мужчыны групы №202 практычна ўсё займаюць кіраўнічыя пасады ў энергетыцы, годна выконваючы свой працоўны абавязак перад дзяржавай.
     Наша дружная група! Колькі радасных і шчаслівых падзей майго жыцця адбылося за час вучобы! Заўсёды падчас экзаменаў на дзвярах кабінета мы вывешвалі спіс студэнтаў нашай групы. А побач прастаўлялі свае адзнакі. І не паверыце! У гэтым спісе троек амаль не было. А на апошніх курсах гэтыя спісы блішчалі большай часткай аднымі пяцёркамі.
     Першая бульбачка перад пачаткам першага курсу так зблізіла і згуртавала нас, што мы дагэтуль раз у пяць гадоў абавязкова збіраемся на сустрэчу. Сумеснае чытанне і абмеркаванне мастацкіх кніг, паходы ў тэатры і кіно, на вечарынкі, у кафэ, паездкі за горад – усё гэта было ў мае студэнцкія гады.
     Нашы паважаныя выкладчыкі! Мы слухалі іх, стаіўшы дыханне. Тэрмадынаміка, цеплавыя і электрычныя станцыі, гідраўліка былі любімымі прадметамі. Я памятаю, як абкладвалася таўшчэзнымі падручнікамі і адключалася ад рэальнага свету, унікаючы ў займальныя тэрмадынамічныя і гідраўлічныя працэсы. У той час яшчэ не было камп’ютэраў, усе разлікі мы рабілі на лагарыфмічнай лінейцы, па начах чарцілі курсавыя на ватмане, навострываючы алоўкі і карыстаючыся "балерынкай". Здавалася, гэта было цяжка, але як займальна і цікава! А нашы матулі, якія не атрымалі ў свае маладыя гады вышэйшай адукацыі, як маглі, імкнуліся нам дапамагаць, здымаючы з нас на час вучобы амаль усе жыццёвыя праблемы. Яны жадалі бачыць нас адукаванымі і культурнымі людзьмі, каб хоць у сваіх дзецях папоўніць прабелы сваёй юнацкасці, якія стварыла для іх вайна.
     У маёй сям'і нас было трое дзяцей. І ўсе мы ў адны і той жа час вучыліся ў інстытутах на дзённых факультэтах: брат – у РТІ, мы з сястрой – у БПІ. І, хоць, харчаванне ў той час было танным, квартплата – невялікай, маме хацелася яшчэ штосьці купіць у не так даўно атрыманую трохпакаёвую "хрушчоўку". І таму грошай нам, дзецям, не давала. Мы з сястрой умудраліся апранацца на сваю стыпендыю, добра што яна была падвышанай. Нават у складчыну купілі трохстворкавую шафу і пісьмовы стол у свой пакой. Толькі пасля заканчэння інстытута я змагла "зладзіць" сабе добрае зімовае паліто з рыжанькай норкай і такой жа капялюшык, замшавыя боцікі і сіні гарнітурчык з моднага тады крымплену. Усё гэта мне ў той час пашылі ў атэлье. І добра сшылі! Не горш, а нават лепш сучаснай адзежы, набытай на рынку.
     Я паступіла вучыцца на курсы крою і шыцця і пачала сама "абшываць" сябе. Мае абноўкі – штаны, спадніца клёш, спадніца ў складкі, блузкі з рушамі і г.д. Я доўга хадзіла ў сваіх сукенках і спадніцах. У той час усе дзяўчыны рабілі так. Мы дзяліліся паміж сабой моднымі навінкамі, выпісвалі на інстытут польскі часопіс мод "Коbеtа". І ў тыя ж гады мы шмат вязалі. Гэта было вельмі распаўсюджанае захапленне сярод маладых дзяўчын і дарослых жанчын. Вось так мы апраналі сябе, і ўсё гэта было нават вельмі не дрэнна. Фасоны вязаных кофтачак і спадніц, сукенак і камізэлек, капелюшыкаў і шалікаў мы выбіралі для сябе самі, развіваючы пачуццё добрага густу.
     
      Гэты аповед на рускай мове
13.03.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100