Капялюшык (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Капялюшык (аповед)
Капялюшык (аповед)
У маленькім мястэчку ля самага мора жыла дзяўчына. Яе сям'я была вельмі бедная. Скончыўшы школу, дзяўчына не змагла вучыцца далей, ёй трэба было дапамагаць хворай маці, таму яна пайшла працаваць у краму прадаўшчыцай моднай адзежы. Ёй самой таксама вельмі хацелася насіць такую прыгожую адзежу, якую яна прадавала, але грошай на гэта ў дзяўчыны не было. Старэнькая мама ўжо не працавала, тата даўно памёр, таму ўсе сямейныя клопаты ляглі на юныя дзявоцкія плечы.      Але як жа пражыць без мары? А запаветная даўняя мара ўтойвалася дзесьці ў глыбіні яе душы – дзяўчына марыла стаць мадэльерам жаночай адзежы. У вольныя ад працы хвілінкі яна займалася любай творчасцю: вучылася вязаць прыгожыя карункавыя каўнерыкі, сурвэткі, жаночыя капелюшыкі. Вось толькі прадаваць свае вязаныя вырабы дзяўчына саромелася, таму раздорвала ўсё, што змайстравала, атрымаўшы за сваю працу толькі славесную падзяку. Нікога з яе сяброў не хвалявала тая акалічнасць, што яна вельмі бедная і мае патрэбу ў падтрымцы. Але магчыма, што і сябры дзяўчыны жылі гэтак жа, як і яна, зусім не багата, таму былі шчаслівыя атрымаць ад сяброўкі прыгожы і патрэбны падарунак.
     Жыхарам маленькага прыморскага мястэчка вельмі пашанцавала. У іх быў пышны старадаўні парк. У даўнія часы нейкі багаты жыхар мястэчка з любоўю ствараў яго, купляў, садзіў і вырошчваў на беразе мора экзатычныя гатункі раслін. Зараз жа гэты парк з велізарнымі старымі дрэвамі славіўся ва ўсім марскім узбярэжжы за сваю прыгажосць. Але была адна вялікая праблема. Жыхарам мястэчка не дазвалялася наведваць старадаўні парк бясплатна. Дарагія ўваходныя квіткі ў парк мог дазволіць сабе не кожны жыхар. Таму яго часцей за ўсё наведвалі багатыя турысты, а мясцовыя жыхары праходзілі міма, не маючы магчымасці патрапіць у парк. Была ў гэтым парку яшчэ адна знакамітасць – шыкоўны старадаўні палац. Хто яго пабудаваў, дзяўчына не ведала, аднак можна было здагадацца, што гэта быў спадчыннік багатага гаспадара парку альбо нават ён сам.
     Часам, праходзячы міма старадаўніх чыгунных варот парку, дзяўчына зазірала ўнутр праз агароджу. Там у глыбіні парку яна бачыла дагледжаныя дрэвы і хмызнякі, кветнікі, на якіх распусціліся яркія кветкі. Парой з парку даносілася музыка альбо дзесьці там успыхваў рознакаляровымі агеньчыкамі святочны феерверк.
     "Я збяру грошы і абавязкова схажу ў гэты парк", – аднойчы вырашыла дзяўчына. Патроху, таемна ад мамы яна сабрала патрэбную суму грошай і купіла дарагі квіток у парк. Ганарліва агледзеўшы сябе ў люстэрку, дзяўчына прыбралася ў лепшую летнюю сукенку, надзела на галоўку самы любы вязаны карункавы летні капялюшык і адправілася ў парк. Шпацыруючы па квітнеючых алеях, любуючыся дзіўнымі раслінамі, яна выпадкова падышла да спяваючага фантана. На лаўцы каля фантана сядзела пажылая жанчына ў элегантным уборы. Дзяўчына хацела ўжо прайсці міма, як пачула ласкавы голас незнаёмкі:
     – Мілая дзяўчына, калі вы не спяшаецеся, то прысядзьце побач са мной. Я хачу вас аб чымсьці спытаць.
     Калі ж дзяўчына села побач з незнаёмкай, тая, паглядзеўшы на яе, спытала:
     – Адкуль у вас такі выдатны капялюшык? Хто змайстраваў яго?
     Даведаўшыся, што капялюшык звязала сама дзяўчына, жанчына, не разважаючы, запрасіла яе ў свой салон па вырабе падобных рэчаў. Так дасведчаная майстрыха імгненна разгледзела ў маладзенькай дзяўчыне сваю будучую таленавітую памочніцу.
     З таго дня жыццё дзяўчыны з беднай сям'і павярнулася ў вельмі добры бок. Яна атрымала новую цікавую працу, дзе зможа выявіць свой мастацкі талент, навучыць майстэрству стварэння прыгожых карункавых вырабаў кагосьці яшчэ. Яе дасведчаная настаўніца дапаможа дзяўчыне здабыць новыя карысныя веды ў гэтай вобласці і дамагчыся яшчэ больш значных поспехаў. А галоўнае, з гэтага часу дзяўчына і яе мама ўжо не будуць жыць так бедна, як жылі раней. Маладая майстрыха зможа купляць сабе модную прыгожую адзежу і жыць годна, дзякуючы свайму таленту і працавітасці.
     
      Гэты аповед на рускай мове
21.02.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100