Люстэрка душы (казка-быль) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Люстэрка душы (казка-быль)
Люстэрка душы (казка-быль)
Жыў у адным горадзе хлопчык, і быў ён не па гадах разумны. Вучыўся хлопчык у пятым класе. Усё, што праходзілі на занятках, хлопчык ужо ведаў, і яму было сумна хадзіць на ўрокі. Дома ён захапляўся вывучэннем разумных кніг па матэматыцы і нават фізіцы. Але ўрокі хлопчык не прапускаў, не хацеў дастаўляць непрыемнасці сваёй маме, якую вельмі любіў.      Мама часта прыходзіла з працы засмучаная. Казала, што цяпер шмат злых і нядобрых людзей. Шмат хто думае толькі пра свой асабісты дабрабыт, якім бы коштам ён ні даставаўся. Да таго ж, сустракаюцца крывадушнікі і несумленныя людзі. А з выгляду ўсе такія добрыя, і ніхто не прызнае ў сабе свае недахопы. Працаваць прыстойнаму чалавеку побач з такімі людзьмі вельмі цяжка. Яны зневажаюць яго ўвесь час.
     Хлопчыку было вельмі шкада маму. Вядома, і сярод сваіх аднагодкаў ён сустракаў хітрых падлізнікаў, ілгуноў і шкодных дзяцей, якія цешыліся, калі рабілі камусьці гадасці. Але хлопчык верыў, што добрых людзей усё ж больш, чым дрэнных.
     Падумаўшы, вырашыў разумны хлопчык, што можна знайсці выйсце з гэтага становішча і дапамагчы ўсім людзям горада. Для гэтага трэба зрабіць такое люстэрка, зазірнуўшы ў якое добры чалавек бачыў бы ў ім свой прыгожы высакародны твар, а шкодны – фізіяномію, страшна знявечаную ад злосці. Нядобры чалавек, паглядзеўшы на сябе ў люстэрка і ўбачыўшы ў ім такі жудасны твар, задумаўся б і зразумеў, нарэшце, што трэба стаць больш дабрэйшым і прыстойнейшым, бо толькі тады яго твар стане падобным на чалавечы.
     Некалькі тыдняў або нават месяцаў працавіты хлопчык вывучаў разумныя кнігі і спісваў цэлыя сшыткі ў пошуках патрэбнага яму матэрыялу. Нарэшце, ён прыдумаў самае сапраўднае Люстэрка чалавечай душы. На фабрыцы вырабілі першы доследны ўзор вынаходства. Для правядзення эксперыменту Люстэрка душы паставілі на галоўнай вуліцы горада. І тут ужо пачалося сапраўднае прадстаўленне!
     Па дарозе на працу ўсе мімаволі заглядвалі ў Люстэрка душы. Злыя людзі, але з прыемным выразам твару, паглядзеўшы ў яго, моцна палохаліся ўбачанага. З Люстэрка душы на іх глядзелі сапсаваныя моцным гневам твары! Гэта адважнае Люстэрка ўмела здымаць маску з твару, нават калі яна была на яго па-майстэрску надзета, і паказвала сапраўдную духоўную сутнасць чалавека! Такія людзі не маглі паверыць, што гэта яны! Сорамна і няёмка станавілася ім. І тады некаторыя з іх імкнуліся змяніцца...
     Паступова незвычайныя Люстэркі, якія адлюстроўвалі сапраўдную душу чалавека, вырабілі і ўсталявалі на ўсіх вуліцах горада. І атрымаўся цуд! Праз некаторы час нядобрыя людзі гэтага горада змяніліся – яны сталі больш дабрэйшымі і прыстойнейшымі. У іх адрадзіліся такія пачуцці, як спачуванне, спагадлівасць, высакароднасць і нават каханне...
     
     У сённяшнім мітуслівым і нават жорсткім жыцці часам здараецца так, што дзеці могуць зрабіць для ўсеагульнай карысці нават больш, чым дарослыя. Дзеці здольныя дарыць Свету сваю дабрыню і шчырасць, сумленнасць і каханне. Беражыце чулыя, аднак часам такія ранімыя душы нашых дзяцей!
     
      Гэтая казка-быль на рускай мове
15.02.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100