Астраўкі майго дзяцінства (мемуары) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Астраўкі майго дзяцінства (мемуары)
Астраўкі майго дзяцінства (мемуары)
Пасляваенны Мінск…      У памяці засталіся яркія жывыя малюначкі майго роднага горада канца пяцідзесятых, пачала шасцідзесятых гадоў. У той час я жыла ў самым цэнтры яго. Але ці шмат я бачыла? Не, зусім мала. У тэатры мы не хадзілі, у бацькоў не было досыць вольнага часу на частыя шпацыры са сваімі дзецьмі. Але сёе-тое я ўсё-такі памятаю.
     Памятаю, як бацька вадзіў нас з братам, яшчэ зусім маленькіх, на плошчу Леніна. Мы глядзелі на помнік Леніну і на такія ж маленькія, як і мы, ялінкі поруч Дома Ўрада. Мабыць, тады іх толькі пасадзілі. Цяпер жа я магу сказаць, што гэтым елкам столькі ж гадоў, колькі і мне. Яны ператварыліся ў станістыя і высокія дрэвы.
     На падыходзе да плошчы Незалежнасці (раней плошча Леніна) на вуліцы Савецкай захаваліся старыя дамы, якія стаялі яшчэ тады. У адным з іх была булачная. Нас з братам мама часам пасылала туды купіць хлеб. Памяшканне здавалася зусім невялікім. Пры ўваходзе ў яго заўсёды адчуваўся вельмі прыемны пах свежаспечанага белага хлеба. А якія духмяныя і смачныя булачкі з разынкамі прадаваліся тут! Іх не параўнаеш з сённяшнімі. Не ведаю, што памянялася пры выпечцы здобных булачак. Ды і тварожныя сыркі, якія часам купляла мама, былі вельмі смачнымі. Можа быць, яны надакучылі цяпер? У "хрушчоўскія" часы, калі знік белы хлеб, а потым зрэдку яго пачалі "выкідваць" у булачнай, мы выстойвалі вялікія чэргі на вуліцы, каб купіць і нацешыцца ім, як самым смачным ласункам на свеце. Той духмяны водар белага "хрушчоўскага" хлеба, мне запомніўся на ўсё жыццё.
     На скрыжаванні вуліц Савецкай і Мяснікова і цяпер усё гэтак жа стаяць некалькі вельмі старых будынкаў таго часу. У адным з іх Дом фота. А раней, у той час, тут было трыкатажнае атэлье. Калі яго адкрылі, я не ведаю. Мне было гадоў дзесяць, калі мама разбагацела на тое, каб замовіць мне, маёй сястры і сабе ў гэтым атэлье па шарсцянай кофце. Я добра памятаю сваю першую цёплую сінюю кофту. Але, каб замовіць гэтыя рэчы, нам з мамай прыйшлося адстаяць у чэрзе цэлую ноч.
     На вуліцы Валадарскага знаходзіцца будынак старога Радзільнага дома №1. У ім нарадзіліся мая сястра, мой брат і я, а пазней мой сын. А колькі яшчэ нованароджаных дзяцей горада Мінска з'явіліся на свет у гэтым будынку за ўвесь час існавання Радзільнага дама №1, мне цяжка ацаніць. Аднак, можна сказаць, што практычна ўсе дзеці майго пакалення нарадзіліся ў ім, бо ён тады ён быў адзіным на ўвесь горад.
     На вуліцы Гарадскі вал (раней - вуліца Ўрыцкага) размешчана дзіцячая бібліятэка. У ёй была запісана калісьці я і брала чытаць мастацкія кнігі. Пазней нават сына запісала. Праўда яму ўжо брала толькі літаратуру для школы. І сама сёе-тое чытала з яго кніг. Дарагая бібліятэка з майго дзяцінства, дзякуй табе за тое, што ты ёсць!
     Няміга ў шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя была вузенькай вулачкай з невысокімі старымі дамамі. Часам я хадзіла па ёй, зазіраючыся на вітрыны невялікіх крам, на вокны і пад'езды дамоў. Шкада, што той старой вуліцы цяпер не захавалася. Але я вельмі рада, што ў маім горадзе Мінску засталіся маленькія астраўкі майго дзяцінства, шпацыруючы па якіх я магу ўспомніць што-небудзь вельмі цёплае і добрае і тым пацешыць сваю душу.
     
      Гэты аповед на рускай мове
2.01.19
Каталог TUT.BY Rambler's Top100