Першы снег - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Першы  снег
Першы снег
Калі Алёша паглядзеў у акно, ён убачыў белы-белы двор. З неба на зямлю падаў снег.      – Мама! Снег выпаў, першы снег гэтай зімы! – усклікнуў хлопчык.
     Наташка, яго двухгадовая сястрычка, таксама падышла да акна і стала з цікавасцю ўзірацца ў яго.
     – Што там? – спытала яна ў брата, паказваючы на сняжынкі, якія падляталі да акна.
     – Снег, – адказаў Алёша.
     – Гэта сняжынкі ляцяць з неба, – растлумачыла мама. – Сыночак, Наташа бачыць іх упершыню. Ёй усё вельмі цікава.
     – Я таксама ўпершыню іх бачу сёлета, – буркнуў Алёша.
     – І ты таксама, – пацвердзіла мама. – Цёпла апранайся, пойдзем на вуліцу гуляць, – прапанавала яна.
     Неўзабаве ўся сям'я ўжо выходзіла з пад'езда. Алёша дапамог маме вывезці каляску з Наташай. Дзяўчынка з цікавасцю глядзела на неба, лізала сняжынкі, якія падалі ёй у рот. Хлопчык злавіў на рукавіцу самую вялікую сняжынку і паказаў сястры.
     – Глядзі, якая яна прыгожая, ажурная.
     – А яшчэ ледзяная, – усміхнулася мама.
     Дзяўчынка пакратала пальчыкам сняжынку, а тая растала!
     – У-ў-у! – сумна скрывілася малая.
     – Нічога страшнага, – супакоіў яе брат і тут жа злавіў другую.
     – Не чапай яе, – папярэдзіў ён сястрычку. – Паглядзі, якая яна далікатная.
     – Так, далікатная і чароўная, – сказала мама. – Умее ператварацца ў ваду.
     – А чаму я не ўмею ні ў каго ператварацца? – пафіласофстваваў сын.
     – Здолееш, на Новы год. Я сшыю табе для школьнага свята навагодні ўбор. Хочаш?
     – Хачу! – узрадаваўся Алёша. – Такі, як у Пінокіа. Добра?
     – Дамовіліся.
     Наташа слухала іх гутарку, але яшчэ амаль нічога не разумела, бо Пінокіа яна таксама ніколі не сустракала. Аднак Новы год ужо аднойчы быў у яе жыцці. Але яна не памятае зялёную пахкую навагоднюю Ёлку. Тады ёй было толькі паўгода ад роду.
     
     Неўзабаве гэтае свята зноў прыйдзе ў жыццё дзяцей. Яно напоўніць іх душы шчасцем і радасцю, прынясе чараўніцтва і падорыць цікавыя падарункі. А ва ўсіх, хто загадае ў Навагоднюю ноч запаветнае жаданне, яно несумненна спраўдзіцца!
     
      Гэты аповед на рускай мове
19.11.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100