А снег ідзе (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
А снег ідзе (казка)
А снег ідзе (казка)
На дах адрыны ўсё падалі і падалі сняжынкі – асляпляльна белыя, далікатныя, бязважкія. За ноч іх нападала вялікае мноства, і дах адрыны прыпух ад высокай пухнатай белай шапкі. Дрэвы ў двары таксама атуліліся тоўстым пластом рыхлага белага снега.      Сонца вызірнула з-за хмар і здзівілася:
     – Колькі снега на зямлі! А ўжо вясна!
     – Вясна? – пачулі голас Сонца тысячы белых сняжынак. – Што значыць – вясна?
     – Вясна – гэта цяпло, гэта ручайкі, гэта зялёная трава і кветкі, нарэшце! – пракрычала гэтым дурніцам Сонца.
     – А што будзе з намі? – засумавалі сняжынкі.
     – З вамі? Вы ператворыцеся ў ваду і паплывяце па зямлі ручайкамі. Насычыце карэньчыкі травінак і кветак.
     Самая маленькая і самая цікаўная Сняжынка ўся ў іскрынках ад сонечных прамянёў слухала ўсё гэта. Вось толькі зверху яе абдзімаў яшчэ па-зімоваму халодный Ветрык. Таму, што такое вада, яна не ведала, але ёй вельмі захацелася пра ўсё даведацца самай першай.
     Прайшло некалькі дзён. Неба ачысцілася ад хмар, зямлю прыпякло, ды так, што вясновы снег пачаў раставаць. І першай растала самая маленькая і самая цікаўная Сняжынка, якая ляжала зверху, бліжэй за ўсіх да гарачага Сонца.
     – Ох! – падумала яна, ператварыўшыся ў Кропельку адталай вады і сцякаючы праз пласт снегу ўніз да зямлі. – Дзе ж кветкі і трава? Як шкада, што я іх не ўбачу!
     Кропелька адталай вады прасачылася ў зямлю і адчула, як зліваецца з далікатнымі маладымі карэньчыкамі…
     Прайшоў яшчэ нейкі час. Увесь снег растаў і насычыў карэньчыкі травы і кветак. Яны разрасліся і выпусцілі з зямлі зялёныя сцяблінкі. Сцяблінкі ж адагрэліся на Сонцы, ператварыўшыся ў зялёную траву і ярка-жоўтыя дзьмухаўцы. Дзьмухаўцы распушылі свае жоўцянькія галоўкі і паглядзелі на Сонца. А яно паглядзела на іх і падумала ўслых:
     – Якое ўсё незвычайнае на гэтым свеце! Толькі нядаўна тут ляжалі белыя ледзяныя сняжынкі, а цяпер іх месца ўжо занялі жоўтыя дзьмухаўцы.
     Самы галавасты і таму самы разумны Дзьмухавец паглядзеў на Сонца і прабурчаў:
     – Якія яшчэ сняжынкі! Пра што яно кажа? Тут заўсёды быў я і іншыя дзьмухаўцы, і больш нікога тут ніколі не было.
     Вядома ж, ён не ведаў і не мог ведаць, што адталая вада, якая насычыла яго карэньчыкі – гэта і ёсць тыя самыя сняжынкі, пра якія казала Сонца...
     
     На заснежанай зямлі ў марозную лютаўскую ноч спалі тысячы белых сняжынак. Іх жыццё яшчэ не скончылася. Яны жылі на свеце і па начах бачылі сны. І камусьці з іх сніўся яркі вясновы сон – зялёны луг у жоўтых дзьмухаўцах…
     А вясновую парою на зялёнай траўцы лашчыліся дзьмухаўцы, і, можа быць па начах ім таксама сніліся сны, у якіх яны бачылі, як з начнога неба падаюць на зямлю далікатныя ажурныя сняжынкі…
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.10.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100