Залатыя матылькі Восені (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Залатыя матылькі Восені (казка)
Залатыя матылькі Восені (казка)
Па зямлі хадзіла белая Зіма. У яе было пухнатае футра са снега, у вачах зіхацелі блакітныя льдзінкі, а на шчоках гарэла ружовы румянец. Ёй падабалася, калі ў небе свяціла Сонейка, а Мароз мацнеў і шчыпаўся ўсё мацней і мацней.      У гарадскім парку замярзалі дрэвы. Ім надакучыла халодная Зіма, яны з нецярпеннем чакалі цёплую Вясну. Нарэшце, удосталь нагуляўшыся, Зіма сышла адпачываць.
     А на змену ёй прыйшла Вясна. Яна была апранута ў лёгкае ярка-зялёнае паліто, а на галаве ў яе быў павязаны светлы блакітны шалік. Вясна паглядзела на застылыя ад марозу дрэвы ў парку і ўсміхнулася цёплай вельмі добрай усмешкай.
     – Зараз я вас адагрэю, – сказала яна, здымаючы з галавы лёгкі, як павуцінка, шалік. Усе ўбачылі, што ў яе валасах распусціліся белыя пралескі. Вясна ўзмахнула шалікам, і на дрэвах, як па чараўніцтве, набрынялі і лопнулі покаўкі. А з покавак хутка, нібы на дражджах, выраслі маленькія ярка-зялёныя лісточкі.
     – Вось і добра! – сказала Вясна. – Зараз мне трэба заняцца іншымі раслінамі.
     Яна ўжо хацела сысьці, але тонкі зялёны Лісточак Таполі, які чуў і бачыў усё гэта, вырашыўся і спытаў у Вясны:
     – Вясна! Я вельмі хачу лётаць, як вунь той Матылёк! – Ён махнуў у бок прыгожага маленькага Матылька, які пырхаў над жоўтай галоўкай Дзьмухаўца.
     – Пачакай! – адказала яму Вясна. – Калі-небудзь ты таксама паляціш!
     І яна сышла. Таполевы Лісточак засмуціўся. Ён жадаў паляцець не калі-небудзь, а прама цяпер. Ён ірвануўся, але Галінка дужа трымала яго за сцяблінку. І Лісточку нічога не заставалася, як вісець на дрэве і толькі глядзець вакол сябе.
     Ён бачыў, як у парку на кветніках распускаліся яркія кветкі, як на галінкі дрэў садзіліся птушачкі, каб праспяваць пра штосьці на сваіх птушыных галасах. Таполевы Лісточак перагаворваўся з такімі ж лісточкамі як сам, што раслі на Таполі і на іншых дрэвах. Ім не было сумна, але ўсім чамусьці вельмі хацелася палётаць, каб паглядзець на навакольны свет.
     Непрыкметна ўсё навокал расквітнела, а таполі нават скінулі з сябе пуховыя коўдры.
     – Што гэта за пух? – пытаў зялёны Лісточак у Таполі.
     – Гэта маё насенне, – адказвала тая. – Пух разнясе яго па зямлі, і дзе-небудзь вырастуць маленькія дрэўцы.
     – Зразумела. Але як жа я? Я таксама хачу палётаць! – крыкнуў Лісточак.
     – Патрывай да Восені, – адказала яму Таполя.
     І вось ужо Вясна стамілася шпацыраваць па свеце. Яна сышла. І на яе месца прыйшла дзяўчына Лета. Прыгажуня была апранута ў тонкую квяцістую сукенку, а на галаве ў яе быў капялюш з саломкі, упрыгожаны яркімі палявымі кветкамі. Яна прынесла з сабой жару і навальніцы. Усё лета Лісточак трапятаў на сваёй галінцы, то награваючыся ад гарачага Сонейка, то мыючыся цёплай дажджавой вадой. Лісточак не ведаў, колькі прайшло часу. Але яму здалося, што гэта была цэлая вечнасць, таму што ён чакаў Восені, калі можна будзе паляцець, як Матылёк, далёка-далёка.
     Нарэшце, прыляцеў Ветрык і праспяваў тонкім галаском, што ўжо вельмі хутка прыйдзе Восень. Дрэвы цяжка ўздыхнулі. Ім не вельмі хацелася, каб сыходзіла Лета, і прыходзіла халодная дажджлівая Восень. Але Лісточак яшчэ не разумеў, якой можа быць Восень. Ён чакаў дзіва.
     І вось Восень прыйшла. Яна паправіла свае доўгія пухнатыя рыжыя валасы і весела паглядзела на дрэвы ў парку.
     – Што засумавалі! Я цяпер зраблю з вас сапраўдных прыгажуноў!
     Восень узмахнула ярка-жоўтай шаўковай хусткай, якая была ў яе ў руцэ, і ўсё лісце на дрэвах у міг афарбавалася ў светла-жоўтыя, бардовыя і залатыя колеры.
     Таполевы Лісточак агледзеўся і не пазнаў сябе. Ён ператварыўся з зялёнага ў залаты!
     – А зараз ляціце! – сказала Восень і падзьмула на дрэвы лёгкім Ветрыкам.
     Таполевы Лісточак адчуў, як ён адарваўся ад галінкі і паляцеў…
     Ён ляцеў, нібы маленькі залаты Матылёк, то пырхаў, то кружыўся, то плаўна лунаў у паветры. Вецер падхапіў яго і панёс далёка-далёка.
     А ўслед за ім з дрэў адзін за адным пачалі злятаць такія ж жоўтыя лісточкі і ляцець па паветры хто куды.
     
     І ўсе, хто шпацыраваў у той час па парку, бачылі, як у небе доўга-доўга кружыліся і лёталі маленькія залатыя матылькі Восені…
     
      Гэтая казка на рускай мове
27.10.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100