Рамантыка ў нашым жыцці (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Рамантыка ў нашым жыцці (казка)
Рамантыка ў нашым жыцці (казка)
     
     "Жыць, ствараючы надзею са сваёй мары" – Поль Гаген.
     
Над горадам згушчаўся змрок. Уздоўж берагоў ракі, на алеях паркаў і сквераў, поруч цэркваў і палацаў запаліліся круглыя, як шар, галоўкі ліхтароў. Нягледзячы на познюю гадзіну, на вуліцах было шматлюдна. Моладзь шпацыравала – хто цэлай кампаніяй, хто па парах. Рэдка, але сустракаліся і самотныя людзі. У такі цудоўны цёплы летні вечар усім хацелася нацешыцца яго зачараваннем.      У люстраной роўнядзі вады адлюстроўвалася святло ліхтароў і падсветка дамоў старадаўняга прадмесця. Сучасны шматпавярховы белы Дом, які стаяў непадалёку, расцягнуўся ўздоўж берага ракі і паблажліва паглядаў на ўсё, што адбывалася вакол, нібы белы Карабель, які нядаўна прычаліў да берага пасля вяртання з далёкага плавання. Усё было загадкава і рамантычна, а квітнеючыя ліпы і ружы ў прыбярэжным парку сваім далікатным водарам стваралі атмасферу радасці і свята.
     Людзі падыходзілі да ракі і любаваліся ёю. І калі б у гэты час хто-небудзь пільна паглядзеў на іх, то напэўна заўважыў бы побач з імі штосьці накшталт маленькіх аблокаў. У часткі людзей гэтыя аблокі былі ружовага колеру, што казала пра іх яркую жыццерадаснасць, іншых ахутвалі светла-блакітныя аблокі спакою і прымірэння. Але поруч асобных людзей воблакі былі зусім цёмныя. Гэта былі асобы, якія адрозніваліся смуткам і маркотай сваіх паводзін.
     Жоўтыя ліхтары асвятлялі твары і імкнуліся ўсім падняць настрой. Але ўсе іх старанні здаваліся пустымі ў параўнанні з яркім святлом галоўнага начнога свяцілы – велізарнага (у палову неба!) жоўтага Месяца. У гэты вечар ён неяк раптам з'явіўся на небе і так асвятліў усё навокал, што ўжо ніхто не мог яго не заўважыць. Месяц глядзеў на людзей вачыма чулага бацькі і настаўніка. Ён бачыў светла-ружовыя, блакітныя і цёмныя арэолы душ жывых людзей і разумеў іх настрой. Яму вельмі хацелася, каб маладых людзей не скоўваў страх, сумненне і смутак. Месяц стараўся колькі ёсць сілы – пасылаў на Зямлю свае праменьчыкі, флюіды радасці, шчасця і кахання. Камусьці гэта дапамагала і, гледзячы на вялікі жоўты Месяц, на горад у асвятленні ліхтароў, ён усміхаўся, спрабуючы зразумець, што ж так уразіла яго, чаму душа спявае і радуецца?
     Месяц слаў і слаў на Зямлю свае імпульсы, супакойваючы сумных стомленых людзей, запальваючы зарадам радасці энергічных і вясёлых. І здавалася, што ў горадзе на тым і на гэтым берагах ракі становіцца ўсё больш і больш кахання і шчасця.
     Так, у гэты дзівосны рамантычны вечар таямнічае святло жоўтага Месяца стварыла сапраўдны цуд, таму што яно зрабіла людзей лепшымі!
     І вось ужо над вячэрнім горадам нарадзілася адно вялікае светлае воблака, злітае з маленькіх аблачын. Яно становіцца ўсё больш і больш, выцясняючы цёмныя аблокі смутку і ўсяляючы ў душы людзей энергію радасці, кахання, творчасці, імкненне да дасканаласці.
     
      Гэтая казка на рускай мове
20.09.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100