Пяшчотны пацалунак на мяжы дня і ночы(казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пяшчотны пацалунак на мяжы дня і ночы(казка)
Пяшчотны пацалунак на мяжы дня і ночы(казка)
Штораніцы на тым боку Зямлі, дзе ўстае Сонца, прачынаецца і выходзіць з маленькага доміка маладая Царэўна светлага дня. Яна заплятае свае светлыя пухнатыя валасы ў доўгую да пят касу і мые белы тварык чыстай ключавой вадой. А ўвесь свет, абудзіўшыся ад сну, ужо чакае яе цудоўных песень.      І тады прыгажуня ідзе на прагулку, кожны раз выбіраючы для гэтага новую не вядомую ёй сцяжынку, каб палюбавацца на свет там, дзе яна яшчэ не была. Ніводная прагулка ў Царэўны дня не абыходзіцца без любых песень. Нібы звонкі ручаёк, ільецца-пераліваецца яе галасок. Ён так чысты, так ласкавы, такі пяшчотны, што кожная травінка, кожная кветачка, кожны кусцік, кожнае дрэўца, чуючы яго яшчэ здалёку, напаўняюцца шчасцем, радасцю і каханнем.
     Пасля шпацыру Царэўны дня сцяжынка, па якой яна прайшла, цудоўна расквітае і становіцца проста непазнавальнай. Настолькі прыгажэюць усе расліны, што растуць па абодва бакі ад яе. Яны надоўга запамінаюць песні сваёй Царэўны і захоўваюць іх у сваім сэрцы.
     Доўгі час Царэўна светлага дня не здагадвалася, што на іншым боку Зямлі, там, дзе на цёмным начным небе свецяць Месяц і зоркі, кожную ноч выходзіць на шпацыр Царэвіч цёмнай ночы. Гэты малады чалавек прыгожы і вельмі таленавіты. У яго цёмныя валасы, чорныя вочы і густыя, нібы два арліных крыла, бровы. Ён часта ўсміхаецца і вельмі добры. Гэтак жа, як і яна, Царэвіч любіць шпацыры па асветленых месяцовых святлом сцяжынкам. А Месяц кожны раз выбірае для яго новы шлях, каб даць яму магчымасць нацешыцца тым кутком Зямлі, дзе ён яшчэ не быў. Царэвіч цёмнай ночы гэтак жа, як Царэўна светлага дня, любіць спяваць. Яго песні вельмі падобныя на начныя серэнады, і марыць ён пра шчасце і каханне.
     Разгаварыліся неяк Сонца з Месяцам і вырашылі пазнаёміць Царэвіча з Царэўнай. Яны звялі іх разам на самай крайняй мяжы дня і ночы. Юнак і дзяўчына ўбачылі адно аднаго і закахаліся з першага позірку.
     З тых часоў прайшло нямала часу. Але Царэвіч і Царэўна так і не разлюбілі адно аднаго. Кожны раз яны сустракаюцца на самам краю дня і ночы, хоць для сваіх шпацыраў выбіраюць усе новыя і новыя сцежкі. Але як жа можа быць інакш? Гэта ж чулыя сэрцы маладых зводзяць іх разам, каб яны маглі пацалаваць і абняць адно аднаго на такой няўлоўнай, але чароўнай мяжы дня і ночы.
     
      Гэтая казка на рускай мове
20.09.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100