Чараўніцтва зорнай ночы (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чараўніцтва зорнай ночы (аповед)
Чараўніцтва зорнай ночы (аповед)
Па начным небе плылі белыя аблокі. Паміж імі скрозь сінь неба праглядвалі зоркі. Яны міргалі і клікалі да сябе. Хлопчык стаяў ля акна, глядзеў у неба і марыў. Яму вельмі хацелася стаць Чараўніком і навучыцца размаўляць з зоркамі…      Малады чалавек сядзеў на беразе возера. Ён адчуваў побач з сабой дыханне сваёй каханай, трымаў яе за руку і марыў, гледзячы ў начное неба. А па цёмным небе плылі белыя пухнатыя аблокі, і скрозь іх заўважаліся агеньчыкі-вочкі мільёнаў зорачак. Малады чалавек усміхаўся, зачараваны прыгажосцю зорнага неба, і марыў. Яму вельмі хацелася стаць Чараўніком, каб спазнаць сакрэты далёкіх, але такіх прывабных зорак…
     Пажылы чалавек сядзеў на ганку сваёй хаты і курыў. Ён імкнуўся расслабіцца пасля турбот працоўнага дня і глыбока ўдыхаў прахалоду летняй ночы. А тым часам над яго галавой па цёмна-сінім небе плылі белыя кучаравыя аблокі. Скрозь іх праглядвалі іскрынкі-зоркі і, здавалася, што яны аб чымсьці шапталі яму. Мужчына глядзеў угару на неабсяжныя абшары зорнага неба і марыў. Ён думаў пра тое, што калі б ён быў Чараўніком, то зоркі падказалі б яму, як стаць па-сапраўднаму шчаслівым…
     Каля акна, абапёршыся на падаконнік, стаяў высокі хударлявы стары. І хоць твар яго пакрывалі тысячы дробных маршчынак, вочы блішчалі і свяціліся маладосцю. Стары глядзеў у цёмнае начное неба, і сэрца пачашчана білася ў яго грудзях. Нікому на свеце ён бы не прызнаўся ў тым, што займала яго цяпер.
     Стары глядзеў на белыя пухнатыя аблокі, што плылі па небе, на яркія зоркі, якія клікалі яго туды, у невядомыя далячыні Сусвету, і марыў… Так, ён марыў, як калісьці ў далёкім дзяцінстве! Марыў так шчыра, так па па-дзіцячаму наіўна! Цяжка сказаць, ці марыў ён пра казку, ці пра рэальнасць. Але дакладна было толькі тое, што ён марыў пра тое, што заўсёды захоўвала яго сэрца. Ён марыў, што калі-небудзь стане Чараўніком у гэтым неабсяжным і загадкавым зорным свеце…
     У цемры ночы гарэлі агеньчыкі мільёнаў зорак. Стары глядзеў на неба і зусім не заўважаў, што святло самай яркай нябеснай зоркі ўжо падарыла яму Чараўніцтва. Гэта святло разлілося па падаконніку і забралася ў шклянку з вадой, якая стаяла на акне. Стары ўзяў шклянку, адпіў некалькі глыткоў вады і, шчасліва ўсміхнуўшыся, адышоў ад акна.
     
      Гэтая казка на рускай мове
17.09.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100