Песні на шчасце - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Песні на шчасце
Песні на шчасце
     
     На добрую памяць аб Антуан де Сэнт-Экзюпері
     
Не першы год Алекс лятаў па абшарах Сусвету. Адлегласць ад адной планеты да іншай ён перасякаў на працягу некалькіх гадзін на любым Промні. Так лётчык называў свой суперхуткасны самалёт, паверхня якога зіхацела на Сонцы, як найзыркі сонечны прамень. Здавалася, што малады чалавек вывучыў усе сцежкі і дарогі ў свеце зорак і ведаў пра іх усё.      Аднойчы раніцай, прачнуўшыся, ён імгненна ўспомніў свой сон. Было зусім відавочна, што яго мозг атрымаў інфармацыю з космасу і такім чынам, праз сон, перадаваў яе яму. Маленькая планета, пяцьсот трэцяя па ліку з левага боку Сусвету, клікала яго на дапамогу.
     Так, Алекс часта дапамагаў планетам, ратаваў ад катастроф. Ён ведаў, што трэба зрабіць у тым ці іншым выпадку, і планеты лічылі яго сваім доктарам. Таму, калі здаралася бяда, яны пасылалі яму сігналы "SOS".
     Вядома ж, Алекс хутка сабраўся і паляцеў. Кірунак палёту быў прызначаны ў сне. Неўзабаве лётчык дабраўся да "аб'екта" і пасадзіў самалёт.
     Планета аказалася на здзіўленне маленькай і зусім пустой. Першае, што Алекс убачыў на ёй, было некалькі патухлых вулканаў. Што ж тут адбылося? Хто клікаў яго? З лёгкасцю пераступіўшы на іншы бок планеты, Алекс убачыў тую істоту, якая, хутчэй за ўсё, мела патрэбу ў яго дапамозе.
     Гэта была Ружа. Яна расла ў сухім пяску і памірала ад смагі. Галоўка беднай кветкі схілілася на бок, а пялёсткі былі гатовыя разляцецца ў розныя бакі. "Яе тэрмінова трэба паліць!" – зразумеў Алекс. Недалёка ад Ружы ён заўважыў палівачку, напоўненую вадой. Хто і калі яе тут пакінуў, было не вядома. Алекс узяў палівачку і паліў кветку. Ружа тут жа ажыла, падняла галоўку і, глыбока ўздыхнуўшы, прамовіла:
     – Нарэшце я напілася воды! Дзякуй добраму чалавеку за дапамогу! Я ведаю, цябе паклікала мая планета. Я чакаю Яго сто з лішнім гадоў, – працягвала тлумачыць кветка, – але, напэўна, ён ужо не вернецца ніколі. Мы жылі вельмі дружна. Ён кахаў мяне і заўсёды паліваў з гэтай палівачкі, а я пахла і з пяшчотай звала яго сваім Маленькім Прынцам. У нас была самая лепшая песня ў Сусвеце. Кожны вечар мы спявалі яе разам, а суседкі-зоркі слухалі нашы галасы і пасылалі нам у падзяку яркае святло. Мы былі шчаслівыя! Здавалася, усё гэта будзе працягвацца вечна! Але аднойчы з далёкай планеты да нас данеслася мелодыя незнаёмай песні. Яна вельмі спадабалася майму сябру. Ён сказаў мне, што толькі злятае на гэту планету, каб паслухаць новую песню і абавязкова вернецца. Я паверыла і адпусціла яго. Але ён так і не вярнуўся. Колькі разоў я клікала яго, але Маленькі Прынц не жадае чуць мяне альбо настолькі зачараваны новай песняй, што зусім забыўся пра мне.
     Пасля гэтых слоў Ружа горка заплакала. Алексу стала шкада бедную кветку, і ён паабяцаў, што зараз жа злятае на тую планету і разведае ўсё пра Маленькага Прынца.
     І вось яго самалёт ізноў ляціць, але ўжо да іншай далёкай планеты, дарогу да якой прызначыла Ружа. Калі тая планета, на якой жыла Ружа, была маленькая, як мячык, дык гэта, насупраць, аказалася велізарнай, як паветраны шар. Алекс знайшоў на ёй незлічонае мноства патухлых вулканаў, высахшых мораў і рэк. Так! На планеце не было вады гэтак жа, як і якой-небудзь расліннасці. На ёй толькі ўзвышаліся горы і ўзгоркі, а вецер разносіў пыл з пяском у розныя бакі.
     Некалькі гадзін блукаючы па гарачых пясках і не адшукаўшы на іх нічога, акрамя калючак, Алекс падумаў, што Ружа памылілася. Ён ужо вырашыў вяртацца назад, але раптам з-за ўзгорка да яго данёсся невыразны гук. Падышоўшы бліжэй, Алекс убачыў Маленькага Прынца. Павярнуўшыся спіной, малы сядзеў на камені і штосьці напяваў. Яго светлыя пухнатыя валасы развяваліся на ветры, а вочы былі накіраваны ў адну кропку на пяску. Ён, быццам зачараваны, нічога не заўважаў вакол сябе. Алекс падышоў бліжэй і сказаў:
     – Маленькі Прынц! Твая Ружа памірае ад тугі! Няўжо ты пра яе забыўся!
     Маленькі Прынц здрыгануўся, быццам ачуўшыся ад глыбокага сну, і паглядзеў на лётчыка.
     – Ружа! Мая бедная Ружа! Як жа я мог забыцца пра яе! – усклікнуў ён. – Я абяцаў ёй вярнуцца. Колькі часу прайшло з таго часу, як я тут сяджу? – спытаў ён.
     – Сто гадоў.
     – Не, гэтага не можа быць! Песня зачаравала мяне. Я не мог ад яе адарвацца. Вядома ж, я вазьму яе на сваю планету і падару маёй Ружы. Можа тады яна даруе мне!
     Праз некаторы час Алекс з Маленькім Прынцам вярнуліся на маленькую планету. Там іх чакала адзіная жывая кветка. Ружа адразу ж даравала свайму сябру. Як жа ёй было не дараваць каханаму, калі ён прывёз ёй такі выдатны падарунак – новую вельмі прыгожую песню.
     І зноў на маленькай планеце запанавала шчасце. Цяпер штораніцы ва ўсе бакі Сусвету разносяцца пяшчотныя гукі новай песні Маленькага Прынца і Ружы, ад якой у іх суседзяў – зорак і планет узнімаецца настрой. А па вечарах сябры не забываюць і пра сваю старую добрую песню, якая калісьці даўно злучыла іх разам і падарыла каханне.
     
      Гэтая казка на рускай мове
16.09.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100