Камень на шчасце (казка-прытча) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Камень на шчасце  (казка-прытча)
Камень на шчасце (казка-прытча)
Колькі на нашай планеце розных камянёў – вялікіх і маленькіх! Імі абсыпаны лясы і палі, нават на дне мораў, рэк, азёр іх вялікае мноства. Ды і горы цалкам складаюцца з каменных глыб.      Шмат стагоддзяў запар шэрыя Камяні-валуны ляжалі на зямлі, абрасталі мохам, абточваліся вадой і з цягам часу станавіліся больш мудрэйшымі. Як жа тут не стаць мудрым, калі бясконца ляжыш на адным і тым жа месцы, усё думаеш і думаеш, але нікому да цябе, цвёрдай знежывелай глыбы, няма ніякай справы!
     Толькі жыццё на Зямлі не стаіць на месцы. Яно відазмяняецца. Кожны год увесну ажывае зямная прырода: расцвітаюць дрэвы, кусты, на лясных палянках распускаюцца яркія вельмі прыгожыя кветкі. Людзям падабаецца заўсёдашняе абнаўленне прыроды. Яны любяць жывыя яркія фарбы прыроды, якія ствараюць прыемныя ўражанні.
     Назіралі за ўсім гэтым старыя і зусім не цікавыя з выгляду, але вельмі мудрыя Камяні-валуны. З нуды ці з зайздрасці сталі яны жаліцца сваім стваральнікам – Зямлі, Вадзе і Паветру:
     – Зрабіце што-небудзь, – прасілі Камяні-валуны, – каб і мы прыносілі людзям радасць і задавальненне.
     Задумаліся Зямля, Вада, Паветра і вырашылі паспрабаваць дапамагчы мудрым Камяням, зрабіць іх жыццё шчаслівейшым. Адкрылі яны ў нетрах Зямлі "Майстэрню па вырабу каштоўных камянёў". Нікому свайго сакрэту "творцы" не выдалі, зачыніліся за сям'ю замкамі і ўзяліся за работу.
     Неўзабаве нарадзіліся плады іх творчасці ў выглядзе выдатных крышталёва чыстых рознакаляровых каштоўных камянёў.
     – Гэтыя новыя камяні мы падорым высакародным і сумленным людзям. Няхай чалавек возьме той камень, які дарагі яго сэрцу, – вырашылі "творцы". – І тады гэты каштоўны камень верне яму сілу, упэўненасць у сабе, прынясе поспех і падорыць шчасце.
     З тых часоў шмат розных каштоўных камянёў падарылі Зямля, Вада і Паветра людзям. Кажуць, што самым годным зоркія Арлы прыносяць у сваіх дзюбах чыстыя крышталі дыяментаў. Часам людзі самі знаходзяць свае каштоўныя камяні – ізумруды, рубіны, сапфіры, гранаты, бірузу. Яны берагуць іх і трымаюць ля свайго сэрца.
     Ды і не толькі ў нетрах Зямлі ствараюцца чароўныя камяні. У вытворчасці некаторых з іх бярэ ўдзел само Сонца. Яго прамяні пранікаюць у ствалы прыбярэжных хвой і, змешваючыся з сокам дрэў, ствараюць залацістую цягучую вадкасць. Сцякаючы па дрэвах уніз і абмываючыся марской вадой, яна ператвараецца ў кавалачкі сонечнага каменя – бурштыну. Людзі сплятаюць ярка-жоўтыя каменьчыкі ў каралі і носяць на шыі і запясцях. А сонечныя камяні дораць ім здароўе і шчасце.
     Вседа прыемна насіць упрыгожванне з каштоўнага каменя, які дапамагае табе стаць упэўненым у сабе, моцным, бадзёрым і энергічным, а, магчыма, нават стане тваім Каменем-талісманам на ўсё жыццё.
     
      Гэтая казка на рускай мове
16.09.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100