Водар зямных кветак - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Водар зямных кветак
Водар зямных кветак
Цімур пакахаў Афрадыту. Ён, зямлянін, яна з планеты Рай. Іх раман доўжыўся цэлы зямны год, на Раі гэта і таго больш – пяць райскіх гадоў. А пазнаёміліся маладыя людзі праз службу знаёмстваў касмічнай сувязі. І вось, нарэшце, хлопец і дзяўчына сабраліся пажаніцца. Цімур вырашыў, што паляціць жыць да Афрадыты на яе планету. Год на гэтай планеце ў пяць разоў карацей, чым на Зямлі. Але Цімур не думае, што раней састарэе. Ён будзе жыць столькі ж, колькі б жыў на Зямлі, бо гэта ўсё закладзена ў ім генетычна ад бацькоў.      Учора Цімур размаўляў з Афрадытай. Яго нявеста папрасіла прывезці ёй з Зямлі жывыя кветкі – ландышы. Яна хоча развесці іх на сваёй планеце.
     – Ландышы вельмі прыемна пахнуць. У маёй бабулі ёсць старадаўняя бутэлечка з духамі. Яна кажа, што пах у зямных ландышаў менавіта такі, бо духі калісьці даўно былі прывезены з Зямлі. На нашай планеце няма кветак, якія валодалі б такім далікатным тонкім водарам, – тлумачыла Цімуру Афрадыта.
     Яе бабуля не падманула. Сапраўды продкі Афрадыты былі зямлянамі. На планету Рай яны перасяліліся дзвесце гадоў таму назад.
     На наступны дзень малады чалавек адправіўся выконваць пажаданне сваёй нявесты. Але ні ў кветкавай краме, ні на рынку ён не знайшоў кветак з такой назвай.
     – Вы не ведаеце, дзе можна купіць ландышы? – спытаў ён у бабулькі на рынку.
     – Не, не ведаю. Я чула, што ў былыя часы такія кветкі раслі ў лесе. Напэўна, цяпер іх ужо нідзе не знойдзеш. Можа быць, іх знішчылі, альбо яны самі зніклі. Цяжка сказаць!
     Збянтэжаны, Цімур адправіўся ў батанічны сад.
     – Гэта вельмі рэдкая, зніклая расліна. Гадоў дзвесце пяцьдзесят таму назад яе яшчэ можна было сустрэць у лесе ці на садовым участку. Але ўжо ў той час травеньскі ландыш занеслі ў Чырвоную кнігу, таму што людзі бязлітасна знішчалі гэтую расліну. І ўсё з-за цудоўнага водару, якім маленькія сціплыя кветачкі напаўнялі вясновыя лясы, – распавялі хлопцу працаўнікі батанічнага сада.
     Пасля такога пераканаўчага адказу Цімур не ведаў, што яму яшчэ зрабіць і расказаў пра ўсё свайму сябру Вадзіму. Нечакана, той даў яму слушную параду:
     – Напішы аб'яву ў інтэрнэце. А раптам знойдзецца які-небудзь дзівак, які захоўвае гэту кветку для нашчадкаў.
     Аказалася, што Вадзім мае рацыю. Ужо на наступны дзень Цімур атрымаў адказ на хвалюючае пытанне. У аднаго калекцыянера знайшлося насенне ландыша. Але ён запрасіў за яго шалёную цану, бо гэта сапраўдная зямная рэліквія, захаваная яго прабабулямі.
     На што толькі не пойдзеш дзеля каханай дзяўчыны! Цімур знайшоў патрэбную суму і купіў насенне, але ўсяго толькі пяць сямян.
     "Узыдуць ці не?" – засумняваўся хлопец, бо захоўвалася насенне цэлых дзвесце пяцьдзесят гадоў!
     – Мілы! Прывозь насенне, яно ўзыдзе, я ўпэўнена. Тут, на маёй планеце, вельмі добрая ўрадлівая глеба, – сказала яму каханая дзяўчына.
     Вось так і вырашылася пытанне з ландышамі. Падумаўшы, Цімур аддаў Вадзіму адно маленькае семя ландыша і папрасіў пасадзіць у зямлю. А раптам яно прарасце, тады і на Зямлі зноў будуць цвісці гэтыя выдатныя кветкі!
     Прайшлі тры гады. Цімур перасяліўся на планету Рай і жыве там разам з жонкай Афрадытай у маленькай хатцы, зусім не падобнай на зямныя хаты. Вокнаў у ёй няма, сцены хаты празрыстыя і прапускаюць не толькі святло, але і паветра. Аднак, жыць у такой хаце камфортна. Гэтыя сцены так зроблены, што тэмпература ў пакоях заўсёды падтрымліваецца на адным узроўні.
     Увесну ў садзе каля хаткі расцвітаюць ландышы, якія прараслі з зямнога насення. Кветкі нашмат буйнейшыя за зямных, але чамусьці зусім не пахнуць. Мабыць пах гэтых кветак толькі зямны здабытак.
     На Зямлі Вадзім здолеў вырасціць і размножыць ландышы з адзінага насення. Кветкі растуць пакуль што толькі ў вялікай скрыні на яго балконе. Затое пахнуць цудоўна! Дзякуючы гэтаму водару, Вадзім пасябраваў з Ленай, суседкай па паверсе. Дзяўчына даведалася пра кветкі і стала часта завітваць да іх гаспадара. Зараз яны хочуць удваіх развесці ландышы ў бліжэйшым лесе.
     – Няхай у наш лес вернецца іх цудоўны непаўторны водар. Я думаю, што людзі будуць гэтаму вельмі рады, – кажа Лена. – Цяпер усе сталі больш абачлівымі, уважлівей ставяцца да багаццяў нашай зямной прыроды. Людзі імкнуцца берагчы яе. І я не думаю, што такія рэдкія кветкі яны будуць знішчаць так, як гэта рабілі нашы продкі дзвесце пяцьдзесят гадоў таму назад.
     
      Гэты аповед на рускай мове
23.08.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100